Справядлівасць і труба

Галоўная ўмова паспяховай канкурэнцыі на знешнім рынку — наяўнасць паўнавартаснага ўнутранага рынка, г. зн. рынка, які ўключае эканамічны, палітычны і сацыяльны складнікі.

 



20 чэрвеня адзіны палітык (АП) выступіў на пленарным пасяджэнні ХV Сусветнага кангрэса рускай прэсы. Натуральна, не абышлося без згадвання пра рускую цывілізацыю, якая дала свету асаблівыя духоўныя каштоўнасці. «Именно эти ценности, — і тут АП абсалютна мае рацыю, — положены нами в основу нашей государственности и того, что принято называть белорусской моделью развития».

Спіс каштоўнасцяў адкрываюць «солидарность и справедливость». Гэта дзякуючы ім «рационалистические заповеди индивидуализма, воплощенные в философии свободного рынка, согласно которой выживает сильнейший, так у нас и не прижились».

І з гэтым не паспрачаешся.

Узгадаем савецкую сістэму адукацыі. Яна лічылася з аб’ектыўнай рэальнасцю толькі ў сферы тэхнічных навук, бо для стварэння ядзернага шчыта былі патрэбныя рацыянальна думаючыя інжынеры. Што да навук грамадскіх, то тут панавалі легенды і міфы, якім рацыянальнасць, як вядома, супрацьпаказаная.

Бо ў якое вартае смеху відовішча ператварылася б «адзіна правільнае вучэнне», калі б савецкія людзі масава навучыліся думаць рацыянальна.

Падмацую сказанае словамі Андрэя Пеліпенкі, аднаго з самых глыбокіх расійскіх культуролагаў: «Свядомасць чалавека Рускай матрыцы архаічная і інфантыльная. Свет апісваецца наборам племянных міфалагем, якія амаль цалкам блакуюць рацыянальнае ўспрыманне рэальнасці». Руская матрыца і ляжыць у аснове «того, что принято называть белорусской моделью развития».

Справядлівасць і труба

Ідэі справядлівасці ў расійскай сацыякультурнай традыцыі выступаюць у якасці своеасаблівага каркаса нацыянальнай самасвядомасці. Ідэя паўстала не ўчора. У сялянскай абшчыне перадзел зямлі ажыццяўляўся двума спосабамі: па колькасці едакоў і па колькасці працаўнікоў у сям’і. Кожны раз, калі ішлі перадзелы, пачыналіся спрэчкі. Але той, хто валодаў дадатковым рэсурсам, напрыклад, мог паставіць грамадзе вядро гарэлкі, той і меў больш шанцаў дамагчыся выгоднай асабіста для яго справядлівасці.

Абшчына засталася ў мінулым, але прынцып вырашэння канфліктаў «па справядлівасці» актуальны і сёння. Як тут ні прыгадаць гарадскую паліклініку. На чыім баку справядлівасць, на баку ўладальнікаў талонаў ці на баку ахвотнікаў патрапіць да лекара па жывой чарзе? І ў гэтым выпадку ўсё вырашае аб’ём асабістых рэсурсаў. Па-за канкурэнцыяй тут нахабства і беспардоннасць.

«Адрозненне Расіі ад Захаду, — адзначае амерыканскі палітолаг Мікалай Злобін, — палягае ў тым, што людзі ў Расіі ўспрымаюць несправядлівасць, а на Захадзе пратэстуюць супраць парушэння закона. Гэта дзве розныя рэчы, закон не абавязкова справядлівы».

Закон па сваёй прыродзе адназначны. У таго ж, хто вырашае пытанне «па справядлівасці» заўсёды ёсць шанец урваць, што захочацца. Тыя, хто мае ўладныя рэсурсы, тут па-за канкурэнцыяй. У гэтым сэнсе егіпецкі фараон Анціох III не быў арыгінальны. Цытую: «Заўсёды справядліва тое, што пастанавіў фараон».

