Сучаснае беларускае сярэднявечча

Дзяржава — наша ўсё. Такая афіцыйная версія. На жаль, з ёй даводзіцца пагадзіцца. Чаму «на жаль»? Таму што збудаваная Лукашэнкам дзяржаўная сістэма з’яўляецца галоўнай перашкодай на шляху беларусаў у будучыню.

Днямі прачытаў у газеце невялікі артыкул з нагоды таніроўкі шкла. Я не аўтамабіліст, таму не ведаў, што тут ёсць праблема. Высвятляецца, ёсць. А калі так, то без кіраўніка дзяржавы яе ніяк не вырашыць. Вось ён і ўмяшаўся, даручыў чыноўнікам падрыхтаваць адпаведны ўказ.



Дзяржава — наша ўсё. Такая афіцыйная версія. На жаль, з ёй даводзіцца пагадзіцца. Чаму «на жаль»? Таму што збудаваная Лукашэнкам дзяржаўная сістэма з’яўляецца галоўнай перашкодай на шляху беларусаў у будучыню.

Днямі прачытаў у газеце невялікі артыкул з нагоды таніроўкі шкла. Я не аўтамабіліст, таму не ведаў, што тут ёсць праблема. Высвятляецца, ёсць. А калі так, то без кіраўніка дзяржавы яе ніяк не вырашыць. Вось ён і ўмяшаўся, даручыў чыноўнікам падрыхтаваць адпаведны ўказ.

«Мяне цікавіць усё», — так у свой час Лукашэнка ахарактарызаваў уласнае кіраўнічае крэда. Камусьці гэта можа падабацца, камусьці — не, але якім чынам Аляксандр Рыгоравіч пра «ўсё» даведваецца і якім чынам ён вылучае зерні інфармацыі са смецця? Зразумела, ёсць спецслужбы і іншыя структуры, але наўрад ці яны рыхтуюць аналітычныя нататкі па праблеме таніроўкі шкла.

Працытую фрагмент газетнага артыкула: «На імя кіраўніка дзяржавы паступілі шматлікія звароты з просьбай зняць абмежаванні на таніроўку». У дадзеным выпадку слова «звароты» выступае сінонімам слова «скаргі». І тады пазначаныя вышэй пытанні здымаюцца. Скаргі як сродак зваротнай сувязі з грамадствам беларусы атрымалі ў спадчыну ад бальшавікоў. У савецкі час дзяржаўныя газеты (іншых не было), партыйныя і іншыя «органы» лісты атрымлівалі мяхамі.

Няцяжка здагадацца, што ў асноўным гэта былі скаргі. Адпаведныя штатныя супрацоўнікі іх чыталі і, акрамя адказаў непасрэдна скаржнікам, рыхтавалі аналітычныя нататкі ў вышэйстаячыя інстанцыі. Пры дасягненні крытычнай масы скаргаў па пэўных праблемах наверсе прымаліся адпаведныя рашэнні. Класічны прыклад — прыняцце рашэння пра пачатак будаўніцтва масавага жылля пры Хрушчове.

Але не варта разглядаць бальшавікоў як вынаходнікаў падобнай інфармацыйнай тэхналогіі. Чалабітныя на Русі існавалі задоўга да Івана Жахлівага. Без іх своеасаблівых аналагаў не здольна функцыянаваць і сучасная беларуская дзяржава. Улада мае патрэбу ў зваротнай сувязі з грамадствам, але прадстаўнічыя органы і дзяржаўныя СМІ ў Беларусі такую сувязь забяспечыць не ў стане (першыя імітуюць дэмакратыю, другія занятыя прапагандай). Вось і даводзіцца карыстацца сярэднявечным досведам.

Гэтай жа мэце служаць і шматлікія сустрэчы кіраўніка дзяржавы з «працоўнымі калектывамі» — своеасаблівыя аналагі палюддзя — аб’езду князямі Кіеўскай Русі сваіх валадарстваў. Падчас палюддзя князі не толькі знаёміліся са станам спраў на месцах, але і ладзілі суд над нядбайнымі мясцовымі кіраўнікамі. Нагадаю рэпліку, кінутую Лукашэнкам падчас нядаўняга наведвання «Інтэграла»: «Трэба затрымліваць — затрымлівайце, а то мільярды па ветру пускаюць. Усё будзе па законе: калі ёсць за што сядзець — значыць, будуць сядзець».

