Справа анархістаў

Справа анархістаў, якіх абвінавацілі ў падпале расійскай амбасады, здаецца рымейкам справы 3 ліпеня: ідуць масавыя аблавы без аніякага канкрэтнага выніку. Аднак пэўныя наступствы для грамадскага палітычнага жыцця краіны гэта зачыстка анархічнай сцэны будзе мець.

Як вядома, Максім Багдановіч, калі вучыўся ў яраслаўскай гімназіі, захапляўся ідэямі анархізму і нават змайстраваў нешта накшталт бомбы, якую ўзарваў у сценах альма матэр. Усё закончылася выклікам да дырэктара.



Справа анархістаў, якіх абвінавацілі ў падпале расійскай амбасады, здаецца рымейкам справы 3 ліпеня: ідуць масавыя аблавы без аніякага канкрэтнага выніку. Аднак пэўныя наступствы для грамадскага палітычнага жыцця краіны гэта зачыстка анархічнай сцэны будзе мець.

Як вядома, Максім Багдановіч, калі вучыўся ў яраслаўскай гімназіі, захапляўся ідэямі анархізму і нават змайстраваў нешта накшталт бомбы, якую ўзарваў у сценах альма матэр. Усё закончылася выклікам да дырэктара.

Страшна ўявіць сабе, які лёс чакаў бы будучага класіка беларускай літаратуры, калі б ён зладзіў штосьці такога кшталту ў цяперашняй Беларусі. Яго б на сто працэнтаў выключылі з навучальнай установы, а пры наяўнасці доказаў арганізацыі выбуху адправілі б на нары. Калі б доказаў не знайшлося, то папросту па факту знойдзеных пры вобшуку твораў Бакуніна запісалі б у тэрарысты, арыштавалі і пасадзілі ў тагачаснае мясцовае Акрэсціна. І трымалі б за кратамі па схеме, якой няма ні ў адным падручніку па праву: кожныя тры дні працягвалі б тэрмін арышту, прад’яўляючы ўсе новыя абвінавачанні.

Пры параўнанні дзвюх апісаных мадэляў барацьбы з маладымі лібертарыямі (так называюць сябе самі анархісты) «дарэвалюцыйная» выглядае значна больш эфектыўнай. Той жа Багдановіч, хаця і захаваў левыя антыманархічныя погляды, хутка «перахварэў» анархізмам і падаўся ў літаратары.

Што да беларускай дзяржавы, то яна сваімі нязграбнымі дзеяннямі супраць анархічнай тусоўкі атрымала комплекс праблем. Іх наступствы, натуральна, не будуць для яе фатальнымі, аднак сваю ролю ў працэсе дэмантажу сістэмы адыграюць.

Пакінем за рамкамі той момант, што анархізм — гэта дактрына, якой, каб існаваць, у адрозненні ад тэорый рынкавага сацыялізму, не патрэбныя інстытут ідэалагічных работнікаў, штучна створаная стотысячная арганізацыя «Белая Русь», прымусовая падпіска на адпаведныя выданні, свае каналы на тэлебачанні. Ідэі сацыяльнай роўнасці, наўпроставай дэмакратыі выжывалі нават у самых аўтарытарных краінах, кшталту нацысцкай Германіі і СССР. У гэтым сэнсе знішчыць анархічны андэграўнд у Беларусі апрыёры нельга.

Галоўны промах, які зрабілі тыя, хто замовіў зачыстку, звязаны з характарам анархічнага руху. Дзяржава мае справу з моладзевай субкультурай, а не са звычайнай палітычнай арганізацыяй. Анархізм у якасці больш-менш структурна арганізаванага руху спыніў сваё існаванне ў Беларусі прыблізна на пачатку гэтага стагоддзя, калі паступова сышла са сцэны Федэрацыя анархістаў Беларусі (ФАБ).

ФАБ, якая была створана ў 1992 годзе, арыентавалася на фармат няўрадавай, дзеючай у прававым полі, грамадскай арганізацыі, якая акрамя прапаганды падтрымлівала цесныя кантакты з прафсаюзамі і альтэрнатыўнай культурнай сцэнай. Такая мадэль існуе амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Аднак у беларускіх умовах рэалізаваць яе, па зразумелых прычынах, вельмі складана.

Нейкі час функцыі каардынацыйнага цэнтру беларускіх анархістаў часткова выконвала рэдакцыя газеты «Навінкі». У 2003 годзе праект забаранілі. Пачалася поўная дэфрагментацыя анархічнага руху. Дадатковым чыннікам стаў прыход інтэрнэту з яго гарызантальнымі формамі камунікацыі.

Сёння беларускі анархізм — гэта масіў моладзевых сацыяльна-культурных ініцыятыў, аб’яднаных па прынцыпу спажывання адных і тых жа культурных і інфармацыйных прадуктаў. Знішчыць паліцэйскімі метадамі сектар немагчыма. Для гэтага было б патрэбна забараніць цэлыя напрамкі рок-музыкі, элементы гардэробу, літаратурныя творы, фільмы.

Затое цяпер усё гэта набывае апазіцыйнае адценне. Цяжка сказаць, каго да апошніх падзей анархісты не паважалі больш: рэжым або апазіцыю, якую яны лічылі прадажнай і буржуазнай. Вераснёўскія рэпрэсіі відавочна падштурхнуць анарха-субкультуру да больш шчыльных кантактаў з «адмарозкамі», якія напрацавалі сістэму прававой абароны сваіх актывістаў, прымусяць анархістаў інтэгравацца ў шэрагі апазіцыі.

