Створаны аргкамітэт Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць

30 жніўня ў Мінску створаны аргкамітэт па скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.



Удзельнікі ўстаноўчага пасяджэння аргкамітэту па скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць


Каардынатарам аргкамітэту абраная Алена Анісім. У склад аргкамітэта ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці. Папярэднюю згоду прыняць удзел у працы аргкамітэту таксама далі акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр Уладзімір Колас, праваабаранца Міхаіл Пастухоў

На сваім устаноўчым пасяджэнні аргкамітэт прыняў зварот да грамадзянаў Беларусі. У ім, між іншым, адзначаецца, што пасля акупацыі Расіяй Крыму і накіравання войскаў на Данбас сітуацыя ў свеце кардынальна змянілася, і вайна зноў стаіць ля нашага парога. “Значная частка грамадзян Беларусі падпала пад уплыў расійскіх тэлеканалаў, слепа верыць усяму, што там гавораць. Беларускія ўлады знаходзяцца ў разгубленасці.

Для таго, каб справіцца з гэтым выклікам, беларусам неабходна кансалідацыя грамадства. шырокі дыялог паміж наменклатурай, прадпрымальнікамі, інтэлектуаламі, фермерамі, прафсаюзамі і грамадзянскай супольнасцю. Таму мы прапануем склікаць Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, каб абмеркаваць сітуацыю і прыняць усе захады для таго, каб адстаяць Беларусь”, — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары лічаць неабходным абмеркаваць на кангрэсе шэраг надзённых пытанняў, на якіх грунтуецца незалежнасць краіны: прыватная ўласнасць на зямлю і іншую дзяржаўную маёмасць, энергетычная бяспека Беларусі, праблемы правоў чалавека, адукацыі і медыцыны, роля айчынных і замежных СМІ ў грамадстве, знешняя і ўнутраная палітыка.

Сябры аргкамітэту чакаюць ад людзей канкрэтныя прапановы па фармату кангрэса, яго тэматыцы, месцы і часу правядзення, наконт механізму вылучэння дэлегатаў і збору сродкаў для арэнды памяшкання і на іншыя выдаткі. Свае прапановы і заўвагі жадаючыя могуць даслаць на адрас электроннай пошты niezaleznasc@gmail.com, або на адрас тых друкаваных і электронных СМІ, якія змесцяць гэты зварот. 

Каментаваць