Статус — палітзакладнікі

Палітычны гандаль вязнямі па «справе 19 снежня» распачаўся. Некаторых вызваляюць з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а таксама «змякчаюць» абвінавачанне. У палітычных закладніках рэжыму апынуліся гэтым разам 50 чалавек. Пяцёра асуджаны да трох і чатырох гадоў зняволення. Што чакае астатніх? Перспектывы палітгандлю каментуе палітолаг УЛАДЗІМІР РОЎДА.

Эфект санкцый



Палітычны гандаль вязнямі па «справе 19 снежня» распачаўся. Некаторых вызваляюць з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а таксама «змякчаюць» абвінавачанне. У палітычных закладніках рэжыму апынуліся гэтым разам 50 чалавек. Пяцёра асуджаны да трох і чатырох гадоў зняволення. Што чакае астатніх? Перспектывы палітгандлю каментуе палітолаг УЛАДЗІМІР РОЎДА.

Эфект санкцый


Улады апынуліся ў кепскай сітуацыі. Яны не прадбачылі, што Захад пачне рэагаваць на арышты ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Злучаныя Штаты пайшлі на ўвядзенне эканамічных санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў. Еўропа пакуль думае. Але каб залагодзіць яе і пазбегнуць адзінства ўсяго Захаду ў дачыненні да Беларусі, улады і пайшлі на такі крок. Маўляў, мы перагледзелі гэтую справу, і, па вялікім рахунку, пэўная лібералізацыя ў краіне магчымая.

Яны хацелі б раскалоць адзіную салідарную рэакцыю Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі. А па-другое, зрабіць для беларускай апазіцыі пасыл. Як казаў Лукашэнка, ён не крыважэрны чалавек. І з ім можна дамовіцца. Але трэба ісці на саступкі. Ад усіх зняволеных зараз патрабуецца крок насустрач Лукашэнку, і тады яны могуць атрымаць пэўную палёгку.

Таксама ўлады хацелі б унесці ў апазіцыю чарговы раскол. Для Лукашэнкі апазіцыя неабходная, патрэбная і карысная. Але тая апазіцыя, якая не будзе змагацца за ўладу. Вось такую апазіцыю ён будзе на руках насіць, як ён сказаў. Пакуль што такая апазіцыя ў нас у меншасці. Тая, што і пасля ўсіх пераследаў і здзекаў з людзей заявіла, што трэба працягваць дыялог з рэжымам.

Рэабілітацыя


Гэты дзікунскі працэс нагадвае працэсы 30-х гадоў. Сённяшняя сітуацыя паказвае, чым з’яўляецца Рэспубліка Беларусь і кіраўніцтва гэтай краіны. І Захад не павінен купляцца на танныя захады беларускага рэжыму.

Крымінальная справа развальваецца. Патрэбна поўная рэабілітацыя ўсіх яе фігурантаў. Іх трэба выпусціць тэрміновейшым чынам. І скасаваць усе крымінальныя абвінавачанні.

Захаду трэба кансалідаваць свае захады і ісці далей. І Еўропа павінна стаць на тыя самыя пазіцыі, што і ЗША. Нягледзячы на ўсе гэтыя ілжывыя мэсыджы, якія зыходзяць ад беларускага кіраўніцтва. Калі б у яго была іншая мэта і намеры, палітвязняў папросту адпусцілі б.

Але Лукашэнка на гэта ніколі не пойдзе. Па той простай прычыне, што тады ён будзе сябе адчуваць слабым чалавекам. Бо яго паняцце моцы грунтуецца ў прымітыўным рэчышчы. Моцны КДБ, моцная міліцыя, якая яго ахоўвае. А не моц дзяржавы, якая дапусціла памылку і выпраўляе яе.

Ультыматум

Лукашэнку трэба ставіць перад ультыматумам. Патрабаванне — вызваленне палітзняволеных да пэўнага тэрміну. У адваротным выпадку — увядзенне санкцый.

Паміж сабой Еўрасаюзу і ЗША неабходна дасягнуць пагаднення. У першую чаргу трэба біць па найбольш балючым. Напрыклад, па «Белнафтахіму», які дае да 2 мільярдаў долараў на год ад продажу сыравіны. Скараціць ці ліквідаваць такі прыбытак — гэта істотная страта.

