Станіслаў Багданкевіч: «Мне сорамна за Раманчука»

Партыя АГП правяла «чыстку» ў сваіх шэрагах. Нацыянальны камітэт Аб’яднанай грамадзянскай партыі выказаў вотум недаверу намесніку старшыні АГП Яраславу Раманчуку. Ад пасады старшыні камісіі АГП па міжнародных пытаннях вызвалены Андрэй Дзмітрыеў.

(Злева направа: Яраслаў Раманчук, Станіслаў Багданкевіч, Уладзімір Нісцюк на Усебеларускім саміце прадпрымальнікаў, 21 верасня 2009 г. З архіва «НЧ»)



Партыя АГП правяла «чыстку» ў сваіх шэрагах. Нацыянальны камітэт Аб’яднанай грамадзянскай партыі выказаў вотум недаверу намесніку старшыні АГП Яраславу Раманчуку. Ад пасады старшыні камісіі АГП па міжнародных пытаннях вызвалены Андрэй Дзмітрыеў.

(Злева направа: Яраслаў Раманчук, Станіслаў Багданкевіч, Уладзімір Нісцюк на Усебеларускім саміце прадпрымальнікаў, 21 верасня 2009 г. З архіва «НЧ»)


На пасяджэнні Нацыянальнага камітэта АГП заслухалі былога кандыдата ў прэзідэнты ад АГП Яраслава Раманчука, які паўтарыў раней агучаную пазіцыю, што сваёй фактычна абвінаваўчай заявай 20 снежня на адрас калег па апазіцыйнаму лагеру «ратаваў жыцці іншых людзей».

Ганаровы старшыня Аб’яд­на­най грамадзянскай партыі, былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч тлумачыць рашэнне партыі пра вотум недаверу тым, што, будучы кіраўніком АГП, Яраслаў Раманчук «паклёпніцкі адгукаўся пра сваіх калегаў, ён сведчыў супраць людзей, якія сядзелі ў КДБ, і нават прыплёў жанчыну, маці дзіцяці».

«Ён гэта здзейсніў, і ніякіх дадатковых звестак, каб адмежавацца ад падобнага кроку, не трэба, гэта называецца подласцю. Кандыдаты разам выступалі, гаварылі пра несправядлівасць рэжыму, заклікалі на плошчу. Гаварылі, што парушаецца Канстытуцыя, што ёсць манапалізацыя СМІ, што ёсць гарантыя доступу да СМІ партый паводле канстытуцыі, але гэта груба топчацца. Кандыдаты ў прэзідэнты заклікалі народ на мірную дэманстрацыю пратэсту, і ён потым заяўляе, што Ірына Халіп біла шкло ў Доме ўраду! Раманчук дзеля ўласнага ўратавання гатовы тапіць іншых, — са скрухай гаворыць Багданкевіч. — Мне на яго месцы было б сорамна, што я не сяджу з імі ў турме. Мы ж не адразу прагаласавалі аб недаверы, рэкамендавалі яму папрасіць прабачэння, прызнаць, што праявіў слабасць. Гаварылі: пакайцеся, падайце заяву пра сыход з пасады ў партыі. ... Ён гаворыць, што ратаваў некага ад смерці, але насамрэч тапіў гэтых людзей. Мне сорамна за Раманчука».

Суб’ект скандалу — Яраслаў Раманчук — апелюе да факту, што рашэнне Нацыянальнага камітэта АГП усяго толькі канстатуе недавер да пэўных яго дзеянняў. З пасады намесніка старшыні партыі Яраслава не знялі, бо гэта ў паўнамоцтвах з’езду партыі. На пытанне, чаму ён не пакаяўся, як яму раілі аднапартыйцы, Раманчук сказаў: «Маё слова можа азначаць вялікія праблемы для тых, хто знаходзіцца ў турме. Я паважаю меркаванне калег, але гэта маё ўласнае рашэнне».

Новым старшынёй камісіі па міжнародных пытаннях замест Андрэя Дзмітрыева абраны Юрый Лаўрэнцьеў.

Палітолаг Андрэй Ляховіч спачатку адмовіўся каментаваць «разбор палётаў» АГП, спаслаўшыся на той, што гэта «ўнутраная справа партыі», але дадаў: «Калі кіраўніцтва партыі лічыць, што чалавек паводзіць сябе не адпаведна лініі партыі, то, натуральна, ёсць падставы панізіць такога чалавека ў пасадзе». Гэта тычыцца і Андрэя Дзмітрыева, які працаваў на кандыдата ад іншых палітычных сілаў, бо «ён парушыў унутраны парадак партыі».

Андрэй Ляховіч зазначае, што тым, хто праводзіць палітычныя кампаніі, трэба распачынаць наступную адразу ж пасля абвяшчэння вынікаў галасавання. «Трэба асэнсаваць памылкі, перш за ўсё тое, што апазіцыя падышла да выбараў у вельмі раз’яднаным стане, людзям было цяжка вызначыцца з выбарам апазіцыйнага кандыдата. Я, на жаль, не бачу працы над памылкамі, зруху па пераадоленню раз’яднанасці, не бачу працы з выбарцамі ў стане апазіцыі. Нашы палітыкі зноў займаюцца тым, што лічаць істотным яны, а не грамадзяне Беларусі. Важна, каб была пераадоленая раз’яднанасць, бо без гэтага нічога добрага не будзе, да новых выбараў апазіцыя зноў прыйдзе са старымі памылкамі», — падкрэсліў палітолаг.

Каментаваць