Праілюструю думку Анціоха III прыкладам, запазычаным з чэрвеньскай стужкі навін. Расійскія акцыянеры ААТ «Сукно», якое ўваходзіць у дзяржаўны канцэрн «Беллегпрам», абскардзілі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі змяншэнне іх долі ў таварыстве. Змяншэнне адбылося ў выніку дадатковай эмісіі акцый на карысць дзяржавы. Паводле заявы пазоўніка, сход акцыянераў, які прыняў адпаведнае рашэнне, не праводзіўся, а яго пратакол быў сфальсіфікаваны. Суд запатрабаваў дакументы сходу, але замест дакументаў атрымаў з адміністрацыі ААТ акт пра іх знішчэнне ў сувязі з аварыяй трубы.

Здагадайцеся, на чыю карысць прыняў рашэнне Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі — расійскіх акцыянераў ці беларускай дзяржавы? Нездагадлівым падказваю: справядлівасць перамагла!

Зразумела, беларускі варыянт справядлівасці расійскі бок не задаволіў. Даю слова дарадцу пасольства Расіі ў Беларусі Вользе Смірновай: «У дзеяннях адказчыка я са здзіўленнем назіраю паўтор бандыцкіх 1990-х гадоў у Расіі, як быццам мы вярнуліся ў мінулае на 20 гадоў».

Вось тут памылка. Беларуская мадэль развіцця накіравана не ў мінулае, а ў будучыню. Але ў яе аснове, нагадваю, ляжаць каштоўнасці расійскай цывілізацыі, і дарадцы расійскага пасольства не варта пра гэта забываць, дый класікаў на ноч нядрэнна б перыядычна чытаць. «Рускі, кім бы ён ні быў, абыходзіць ці парушае закон усюды, дзе гэта можна зрабіць беспакарана; дакладна гэтак жа робіць і ўрад». Гэта Герцэн Аляксандр Іванавіч — рэвалюцыянер, публіцыст, пісьменнік, філосаф.

Разварот на 180 градусаў

Але вернемся да выступу АП на пленарным пасяджэнні ХV Сусветнага кангрэса рускай прэсы: «Полное изгнание моральных, нравственных принципов из экономики оборачивается против самой экономической системы, постепенно превращая ее в паразитическую и неэффективную. В этом состоит значительное отличие нашего белорусского пути. Однако именно в этом — его сходство и родство с подлинными духовными ценностями русского мира и русской цивилизации (в широком смысле этого слова), к которым все мы с вами принадлежим».

Прыгожа? Прыгожа. Але для ўзмацнення ўражання рэкамендую падняцца ў кабіну будаўнічага крана, з якой мы, простыя абывацелі, магчыма, разгледзім часцінку таго, што ўжо сёння ва ўсіх дэталях назірае АП з вяршыні ўладнай «вертыкалі». А назірае ён «в строительстве полный обвал, начиная от неудовлетворенности граждан сроками, качеством и стоимостью строительства и заканчивая той коррупцией, в которой погрязла вся отрасль».

Цэлая галіна загразла ў карупцыі. «Минский горисполком полностью из коррупционеров сегодня сформирован». Цікава, наколькі гэты і падобныя прыклады спароджаны эканомікай, заснаванай на маральных прынцыпах? Не выключана, што і наша карупцыя, у адрозненне ад карупцыі не нашай, не паразітуе на эканоміцы, а выконвае ролю стымулу, які падвышае яе эфектыўнасць.

На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў АП запэўніваў нас у тым, што «Беларусь не пошла по пути, навязанному всем бывшим советским республикам, отвергла обвальную приватизацию государственной собственности и пассивную роль государства в социально-экономических процессах. Мы не отдали ни природные богатства, ни созданный народом производственный потенциал олигархам или зарубежному капиталу. Сами сумели возродить предприятия и использовать на благо всего народа, а не кучки ловкачей и проходимцев».