Трэба пашыраць санкцыі. У нас эканоміка з’яўляецца адкрытай. І еўрапейскі кірунак адыгрывае вельмі важную ролю, нягледзячы на тое, што гандаль у асноўным вядзецца з Расіяй. І Лукашэнка разумее, што можа апынуцца ў дрэнным становішчы з-за гэтых санкцый.

І санкцыі б маглі быць адчувальнымі. Пакуль толькі адна краіна пайшла на іх увядзенне. Злучаныя Штаты Амерыкі для Беларусі — не галоўны гандлёвы партнёр. Калі б Еўропа падтрымала пазіцыю ЗША, то гэта быў бы моцны ўдар.

Ніякай вайны абвяшчаць не трэба. Калі сапраўды на Захадзе адзінства і еднасць будуць прадэманстраваны, то Лукашэнка не вытрымае ціску.

Расія


Для Расіі Лукашэнка зноў апынуўся сваім. Ён самы лепшы, нягледзячы на ўсе канфлікты. Бо ён падпісваў усе паперкі. І гэта зноў дэманстрацыя пачварнай сутнасці расійскага кіраўніцтва.

Сітуацыя перад выбарамі была напружаная — крэдыты Расія не давала. За тое, што з Еўропай «звязаўся», Лукашэнку амаль ці не здраднікам запісвалі. Але яго эмацыйны зрыў, калі ён называў рознымі словамі і прэзідэнта, і прэм’ер-міністра Расійскай Федэрацыі — усё гэта яму зноў даравалі. Укінулі велізарныя грошы і працягнулі эканамічную падтрымку.

Зараз Лукашэнку далі 13 мільярдаў долараў. На будаўніцтва атамнай электрастанцыі і ўрадавы крэдыт плюс прэферэнцыі па нафце. Для таго, каб захаваць гэтыя грошы, Лукашэнка зараз павінен лезці ў расійскую даўгавую яму. Нягледзячы на тое, што ў нас вельмі страшэнная сітуацыя з гандлем паміж Расіяй і Беларуссю. Мы запазычылі Расіі фантастычныя сумы. І ў 2012 годзе давядзецца гэтую суму «вяртаць на радзіму».

Эксперымент


Для Лукашэнкі 2012-ы стане сур’ёзным годам. Расія будзе мець магчымасць ціснуць на яго як ніколі з-за таго, што пабудуе новы нафтаправод у абыход Беларусі. І ў 2012-м завяршаецца будаўніцтва «Южного потока», які пазбавіць Лукашэнку таннага расійскага газу. І Расія тады можа ў любы момант націснуць на кнопку.

Чаму ён захапіў столькі шмат апанентаў у закладнікі? Ідэя гандлю. У Лукашэнкі ёсць эксперымент, які ён яшчэ ў 2006 годзе яшчэ праводзіў, калі Аляксандра Казуліна пасадзіў у турму на 5,5 гадоў. Але выпусціў праз два з паловай гады. З-за таго, што пачаўся гандаль. І Захад тады за вызваленне Казуліна пайшоў на істотныя саступкі. А зараз у Лукашэнкі — 50 зняволеных. Ёсць магчымасць гандляваць і далей людзьмі.

Што ўзамен? Як і з Казуліным, самае галоўнае, каб ніякіх эканамічных санкцый. Каб зноў былі крэдыты. Але ніякай еўрапейскай прыватызацыі ў Беларусі не будзе. Яго мара, каб не толькі Расія ўтрымлівала сацыялізм без чалавечага твару, дзікунскі сацыялізм, які ён стварыў. А ён хацеў бы, каб яшчэ і Захад дапамагаў бы яму выжываць. Бо без гэтай эканамічнай мадэлі ён не будзе прэзідэнтам. З-за таго, што народ яго папросту вынесе з апартаментаў, як у 1991 годзе рабочыя пазбавіліся ад КПСС. Гэтага ён і баіцца.

Лукашэнка хацеў бы палітвязняў пакуль утрымаць пад сваім поўным кантролем як закладнікаў. А потым пачнецца гандаль. У пэўны час, у найбольш зручны для яго час. Такім часам, на маю думку, і з’яўляецца 2012 год. Калі з Расіяй пачнуцца чарговыя праблемы. І Лукашэнку давядзецца пераварочваць сваю «шматвектарную» пазіцыю на Еўропу. Шукаць там фінансавай падтрымкі, крэдытаў. Тады Лукашэнка і пачне вызваляць з турмы палітычных закладнікаў.

Каментаваць