4-ты дзень датэрміновага галасавання: Улада выганяе з участкаў незалежных назіральнікаў і пазбаўляе іх працы

У чацвёрты дзень датэрміновага галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кампанія назірання “Права выбару-2015” працягвае незалежнае назіранне за выбарамі.



Усяго 9 кастрычніка 2015 года назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2015” было пададзена 42 скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства (з іх 12 — у Мінскай вобласці, 11 — у Мінску, 4 — у Брэсцкай, 4 — у Віцебскай, 4 — у Гомельскай, 4 — у Гродзенскай, 3 — у Магілёўскай). Агульная колькасць пададзеных скаргаў назіральнікамі за чатыры дні назірання за датэрміновым галасаваннем склала лічбу 319.

Колькасць грамадзян, якія прышлі на 556 выбарчых ўчасткаў за чатыры дні датэрміновага галасавання, дзе назіральнікі “Права выбару-2015” робяць неперарыўны падлік выбарцаў і камісія дала звесткі аб агульнай колькасці грамадзян на ўчастку склала 216 888 чалавек. Па дадзеных камісій на гэтых жа ўчастках за чатыры дні прагаласавала 226 474 чалавекі. Разыходжанне з афіцыйнымі звесткамі склала 9 586 чалавек, альбо 4,4%.  

Па Мінску агульная лічба грамадзян, якія прышлі на 99 выбарчых ўчасткі за чатыры дні датэрміновага галасавання, дзе назіральнікі “Права выбару-2015” робяць неперарыўны падлік выбарцаў і прадастаўлены звесткі аб агульнай колькасці грамадзян на ўчастку склала 32 067 чалавек. Па дадзеных камісій на гэтых жа ўчастках прагаласавала 34 749 чалавек. Разыходжанне з афіцыйнымі звесткамі склала 2 682 чалавекі, альбо 8,4%. 

Найбольшую колькасць прагаласаваўшых за чатыры дні датэрміновага галасавання назіральнікі зафіксавалі на выбарчым участку №21 у Слуцку, Мінская вобласць. Там за чатыры дні прагаласавала 417 чалавек, альбо 68,5% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на выбарчым участку. На тэрыторыі ўчастка знаходзіцца медыцынскі каледж, студэнты якога і забяспечылі высокую яўку. Афіцыйная яўка не разыходзіцца з падлікам назіральнікаў, аднак фіксуецца прымус да датэрміновага галасавання.

Найменьшая колькасць прагаласаваўшых за чатыры дні датэрміновага галасавання была зафіксавана на выбарчым участку №147 Кастрычніцкага раёна Магілёва. Там прагаласаваў усяго 101 чалавек, альбо 6,8% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Афіцыйная яўка супадае з падлікам назіральнікаў.

Сябра Мінскай гарадской выбарчай камісіі Зміцер Каспяровіч, які вылучаўся ў камісію ад суб’екта кампаніі “Права выбару-2015” Патрыі БНФ, выявіў як мінімум тры факты маніпуляцый членамі ўчастковых выбаршчых камісій з бюлетэнямі выбаршчыкаў.  Па ўласнай ініцыятыве ён вырашыў параўнаць звесткі ў пратаколах участковых камісій з запісамі ў журналах аб выдачы бюлетэняў. У выніку ім было зафіксавана завышэнне яўкі на трох выбарчых участках у сярэднім на 50%. Гутарка ідзе пра выбарчыя ўчасткі №25, №26 і №49 Савецкага раёна Мінска.

Таксама былі зафіксаваны шматлікія выпадкі прымушэння да датэрміновага галасавання. Так, у Бабруйску на прадпрыемстве “Белшына” усіх работнікаў адпусцілі з працы на дзве гадзіны раней, каб яны прагаласавалі датэрмінова.

Падчас назірання 9 кастрычніка назіральнікі зафіксавалі наступныя інцыдэнты:

-          пазбаўленне назіральніка акрэдытацыі (выдаленне з участка) — 2 выпадкі;

-          незабеспячэнне назіральніку годных умоваў назірання — 8 выпадкаў;

-          прымушэнне выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання — 5 выпадкаў;

-          неналежнае захоўванне скрыні датэрміновага галасавання — 93 выпадкі;

-          невывешванне копіі пратакола і штодзённых вынікаў датэрміновага галасавання — 1 выпадак;

-          галасаванне іншымі асобамі замест непрагаласаваўшых выбарцаў — 4 выпадкі;

-          галасаванне выбарцамі без адпаведнага дакументу — 2 выпадкі;

-          таксама зафіксавана 32 іншых больш дробных парушэнняў.

Напрыклад у Брэсце, на выбарчым участку №67, назіральніцу Ціханаву ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), якая здзяйсняла назіранне ў межах кампаніі “Права выбару-2015” камісія пазбавіла акрэдытацыі за “крадзеж пратакола” і “некампетэнтнасць у сувязі з узростам”. Нейтралізаў назалежную назіральніцу праўладны назіральнік Мухін. Жанчына ўзяла пратакол з вынікамі датэрміновага галасавання, каб зрабіць з яго копію, пра што ўведаміла ахоўніка. Калі ж яна прыйшла на наступны дзень на ўчастак і вярнула пратакол, то ёй выставілі падобныя абвінавачванні і пазбавілі акрэдытацыі.

На выбарчым участку №41 у Барысаве, Мінская вобласць, назіральніцу звольнілі з працы за яе ўдзел у назіранні, арганізаваны кампаніяй “Права выбару-2015”. Жанчыне патэлефанаваў начальнік Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе працавала жанчына, і ў грубай ультыматыўнай форме прапанаваў скасаваць працоўны кантракт па “узгадненні бакоў”. У выніку маці-адзіночка засталася без працы.

На выбарчым участку №8 Першамайскага раёну Мінска назіральнік зафіксаваў выпадак, калі да галасавання быў дапушчаны выбаршчык, які прад’явіў ксеракопію свайго пашпарта.

"На тых участках, дзе размешчаны інтэрнаты выбары фактычна ўжо адбыліся. Пра гэта сведчаць звесткі нашых назіральнікаў. Натуральна, што такія паказчыкі яўкі былі дасягнуты дзякуючы прымусу і ўжыванню адміністрацыйнага рэсурсу. Назіральнікі ўсё фіксуюць і адразу падаюць адпаведныя скаргі членам участковых выбарчых камісій. Ёсць выпадкі, калі нашых назіральнікаў пазбаўлялі акрэдытацыі. Гэта сведчыць пра тое, што ў членаў выбарчых камісій здаюць нервы і назіральнікі ім замінаюць “забяспечыць” патрэбныя лічбы на ўчастках", — гаворыць Дзяніс Садоўскі.

 

У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Каментаваць