СМІ — тут і там

Творчую паездку групы беларускіх журналістаў да сваіх калег у Польшчу і Данію, што адбылася на мінулым тыдні, можна было б лічыць звычайнай паездкай па абмену вопытам, калі б не шакуючыя кантрасты сітуацыі са свабодай слова, са становішчам СМІ: тут — у нас, і там — у іх.
 



Сумнае асэнсаванне на ўласныя вочы магчымага, але страчанага ў Беларусі. І рэалізаванага ў Польшчы на ўзроўні абсалютна адпавядаючым стандартам краін сталай дэмакратыі. У гэтым мы маглі пераканацца і ў рэдакцыях вядучых СМІ Даніі.

Драматычны разрыў часу. Але не безнадзейны. Той жа досвед польскіх і дацкіх СМІ даў нам дадатковую наглядную магчымасць пабачыць, што беларускія незалежныя СМІ не толькі здолелі выстаяць пад рэпрэсіямі аўтарытарнага рэжыму, але і не адстаць ад сучаснасці. Як па якасці журналізму, так і ў выкарыстанні новых тэхналогій. Ёсць адрозненні ў маштабе і магчымасцях. 20 гадоў страчаны не безнадзейна. Незалежныя беларускія СМІ — не толькі выспа свабоднага слова ў Беларусі, але патэнцыйна яшчэ і камунікацыйны масток праз прорву часу, ад мінулага да будучага. З другой спробы, калі ёй наканавана быць.

Стартавыя магчымасці для свабоднага развіцця польскіх СМІ адкрыліся раней, чым для беларускіх. Дакладней, яны былі той сілай, якая ў агульным дэмакратычным польскім руху забяспечвала гэты прарыў да незалежнасці і свабоды. Яшчэ ў падполлі, у адпаведным фармаце.

Своеасаблівым сімвалам гэтага прарыву і адначасова яго прадуктам можна лічыць выданне “Gazeta Wyborcza, першы нумар якой быў, па сутнасці, улёткай. А сёння гэта адна з вядучых польскіх газет і адначасова — трэці па велічыні інтэрнэт-партал (150 сайтаў, 11 мільёнаў унікальных уваходаў за месяц). 450 супрацоўнікаў. Рэдакцыя “Gazeta Wyborcza была сярод першых, хто зразумеў магчымасці інтэрнэту і падняўся на яго хвалі.

У Беларусі напрыканцы 1980-х гадоў падпольнага друку не існавала. Гэтак жа, як і дэмакратычнага руху. Свабода прэсы адкрылася перад беларускімі СМІ з перабудовай і абвешчанай у яе рамках галоснасцю. Дзяржаўныя СМІ разняволіліся. А поруч, літаральна ў адзін момант, узніклі больш за 200 незалежных, у тым ліку прыватных, СМІ. Да 1994 года — росквіт, пасля 1994 — метадычная ліквідацыя. Тыя незалежныя СМІ, што выстаялі, сёння знаходзяцца амаль у падпольных умовах, вельмі падобных да польскай сітуацыі часоў сацыялізму. Але з істотнымі адрозненнямі. Гэта — не ўлёткі. Гэта паўнавартасныя папяровыя газеты, агульны штотыднёвы тыраж якіх — агульнанацыянальных і рэгіянальных — сягае да 150 тысяч. І яшчэ — незалежныя сацыяльна-палітычнага зместу сайты ў інтэрнэце, агульная колькасць наведвальнікаў якіх, па лічыльніку Акавіта, каля 1 мільёна.

Тыповым прыкладам трансфармацыі польскіх дзяржаўных СМІ ў свабодныя можа служыць развіццё газеты “Rzeczpospolita, заснаванай яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яна мянялася пад рэжымы, але толькі пасля падзення савецкай сістэмы знайшла свой твар, сваю пазіцыю. Не ёй даюцца ўказанні зверху, а яна ўплывае на пазіцыю палітыкаў, мае свае тэлебачанне (NTV-24), якое глядзяць у колах, што прымаюць рашэнні.

Па кантрасту — трансфармацыя “Савецкай Беларусі — ад хістанняў напачатку 1990-х да пераўтварэння ў галоўную прэзідэнцкую газету, без права на сваю пазіцыю. Тыраж якой (як і іншых дзяржаўных выданняў) забяспечваецца з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу.

Другі кантрастны шэраг: развіццё Польскага агенцтва прэсы (ПАП) і БЕЛТА. Абодва захавалі старую назву. Але ПАП сёння — сапраўды незалежнае агенцтва, якое забяспечвае сябе само, без дзяржаўных датацый. 289 журналістаў, 22 аддзяленні ў рэгіёнах і 30 супрацоўнікаў у іншых краінах. ПАП — вядучы пастаўшчык навін. Як падкрэсліў у размове з намі намеснік галоўнага рэдактара PAP–Media Міраслаў Харасім, “аб’ектыўная інфармацыя — наш галоўны прынцып, таму ўсе віды СМІ, ад левых да правых, па ўласнай волі карыстаюцца нашай інфармацыяй. І БЕЛТА, якое ўтрымліваецца на датацыях з дзяржаўнага бюджэту, і да інфармацыі якога звяртаюцца як індыкатара пазіцыі ўладаў.

У чыстым выглядзе новае СМІ нам паказалі ў рэдакцыі wp.pl (віртуальнае польскае). Гэта першы ў Польшчы інтэрнэт-партал. 400 супрацоўнікаў, каля 12 мільёнаў наведвальнікаў на працягу месяца, які прачытваюць 2,2 мільярда старонак. Лідар у сферы навін і публіцыстыкі. На пятым месцы ў свеце. У структуры партала — два палітычныя сайты: адзін “нармальны, як з гумарам ахарактарызаваў яго праграмны дырэктар партала Станіслаў Уліцкі, другі — крымінальны, а таксама два спартыўныя сайты.

Высакаякаснае інтэрнэт-тэлебачанне, якое базуецца на дзвюх канцэптуальных платформах — сур’ёзнай і гумарыстычнай. І многае, многае іншае.

Параўнальную паралель можна правесці з нашым парталам tut.by, зноў жа, з папраўкай на маштаб і заціснутыя абцугамі дзяржаўнага кантролю магчымасці развіцця.

Нашу сітуацыю і польскія, і дацкія калегі дастаткова добра ведаюць. І асвятляюць у сваіх СМІ. Наколькі могуць, у адпаведнасці з інфармацыйнымі нагодамі. І шчыра зычаць нам свабоды слова.
 

Каментаваць