Смерць афіцыйнага міфа

На Усходзе Украіне, на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Расіі «чалавек савецкі» працягвае колькасна дамінаваць. Але яго цягнік сышоў. Скочыць у апошні вагон ён не паспеў, дый не здолеў бы, нават калі б вельмі пастараўся.



Разруха, як вядома, не ў клазетах... З фашыстамі тая ж гісторыя. Яны не ва Украіне, яны ў галовах гледачоў расійскіх тэлеканалаў.

Украіна — «братская нам страна, с которой у нас большая и славная общая история». Так лічыць галоўны персанаж маіх «азбук паліталогіі». «Украину принято делить, резать пополам — Восточная и Западная. Знаете, еще совсем молодым человеком я служил на границе и исколесил всю Украину Западную по границе — Ужгород, Львов. Вот тогда я впервые почувствовал и увидел, что такое Украина. Это красивые, очень трудолюбивые, порядочные люди».

Да нядаўняга часу аспрэчваць такія характарыстыкі Украіны і ўкраінцаў ніхто б у Беларусі не наважыўся. Але ў чэрвені 51% беларусаў пагадзіўся з тым, што вельмі блізкі нам народ спарадзіў у Кіеве ўладу фашыстаў (тут і далей дадзеныя НІСЭПД).

Словы-этыкеткі

Радзіма фашызму — Італія. Аднак у нас паняцце «фашызм» грамадская свядомасць цесна звязала з гітлераўскай Германіяй. Я доўга не мог зразумець прычыну такога паліталагічнай казусу, пакуль не паслухаў гутарку па onlinetv.ru з гісторыкам Іллём Жэніным.

Уявіце сітуацыю, у якой апынуліся ідэолагі СССР у гады Другой сусветнай вайны. Іх смяротны вораг таксама будаваў сацыялізм, і гэтую гістарычную працу ён рабіў пад кіраўніцтвам Нямецкай нацыянал-сацыялістычнай партыі.

Гітлер, як і належыць нацыянальнаму лідару (фюрэру), карыстаўся падтрымкай працоўнага класа, самага масавага і самага перадавога (па Марксу) класа першай паловы XX стагоддзя. Свой варыянт партыі «новага тыпу» ён стварыў не з чыстага ліста. Папярэдніцай Нямецкай нацыянал-сацыялістычнай партыі была Нямецкая рабочая партыя слесара Антона Дрэкслера.

Вернемся ў Беларусь. Што пад «фашызмам» разумее тыповы прадстаўнік нашай талерантнай «большасці»? Я не раз спрабаваў атрымаць адказ на гэта пытанне, і кожны раз мае суразмоўцы аказваліся ў становішчы сараканожкі з вядомага анекдота.

Словы «фашыст» і «фашызм» для постсавецкага чалавека азначаюць абсалютнае Зло. Гэта словы-этыкеткі. Каб замацоўваць іх у грамадскай свядомасці, неабходна ўспрымаць кагосьці ці штосьці ў якасці каштоўнасна (анталагічна) чужога.

Падзеі на Еўрамайдане разбурылі афіцыйны міф пра культурнае адзінства трох славянскіх народаў. На ўзроўні падсвядомасці беларусы заўсёды сумняваліся ў тым, што «прыгожыя, вельмі працавітыя, прыстойныя людзі» з Ужгарада і Львова блізкія ім па нацыянальным характары, культуры і традыцыях. У чэрвені 2013 года такую ступень блізкасці з украінцамі адзначылі 5% беларусаў, блізкасць з палякамі — 10% (у два разы больш), блізкасць з рускімі — 47% (у дзевяць разоў больш!).  

Дастаткова адной прыкметы

Каб не апынуцца ў становішчы сараканожкі, прыгледзімся да фашызму. А дапаможа нам чалавек, у чыёй кампетэнтнасці сумнявацца не даводзіцца. Я маю на ўвазе бацьку-заснавальніка фашызму Беніта Мусаліні. Яго вызначэнне фашызму лічыцца класічным: «Усё ў дзяржаве, нічога па-за дзяржавай, нічога супраць дзяржавы».