У чым сіла, брат?

Паводле афіцыйнай версіі, агучанай на трэцім Усебеларускім народным сходзе, сакрэт нашых поспехаў — у моцнай дзяржаўнай уладзе, моцнай сацыяльнай палітыцы і апоры на народ. Але што з’яўляецца крытэрам моцнай улады? Звернемся да азбукавых паліталагічных ведаў. Любая дзяржаўная ўлада абапіраецца на камбінацыю з трох базавых элементаў — на СІЛУ, ВЕРУ і ЗАКОН. Манархі сярэднявечнай Еўропы ў апошнім кампаненце гэтай трыяды асабліва не мелі патрэбы. ЗАКОН — гэта абавязковы атрыбут рынкавай эканомікі, у аснове якой ляжыць акт куплі-продажу. Здзяйсняецца дадзены акт па згодзе двух РАЎНАПРАЎНЫХ бакоў на падставе ДАМОВЫ. Устойлівых жа адносін дамовы без адпаведнай заканадаўчай базы стварыць яшчэ ніхто не здолеў.

Але сучасная беларуская дзяржава і ў гэтым пытанні не пазбаўлена сярэднявечнай своеасаблівасці. Здавалася б, законаў у Беларусі — што ўвесну апалонікаў у балоце. Але не трэба спяшацца з высновамі. Нашы законы маюць аднабаковую скіраванасць. Іх мэта — умацаванне ўлады, а не падтрыманне правапарадку. Вось чаму на саму ўладу яны не распаўсюджваюцца.

Каб далёка не хадзіць за прыкладам, спашлюся на дзейнасць Усебеларускіх народных сходаў (УНС). У Канстытуцыі пра «вечавы» (характарыстыка Лукашэнкі) інстытут беларускай палітычнай сістэмы не сказана ні словы. Здавалася б, кіраўнік дзяржавы мае права раіцца з кім заўгодна, але ўся справа ў тым, што роля УНС не абмяжоўваецца дарадчай функцыяй. Працытую: «Рашэнні другога Усебеларускага сходу, якія будуць прынятыя вамі, вызначаць асноўныя арыенціры дзейнасці ўсіх дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў краіны» (даклад на другім УНС).


А ўзгадаем наганяй ураду «лайдакоў», калі 30 лістапада ўсім нам лішні раз нагадалі пра неабходнасць абавязковага выканання пяцігадовага плану, прынятага на трэцім УНС. Надыходзяць чарговыя прэзідэнцкія выбары, а значыць, мы зноў станем сведкамі сярэднявечнага антыканстытуцыйнага веча.

Сіла беларускай дзяржавы не ў законе. Яна, па-першае, у шматлікасці карных органаў. А па-другое, у сацыяльнай палітыцы, якая ажыццяўляецца за кошт цэнтралізаванага размеркавання нацыянальнага багацця. Але для таго, каб нешта пераразмяркоўваць, гэта нешта неабходна спачатку сабраць у дзяржаўныя закрамы. Табліца 1 ілюструе дынаміку дзяржаўнай здольнасці прысабечваць.

Звярніце ўвагу на скачкападобны рост бюджэтных прыбыткаў у 2003 годзе. Адкуль такое шчасце? Ды з «нафтавага афшору». Механізм яго функцыянавання неаднаразова быў апісаны ў прэсе. Але што тут для нас важна? З’яўленне дадатковай крыніцы дзяржаўных прыбыткаў не прывяло да зніжэння падаткаў. Усю крыніцу дзяржава прысвоіла сабе. Перад намі яшчэ адзін прыклад з сярэднявечнага мінулага. Калі князі перасталі плаціць татарам даніну, да змяншэння падатковага цяжару гэта не прывяло. Усё «лішкі» пайшлі на папаўненне кансалідаваных княжацкіх бюджэтаў.

Сіла беларускай дзяржавы шмат у чым вызначаецца здольнасцю кіраўніцтва канцэнтраваць рэсурсы. У 2009 годзе гэта сіла пачала змяншацца. Адсюль і разварот на Захад. Прытым гэты разварот зроблены не да крыніцы каштоўнасцяў, а да крыніцы тэхналогій і інвестыцый. Па такой жа тэхналогіі бацька Пятра I стварыў у Маскве нямецкую слабаду. Высокім плотам яна была абнесена невыпадкова.

