Спыніце вайну!

Сёння ў Мінску мае адбываецца мерапрыемства, якое істотна павышае статус Беларусі на міжнародным узроўні. Такога саміта Мінск яшчэ не ведаў за ўсю найноўшую гісторыю. Тут сабраліся Меркель, Аланд,  Парашэнка ды Пуцін.



Фота Reuters


Згодна дыпламатычнага пратакола, усіх высокіх гасцей будзе вітаць афіцыйны беларускі лідар. Тым больш, што, паводле папярэдніх звестак, кіраўнікі чатырох краінаў збяруцца ў новым лукашэнкавым Палацы Незалежнасці. На самой жа сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі не будзе, бо ён не з’яўляецца суб’ектам перамоваў, а толькі галавой краіны, якая прадстаўляе пляцоўку для гэтых перамоваў па ўрэгуляванні расійска-ўкраінскага крызіса ці, калі казаць прасцей, для магчымасці спынення расійска-ўкраінскай вайны. Хоць Расія, нібы баран, адмаўляе сваё відавочнае дачыненне да падзеяў на ўсходзе Украіны.

Ва ўсялякім выпадку, для афіцыйнага Мінска сённяшняя падзея — вельмі важны момант. Такога кшталту мерапрыемстваў у нас яшчэ не ладзілася. Тым больш, з такімі мэтамі, як утаймаванне сапраўднае вайны. Прычым, на нашай мяжы. Незалежна ад таго, як скончыцца сённяшні саміт у “нармандскім фармаце”, беларускае кіраўніцтва ўжо атрымае знешнепалітычныя дывідэнды. Відавочна, што Лукашэнка ўжо не ўспрымаецца самай адыёзнай кіроўнай асобай на постсавецкай прасторы — Пуцін даў яму фору на шмат гадоў наперад.

Як будзе карыстацца афіцыйны Мінск такімі выгодамі? Не выключана, што больш актыўна пойдуць перамовы з Міжнароднам валютным фондам па прадстаўленню нашай краіне новага крэдыту. Як казаў сам Лукашэнка, крэдыты МВФ “самыя танныя і выгодныя”. Вось так, у МВФ, а не ў “братэрскай” Расіі. Але гэта эканамічныя пытанні.

Вернемся да іншых праблем, якія могуць быць разгледжаны на саміце. Ёсць прапанова ўвесці ва Украіну міжнародныя міратворчыя сілы, каб размежаваць бакі канфлікту. Ці можа Беларусь і тут прапанаваць свае паслугі? Палітолаг Валеры Карбалевіч не выключае такой магчымасці. “Тэарэтычна гэта цалкам дапушчальна. Расія з такой прапановай можа цалкам пагадзіцца, а вось ці пагодзіцца ўкраінскі бок? Нейтральнасць Беларусі ў гэтым канфлікце акурат адпавядае патрабаванням варыянта ўвядзення міратворчых сілаў”, — лічыць эксперт.

Аднак, трэба заўважыць, што Беларусь, нягледзячы на замацаваны ў Канстытуцыі яе пазаблокавы статус, усё ж з’яўляецца ваеннай хаўрусніцай Расіі, мае на сваёй тэрыторыі расійскія ваенныя базы, а ў сакавіку прысутнасць расійскай мілітаршчыны ў нашай краіне можа павялічыцца за кошт дыслакацыі тут звяна новых расійскіх навучальна-баявых самалётаў ЯК-130. “Так, гэта можа стаць перашкодаю для таго, каб Украіна пагадзілася на міратворчую ролю Беларусі. Але па факце Беларусь захоўвае нейтральную пазіцыю і падтрымлівае сяброўскія адносіны як з Украінай, так і з Расіяй, так што тэарэтычна ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у складзе міратворчых сілаў я б не выключаў”, — адзначыў Валеры Карбалевіч.

Хочацца верыць, што перамовы 11 лютага дадуць свой плён, і гэтая бессэнсоўная вайна ва Украіне нарэшце скончыцца. Хочацца спадзявацца, што беларускім жаўнерам не давядзецца выступаць міратворцамі на тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі. Таму што і падчас замірэнняў гучаць стрэлы і гінуць людзі, і кожны новы дзень да поўнага спынення вайны — гэта новыя ахвяры з усіх бакоў. Застаецца спадзявацца на здаровы сэнс тых, хто стаіць за кровапраліццем і хто насамрэч прымае рашэнні. Хопіць крыві!

Каментаваць