"Справядлівы свет" актыўна супрацьстаіць наступу ўлады на правы і інтарэсы людзей, гаворыцца ў палітычнай дэкларацыі партыі

Усе гады сваёй дзейнасці Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" (да перайменавання — Партыя камуністаў Беларуская) актыўна супрацьстаяла наступу ўлады на правы і інтарэсы людзей. Пра гэта гаворыцца ў палітычнай дэкларацыі, прынятай 10 снежня пленумам цэнтральнага камітэта партыі з нагоды 20-годдзя яе стварэння.



Усе гады сваёй дзейнасці Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" (да перайменавання — Партыя камуністаў Беларуская) актыўна супрацьстаяла наступу ўлады на правы і інтарэсы людзей. Пра гэта гаворыцца ў палітычнай дэкларацыі, прынятай 10 снежня пленумам цэнтральнага камітэта партыі з нагоды 20-годдзя яе стварэння.

У дакуменце зазначаецца, што партыя, "будучы жывым грамадскім арганізмам, пастаянна ўдасканальвае свой ідэалагічны арсенал і валодае навукова абгрунтаванай праграмай, якая адпавядае выклікам XXI стагоддзя і арганічна спалучае найбліжэйшую задачу па аднаўленні ў Беларусі дэмакратычнай рэспублікі са стратэгічным курсам на сацыялізм".

У дэкларацыі паведамляецца, што партыі неаднаразова даводзілася прымаць "прынцыповыя палітычныя рашэнні, якія пацвярджаюць, што інтарэсы беларускага народа для яе заўсёды былі вышэйшыя за наяўную імгненную кан'юнктуры".

У прыватнасці, у 1993–1994 гадах партыя "адной з першых выступіла супраць увядзення ў Беларусі пасады прэзідэнта і абрання на гэту пасаду чалавека без зразумелых палітычных прынцыпаў, але з відавочнай прагай да неабмежаванай улады". А ў 1996 годзе партыя "рашуча выступіла супраць перароблівання Канстытуцыі, папярэдзіўшы грамадства, што сканцэнтраванне ўсёй улады ў руках аднаго чалавека абернецца найцяжэйшымі наступствамі — ліквідацыяй асноў прававой дзяржавы, дыктатурай, самавольствам бюракратыі і поўным бяспраўем грамадзян, карупцыяй, раскраданнем агульнанароднай уласнасці, згортваннем сацыяльных гарантый і збядненнем большасці людзей, міжнароднай ізаляцыяй краіны".

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" заяўляе, што і ў будучыні "будзе імкнуцца выражаць інтарэсы і абараняць правы суайчыннікаў, дабівацца таго, каб Беларусь стала краінай, у якой камфортна адчуваў бы сябе кожны чалавек, які жыве сумленнай працай".

"Нягледзячы ні на якія рэпрэсіі і ганенні ў дачыненні да нашых актывістаў, партыя не зверне са шляху барацьбы за сацыялістычную Беларусь", — падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
 

Каментаваць