Не працуем, а служым

Пераход Еўропы ад сярэднявечча да прамысловай рэвалюцыі стаў магчымым пасля таго, як людзі творчыя і прадпрымальныя перасталі лічыцца людзьмі другога гатунку, што, у прыватнасці, азначала немагчымасць канфіскацыі іх уласнасці толькі на падставе рашэння найсвятлейшых асобаў. Тут будзе дарэчы прывесці цытату з апошняй кнігі амерыканскага эканаміста Лала Дзіпака «Вяртанне нябачнай рукі»: «Хоць купцы і рынкі (гандляры і кірмашы) тысячагоддзямі існавалі ва ўсіх еўразійскіх аграрных цывілізацыях, рынкавая эканоміка магла паўстаць толькі пасля таго, як задавальненне пэўных патрэбаў таварнай гаспадаркі — «абарона ўласнасці і абарона кантрактаў» — стала адной з функцый палітычнай сістэмы».

Беларуская палітычная сістэма гэту функцыю не асвоіла і зараз. Яна разглядае прадпрымальнікаў як сваіх падданых, якія ёй увесь час штосьці вінаватыя. На дварэ XXI стагоддзе, а сучаснага інстытута прыватнай уласнасці ў Беларусі як не было, так і няма. Прывяду толькі адно выказванне Лукашэнкі, што характарызуе яго сярэднявечны светапогляд: «З прыватнікам размаўляць заўсёды лягчэй. Яму сказаў — ён зробіць. Таму што, па вялікім рахунку, рызыкуе ў адваротным выпадку страціць сваю ўласнасць».

Паўтараю, у Беларусі няма прыватнай уласнасці. Ёсць уласнасць службовая. Пэўныя асобы могуць ёй валодаць выключна на ўмовах службы дзяржаве. Хто гэту ісціну не засвоіў, як Хадаркоўскі ў Расіі, у лепшым выпадку губляе ўласнасць. Са сказанага вынікае, што большасць беларусаў не працуюць, а служаць. Іх служба аплачваецца не па працы (такая аплата магчыма толькі ў рынкавай эканоміцы), а на аснове распрацаваных службоўцамі нарматываў. Без праславутай стаўкі першага разраду, з якой, як Дон Кіхот з ветраком, змагаюцца беларускія ліберальныя эканамісты, тут не абысціся.

Сярэднявечную прыроду беларускай улады ўсведамляюць не толькі аналітыкі, але і грамадства. У чарговы раз звярнуся па дапамогу да НІСЭПД (Табліца 2). На каго абапіраецца Лукашэнка? Большасць беларусаў лічыць, што на «вертыкальшчыкаў» (чыноўнікаў), сілавікоў і пенсіянераў. А хто ў нас у канцы спісу? Нескладана здагадацца, што ў канцы спісу тыя, хто па «службовым абавязку» ў сучасным свеце ўносіць асноўны ўнёсак у эканамічнае развіццё: кіраўнікі прадпрыемстваў, спецыялісты, навуковая і культурная эліта. Бізнесмены ж, гэтыя «вашывыя блохі» беларускай эканомікі, у верасні 2009 года наогул не змаглі пераадолець бар’ер статыстычнай памылкі ў 3 працэнта.

З восені 2007 года ўлада загаварыла пра лібералізацыю. Першапрычынай падобных размоваў паслужыла беларуска-расійская нафтагазавая «вайна». За размовамі адбыліся і першыя нясмелыя рэформы. Сусветны крызіс быў тут вельмі нават дарэчы. Ён выступіў у якасці своеасаблівага каталізатара працэсу лібералізацыі, які, аднак, не адмяніў традыцыйных для беларускай дзяржавы сярэднявечных кіраўнічых практык.

Прыглядзімся да трэцяй калонкі Табліцы 2. Крызіс дэвальваваў «апорныя функцыі» большасці сацыяльных груп. «Вертыкальшчыкі» і чыноўнікі — выключэнне. На іх і ўсклаў Лукашэнка асноўную адказнасць за мадэрнізацыю. У рамках сярэднявечнай парадыгмы такое рашэнне выглядае вельмі лагічным.

Каментаваць