Па-другое, анархісты — частка глабальнага левага, прафсаюзнага і экалагічнага рухаў. Многія вядомыя левыя палітыкі выйшлі з шэрагаў анархічных гурткоў (напрыклад, Даніэль Кон-Бендзіт — лідэр французскіх Зялёных і Ота Шылі — былы міністр МУС ФРГ). У Расійскай дзяржаўнай думе засядаюць мінімум тры былых анархіста, а Андрэй Ісаеў — віцэ-спікер расійскага парламенту, увогуле экс-лідэр Канфедэрацыі анарха-сіндыкалістаў (КАС) — галоўнай анархісцкай арганізацыі ў часы Перабудовы.

У кантэксце апошняга «хапуна» стаўленне да Мінску з боку прафсаюзаў і партый левага спектру відавочна пагоршыцца. А якраз яны да гэтага часу часта выступалі пасіўнымі абаронцамі беларускай мадэлі. Па той прычыне, што анархісты з’яўляюцца заклятымі ворагамі фашыстаў, рэпрэсіі супраць іх таксама будуць разглядацца шмат кім як пераслед антыфашыстаў, што наўрад ці дадасць плюсаў знешняму іміджу Беларусі.

Сучасная арганізацыйная мадэль анархістаў — непублічны, мазаічны, часам канспіратыўны рух з радыкальнай рыторыкай — стварае ідэальную глебу для правакацый спецслужбаў. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. У 2003 годзе падчас акцыі «Украіна без Кучмы» намётавы гарадок апазіцыі атакавалі дзецюкі з нікому не вядомага Сіндыката анархістаў Украіны, якія быццам помсцілі прыхільнікам Юлі Цімашэнка, што яны абразілі сябра іхняй групоўкі. Пазней стала вядома, што «анархістамі» былі курсанты школы Службы бяспекі Украіны.

Хутчэй за ўсё, групоўка «Сябры свабоды», якая ўзяла на сябе адказнасць за падпал расійскай амбасады ў Мінску, ні што іншае, як свайго кшталту тутэйшая рэдакцыя Сіндыкату анархістаў Украіны. Пытанне толькі, ці апошняя і ці створаная ў Беларусі?

Нарэшце, для асабістай ідэнтыфікацыі цяперашніх анархістаў важную ролю адыгрывае перманентнае супрацьстаянне з правай радыкальнай субкультурай скінхедаў. Гэта падобна на своеасаблівую канкурэнцыю па прынцыпу: «хто больш круты». З асяроддзя скінхедаў чэрпае кадры беларуская правая і часткова нацыяналістычная моладзевая апазіцыя. Уся цёмная гісторыя з падпалам можа выклікаць у мазгах падлеткаў з правай тусоўкі комплекс: «Блін, аказваецца, анархісты больш крутыя. Яны нават падпалы робяць. А чаму мы не можам?» На выхадзе дзяржава можа атрымаць паступовую радыкалізацыя ўсёй моладзевай апазіцыйнай сцэны.

У якасці рэзюме артыкула можна яшчэ раз заклікаць беларускія спецслужбы браць прыклад з дырэктара яраслаўскай гімназіі, які калісьці разбіраўся з анархістам Максімам Багдановічам. Дырэктар спачатку думаў, а пасля рабіў. На жаль, ягонае імя гісторыя не захавала.



P.S.: Аўтар артыкулу — адзін з заснавальнікаў Федэрацыі анархістаў Беларусі.

------------------------------------------------

Даведка:

Пасля таго, як нейкая, дасюль нікому не вядомая групоўка «Сябры свабоды» ўзяла на сябе адказнасць за напад на расійскую амбасаду, былі затрыманыя сямёра грамадскіх актывістаў. 3 верасня, а 6-й раніцы супрацоўнікамі праваахоўных органаў у цывільным былі затрыманыя Ігар Багачак, Валерыя Хоціна, Сяргей Слюсар, Мікалай Дзядок, Аляксей Жынгяроўскі і Аляксандр Францкевіч. З кватэры, дзе жылі маладзёны, канфіскавалі пяць кампутараў, два ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, часопісы ды грошы.

Праз дзевяць дзён, 12 верасня, з ізалятару часовага ўтрымання на Акрэсціна без прад’яўлення абвінавачвання выйшлі Валерыя Хоціна, Сяргей Слюсар, Аляксей Жынгяроўскі, Антон Лапцёнак і Ігар Багачак. Аляксандр Францкевіч перавезены ў Салігорск. Ён зараз падазраецца ў падпале апорнага пункту міліцыі.

8 верасня былі таксама затрыманыя Уладзімір Валодзін, Аляксандр Бугаёў і Таццяна Семянішчава. Грамадскі дзеяч, сябар савета Беларускай партыі «Зялёныя» (БПЗ) Уладзімір Валодзін падазраецца ў дачыненні да падпалу аддзялення «Беларусбанка» 30 красавіка 2010 года. Супрацоўнікі міліцыі правялі вобыск, канфіскавалі цвёрды дыск з яго персанальнага кампутара і некалькі ўлётак. Праз тры дні Валодзін быў адпушчаны і зноў затрыманы — ужо па падазрэнні ў атацы на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў з кактэйлямі Молатава 6 верасня.

10 верасня Еўрапейская зялёная партыя (ЕЗП) і камісія Сейма Літвы па ядзер­най энергетыцы зрабілі афіцыйныя заявы наконт затрымання Валодзіна, дзе выказваюць сур’ёзную занепакоенасць наконт яго знаходжання пад вартай. ЕЗП запатрабавала адпусціць Валодзіна і іншых неабгрунтавана затрыманых.

Каментаваць