Справа Гайдукова развалілася?

Звычайна ў такіх выпадках кажуць: «Фініта ля камедыя». Абвінавачанне «шпіёну» Андрэю Гайдукову можа быць перакваліфікаванае. Пра гэта заявіў журналістам Старшыня КДБ Беларусі Валер Вакульчык.



Вакульчык, адказваючы пытанні пра тое, што адбываецца зa зачыненымі дзвярыма Віцебскага абласнога суду ў справе Гайдукова, выказаў упэўненасць, што там «усё нармальна». «Няма сумневаў, што ўсё будзе аб’ектыўна. Ніхто нічога хаваць не будзе, за выключэннем дзяржаўнай тайны», — адзначыў кіраўнік беларускага КДБ. Але, гаворачы пра магчымае пакаранне абвінавачанага, Вакульчык сказаў: «Гэта можа вырашыць толькі суд». Пры гэтым ён адзначыў, што «не факт, што гэта будзе артыкул 356».

Артыкул 356 КК (здрада дзяржаве) — гэта артыкул, па якім абвінавачваецца Гайдукоў зараз. А тое, што Вакульчык заявіў аб магчымай змене артыкула абвінавачвання, азначае, што «шпіёнская справа» правалілася.

Верагоднасць таго, што абвінавачванне Гайдукову будзе перапрад’яўленае і змененае, вельмі высокая. Бо непасрэдна Вакульчык «руліць» гэтым працэсам. Узгадаць хаця б той факт, што за два тыдні да пачатку працэсу Вакульчык сказаў, што ён пройдзе ў закрытым рэжыме. У выніку так яно і здарылася. Нягледзячы на тое, што па ўсіх працэсуальных нормах рашэнне аб закрытасці ці адкрытасці працэсу павінен прымаць суд — і тое толькі пасля пачатку працэсу і адпаведнага хадайніцтва аднаго з бакоў.

У сувязі з заявай Вакульчыка праваабаронца Алег Волчак кажа, што справа Гайдукова была настолькі дрэнна «згатаваная», што развалілася нават у закрытым судзе. «Асноўная частка працэсу ўжо прайшла. Суддзя паслухала абвінавачванне, заслухала некаторых сведак з боку абвінавачання, змагла азнаёміцца з матэрыяламі справы. І Вакульчык загаварыў пра перакваліфікацыю нездарма — таму што складу злачынства па «здрадзе радзімы» там няма. Няма там ніякага шпіянажу, а таму справа будзе перакваліфікавана на іншыя, больш мяккія артыкулы», — мяркуе Волчак.

Зараз Гайдукову пагражае ад сямі да 15 гадоў зняволення. На думку Волчака, ёсць толькі два артыкулы Крымінальнага кодэкса, якімі ўлада можа скарыстацца ў «справе Гайдукова» і ўжыць адзін з іх. Гэта частка 2 артыкула 361 КК: «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспекi Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці», звернутыя да замежнай дзяржавы. Пакаранне — альбо арышт на шэсць месяцаў, альбо пазбаўленне волі да трох гадоў. Альбо яшчэ ні разу не апрабаваны ў справе артыкул 369-1 — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Па ёй выносілася шмат папярэджанняў, але анікога не судзілі. Яе санкцыі — арышт на тэрмін да шасці месяцаў ці пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Пытанне толькі ў тым, што абодва гэтыя артыкулы відавочна «патыхаюць палітыкай». Па артыкуле 361 КК у жніўні 2007 года быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі бізнэсовец і палітык Андрэй Клімаў. Варта адзначыць, што гэта была першая крымінальная справа, распачатая за артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце, на сайце ucpb.org, і Клімаў быў прызнаны палітзняволеным. А артыкул 369-1 КК настолькі размыты і адыёзны, што праваабаронцы патрабуюць яго адмены, нават не чакаючы практыкі яго прымянення.

Словы Вакульчыка аб тым, што Гайдукову могуць перакваліфікаваць абвінавачванне, Воўчак тлумачыць двума фактарамі. Першы фактар — знешнепалітычны. 24 чэрвеня павінна вырашацца пытанне аб тым, каб міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею дазволілі ўезд у Еўрасаюз. «Акрамя гэтага, Лукашэнка ўсё ж такі чакае запрашэння ў Вільню на саміт «Усходняга партнёрства». Новыя палітвязні ў Беларусі зараз не ў тэму», — кажа Волчак.

Другі фактар — хваля салідарнасці, якая праявілася ў грамадстве пасля пачатку працэсу над Гайдуковым. «Праваабаронцы, СМІ, проста неабыякавыя грамадзяне задалі ўладзе столькі непрыемных пытанняў, што аніякі закрыты суд тут не дапаможа. Грамадства яўна не давярае ані закрытым судовым пасяджэнням, ані ўладзе. Тым больш, што яны бачаць, як выконваюцца абяцанні зрабіць праваабаронцам так, каб ім было сорамна. Улады не могуць ні адказаць на пытанні, ні выканаць абяцанні. Але яны ацэньваюць грамадскую думку. І, калі бачна, што гэтая думка не на іх карысць, спрабуюць «змяніць пласцінку». Так што нельга казаць пра тое, што ад нашай салідарнасці нічога не залежыць. Залежыць, і вельмі шмат», — мяркуе Волчак.

У сувязі з гэтымі двума фактарамі, па словах былога следчага, у працэсе могуць адбыцца дзве кардынальныя рэчы, адна за адной. Першая: альбо суд, альбо бок абвінавачвання перакваліфікуюць артыкул на больш мяккі. Другая: перакваліфікаваўшы абвінавачванне, суд, улічыўшы асобу абвінавачанага, адсутнасць судзімасцяў, узважыўшы ступень яго небяспекі для грамадства, і гэтак далей, прызначыць пакаранне Гайдукову «менш меншага», — менш за мінімальную планку, прадугледжаную артыкулам. У суда ёсць на гэта права.

І Гайдукоў можа быць асуджаны альбо да пазбаўлення волі ўмоўна, альбо да абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленую ўстанову адкрытага тыпу — гэта значыць, да «хіміі». «Калі ж Гайдукову дадуць тэрмін, звязаны альбо з арыштам, альбо з пазбаўленнем волі, то тады ён будзе лічыцца палітзняволенным. А гэта, як я казаў раней, уладзе зараз не трэба», — распавядае пра хаду сваёй думкі Волчак.

Зусім ужо прызнаць Гайдукова невінаватым — гэта значыць проста «забіць» Вакульчыка. Суд на гэта пайсці не можа.

Вакульчык перад пачаткам працэсу над Гайдукова казаў прэсе: «Я думаю, што пасля таго, як будзе абвешчана рашэнне суда, тыя людзі, якія яго абаранялі, апынуцца ў нязручным становішчы». Пакуль што ў нязручным становішчы аказваецца сам Вакульчык.

Каментаваць