Статкевіч затрыманы ў Мінску. На волі ён прабыў тры тыдні

На выхадзе з мінскага офіса прафсаюзу РЭП пасля пасяджэння рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу затрыманы лідэр БНК Мікола Статкевіч.

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

«Стаялі колькі каля нашай хаты машыны, не глушылі рухавікі. Сёння за намі на таксоўцы цягнуліся. А як толькі мы выйшлі з офіса БНК, двух крокаў не паспелі зрабіць ад пад’езду, як бусік падкаціў і схапілі Міколу», — кажа “Радыё Свабода” жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

 Статкевіч прабыў на волі тры тыдні: 31 жніўня ён быў вызвалены пасля 5 сутак арышту за парушэнне, якое нібыта ўчыніў яшчэ на акцыі 30 сакавіка (тады каля ізалятара на Акрэсціна прайшла акцыя салідарнасці з вязнямі Дня Волі, пра ўдзел у ёй Мікалая Статкевіча не паведамлялася). Але таксама Статкевічу прысудзілі пакаранне ў 15 сутак за іншае парушэнне — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня. Статкевіча вызвалілі пасля 5 сутак, не прымушалі адседзець яшчэ 15.

​Статкевіч казаў “Свабодзе”, што гэткая «гульня суткамі» — стрэс не столькі для яго, колькі да ягоных блізкіх. Згадваючы санкцыі супраць яго і ягонай сям’і, ён казаў: «Я думаю, гэта мэтанакіравана мяне і маю сям’ю хочуць выселіць з краіны».

Ён меркаваў, што яго будуць затрымліваць перад «акцыяй папярэджання», але затрымання не адбылося, акцыя прайшла з удзелам Статкевіча.

На Радзе БНК, як пісаў Статкевіч, падвялі вынікі папярэдніх акцыяў пратэсту і пацвердзілі ранейшае рашэнне ладзіць «Марш абураных беларусаў 2.0» 21 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы Мінску.

www.svaboda.org


Каментаваць