Як гэта разумець? Напрыклад, існуе грамадская праблема, якую можна вырашыць двума ўзаемавыключальнымі спосабамі: шляхам узмацнення або, наадварот, паслаблення ролі дзяржавы. Калі мы выбіраем першы шлях, то робім невялікі крок у бок фашызму. Адзін крок, безумоўна, не ператварае нас у паслядоўнікаў італьянскага дучэ.

Але «нават шлях у тысячу лі, — сцвярджаў Лаа-цзы, — пачынаецца з першага кроку». І калі гэты крок быў зроблены ў кірунку ўзмацнення дзяржавы, то наступныя крокі прывядуць нас у краіну, у якой «Народ паўстае як маналітнае адзінства, якое выказвае сукупную волю», а «Правадыр прэтэндуе на тое, каб прамаўляць ад імя ўсіх».

Гэтыя дзве характарыстыкі Народа і Правадыра я запазычыў у італьянскага філосафа і пісьменніка Умберта Эка. Яго артыкул «Вечны фашызм» кожны ахвочы за пару клікаў можа адшукаць у інтэрнэце.

Прывяду яго ўступны абзац: «У 1942 годзе, ва ўзросце 10 гадоў, я заваяваў першае месца на алімпіядзе Ludi Juveniles, якая праводзілася для італьянскіх школьнікаў-фашыстаў (гэта значыць, для ўсіх італьянскіх школьнікаў). Я спадобіўся з рытарычнай віртуознасцю развіць тэму «Ці павінны мы памерці за славу Мусаліні і за несмяротную славу Італіі?» Я даказаў, што павінны памерці. Я быў разумны хлопчык».

Разумнаму хлопчыку спатрэбілася тры гады, каб зразумець, «ад чаго менавіта нас вызвалілі» ў 1945-м. Вызвалілі, між іншым, амерыканцы.

Сваё разуменне фашызму былы пераможца школьнай алімпіяды ўжо ў сталыя гады абагульніў у 14-ці тыповых характарыстыках фашызму, адразу пазначыўшы, што «дастаткова наяўнасці нават адной з іх, каб пачынаў кандэнсавацца фашысцкі туман», наяўнасць жа 6–7 прыкмет здольная выклікаць эфект «снежнага камяку».

Прапаную дапытлівым чытачам самастойна накласці 14 прыкмет фашызму Умберта Эка на працэсы, якія адбываюцца ўнутры славянскага трыкутніка (Беларусь — Расія — Украіна). Цікава, якая з яго вяршыняў апынецца ў лідарах па колькасці тыповых характарыстык?  

 

Самыя небяспечныя ворагі — унутраныя

Калі ў галавы сям’і на працы здараюцца непрыемнасці, ён адыгрываецца на жонцы і дзецях. Псіхолагі ў такіх выпадках кажуць пра зрушаную агрэсію. Акт зрушанай агрэсіі можа быць ажыццёўлены ў дачыненні да чалавека або прадмета, што трапіліся пад руку, але аб’ект агрэсіі можа быць абраны і адмыслова. Важна, каб з яго боку не было дзеяння ў адказ.

Беларусы, якія ўспрымаюць украінскую ўладу ў Кіеве як фашысцкую, нагадваюць мне галаву сям’і з прыведзенай вышэй бытавой гісторыі. А калі гэта так, то варта разабрацца, якія непрыемнасці справакавалі ў «рускіх са знакам якасці» агрэсію, і чаму яны перанеслі яе на сваіх паўднёвых суседзяў.

Аснову беларускага грамадства па-ранейшаму складае «чалавек савецкі». Галоўнай характарыстыкай гэтага сацыяльнага тыпу выступаюць архаічныя, прымітыўныя ў сваёй аснове міфалагізаваныя ўяўленні. Менавіта на іх аснове выстройваюцца механізмы кансалідацыі грамадства праз вобраз ворага, праз рост негатыву да ўсіх, хто не выказвае сімпатый да кіраўніцтва дзяржавы, да ўсіх, чужых, вельмі разумных і проста іншых.