Усё пералічанае, калі мне памяць не здраджвае, складае ядро расійскай эканамічнай мадэлі. Амаль два дзясяткі гадоў АП выкарыстоўваў яе ў якасці фону, на якім так рэльефна глядзеліся яго ўласныя дасягненні. Што прымусіла яго развярнуцца на 180 градусаў? Няўжо «падгніла штосьці ў Дацкім каралеўстве»?

Канстытуцыя тут ні пры чым

Але не хлебам адзіным жывы чалавек, таму АП у сваім выступе на кангрэсе выказаўся з нагоды свабоды прэсы: «Как вы, вероятно, слышали, Беларусь часто упрекают в отсутствии свободы слова. Вообще, сегодня в этом смешно кого-то упрекать с появлением Интернета и других носителей этого слова. Обычно об этом говорят лицемерные люди. Сами они прекрасно понимают, что нет в мире абсолютной свободы. Тот, кто не зависим от правительства, зависим от собственника издания, от рекламодателей, от капризов публики, в конце концов, от ошибок, эмоций и заблуждений самих собственных журналистов».

Своеасаблівая логіка, пагадзіцеся. Свабоду слова беларусам гарантуе Канстытуцыя (артыкулы 34–35). У сваю чаргу, кіраўнік дзяржавы з’яўляецца «гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна» (артыкул 79). Тэлефаную ў Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ). Атрымліваю даведку: за апошнія тры гады адмоўлена ў рэгістрацыі 105 друкаваным выданням.

Такая вось у нас свабода слова. Але дзякуй інтэрнэту і іншым носьбітам інфармацыі (галоўным чынам электронным). Гэта дзякуючы іх усёпранікальнай здольнасці пра адсутнасць свабоды слова ў Беларусі сёння кажуць выключна «лицемерные люди», а Канстытуцыя і яе гарант тут ні пры чым.

Для ўстойлівасці зэдліка неабходныя, прынамсі, тры кропкі апоры. Для падтрымання стабільнасці ў грамадстве, апроч эканамічнага кампанента, неабходны палітычны і сацыяльны, але кожны з іх не з’яўляецца самастойнай, бо залежыць ад сваіх калегаў.

Просты прыклад. Канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі АП звязвае з тэхналагічнай мадэрнізацыяй дзяржаўных прадпрыемстваў. А чаму б не? Прыгадаем сталінскую мадэрнізацыю. У тыя гады інтэрнэт яшчэ не быў вынайдзены, і «бацька народаў» быў вымушаны адзін, без дапамогі тэхнічных прыбамбасаў гарантаваць савецкім людзям свабоду слова і свабоду друку (артыкул 125 Канстытуцыі 1936 г.). Такая манаполія не перашкодзіла яму прыняць Расію з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай.

Поспех сталінскай мадэрнізацыі забяспечыў гвалт. І гэта не сакрэт. Але ў постіндустрыяльным грамадстве гвалтоўная мадэрнізацыя, якая здзяйсняецца дзяржавай зверху, не мае шанцаў на поспех. Успомнім досвед Японіі, Тайваня і Паўднёвай Карэі. На стадыі індустрыялізацыі ўсе тры будучых азіяцкіх тыгра былі аўтарытарнымі дзяржавамі, але толькі на гэтай стадыі.

Не пазбегнуць дэмакратызацыі і Кітаю. Мабыць, галоўны крок у дадзеным кірунку ўжо зроблены: генеральны сакратар КПК не можа займаць сваю пасаду больш за два тэрміны.

Беларускай мадэлі сваё права на жыццё даводзіцца адстойваць «в жестком мире глобальной конкуренции». Таму ніводны выступ АП на эканамічную тэму не абыходзіцца без заклікаў павялічыць канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў. Але калі ў нас шанец канкураваць на знешнім рынку пры адсутнасці паўнавартаснага ўнутранага рынка, які ўключае і яго палітычны складнік?

Я разумею, што «рационалистические заповеди индивидуализма, воплощенные в философии свободного рынка», у нас так і не прыжыліся. Аднак калі хутка сітуацыя кардынальна не зменіцца, то беларусы могуць застацца без Беларусі ці Беларусь без беларусаў.

Каментаваць