Безумоўна, паводле ўзроўню ксенафобіі беларусам далёка да расіян. Калі ў 1989 годзе, калі УЦДГМ (ВЦИОМ) распачаў першыя агульнанацыянальныя апытанні, наяўнасць ворагаў адзначалі 13% расіян, а сёння — 78%. Адпадаюць толькі тыя, хто не глядзіць тэлевізар, ледзь пісьменны, і наогул адарваны ад усяго.

Узровень і структура айчыннай ксенафобіі прадстаўлены ў табліцы. Самыя небяспечныя ворагі для беларусаў не знешнія, а ўнутраныя (13% vs. 29%). Здзіў­ляцца гэтаму не даводзіцца. На статус «вялікай дзяржавы» беларусы не прэтэндуюць, а вось пра наяўнасць у краіне «пятай калоны» ім пастаянна нагадвае адзіны палітык.

За апошнія тры гады ўзровень ксенафобіі прыкметна вырас. Гэта прамое следства бурных падзей на Украіне, якія большасць беларусаў успрымае ў інтэрпрэтацыі расійскіх тэлеканалаў. У чэрвені 65% рэспандэнтаў заявілі, што атрымліваюць інфармацыю пра падзеі ва Украіне з расійскіх тэлеканалаў. Беларускія інтэрнэт-сайты як крыніца аналагічнай інфармацыі канкурэнцыю «скрыні» не склалі. Іх адзначылі толькі 15%. І гэта нягледзячы на тое, што колькасць актыўных карыстальнікаў інтэрнэтам у Беларусі ўшчыльную наблізілася да 60%.

 

Цягнік сышоў

Беларуская мадэль, у якой аўтарытарная ўлада выступае не ў якасці рэгулюючага органа, а як гаспадар краіны, служыць «чалавеку савецкаму» своеасаблівым пажыўным булёнам. За гэты булён ён і галасаваў летам 1994 года, калі быў выкінуты на бераг рынку і дэмакратыі пасля развалу СССР.

Для «чалавека савецкага» зусім невыносным і самым страшным з’яўляецца выпрабаванне нявызначанасцю. Нявызначанасць спараджае адчуванне хаосу. Яна не проста прыгнятае, яна штурхае да істэрыкі. Пазбаўлены ўнутраных апірышчаў, такі сацыяльны тып чалавека імкнецца далучыцца да «полюсу парадку». Моцная патэрналісцкая дзяржава на чале з нацыянальным лідарам (правадыром, фюрэрам, дучэ і далей па спісе) аказваецца тут па-за канкурэнцыяй.

Таму Еўрамайдан наш персанаж успрыняў як смяротную пагрозу для далейшага існавання «пажыўнага булёну». Паверыць, што гэтая пагроза зыходзіць ад «красивых, очень трудолюбивых, порядочных людей» было не так лёгка. Таму ў студзені падзеі ва Украіне 37% беларусаў ацанілі як «суб’ектыўны працэс, выкліканы прымяненнем палітычных тэхналогій з боку Захаду і слабасцю ўлады».

Варта адзначыць, што роўна столькі ж прыхільнікаў апынулася ў супрацьлеглай ацэнкі: «Гэта аб’ектыўны працэс, выкліканы незадаволенасцю народа палітыкай уладаў». Але такая роўнасць была зафіксавана ў студзені, г.зн. да вострай фазы палітычнага супрацьстаяння, якая завяршылася расстрэлам дэманстрантаў снайперамі і ўцёкамі прэзідэнта Януковіча. 

 

* * *

На Усходзе Украіне, на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Расіі «чалавек савецкі» працягвае колькасна дамінаваць. Але яго цягнік сышоў. Скочыць у апошні вагон ён не паспеў, дый не здолеў бы, нават калі б вельмі пастараўся.

Тое, што мы сёння назіраем, ёсць не што іншае, як агонія. Агонія сацыяцэнтрычнай культуры, якая адпрэчвае чалавечую асобу як найвышэйшую каштоўнасць.

Каментаваць