Суд над «Новым Часам»: іск пакінуць без задавальнення!

У судзе Савецкага раёна горада Мінска пачалося пасяджэнне па іску Аркадзя Ізраілевіча да «Новага Часу» і Дзяніса Івашына.


Пачатак пасяджэння прызначаны на 14.30. Падтрымаць нас у суд прыйшло каля 30 чалавек. Вось як праходзіла папярэдняе судовае пасяджэнне.

Напачатку суд высвятляе асобы пазоўніка і адказчыка. Аркадзь Ізраілевіч на пытанне аб месцы пражывання пачаў ухіляцца: "Я не хацеў бы казаць, тут публіка такая, ненадзейная..."

14:36. Суд зачытвае кавалак, які Ізраілевіч патрабуе абвергнуць: гэта радкі з артыкула Івашына, дзе ён кажа аб тым, што група кампаній "ІВ", якая належыць Ізраілевічу, з'яўляецца канцавым бенефіцыарам будоўлі ў Курапатах.

Агулам Ізраілевіч патрабуе абвергнуць дадзеныя 4-х артыкулаў за аўтарствам Дзяніса Івашына, спагнаць 40 тысяч рублёў з НЧ і 1 тысячу з Івашына.

14.43. Ізраілевіч сцвярджае: "Дзяніс Івашын з'яўляецца кіраўніком экстрэмісцкай групы пад назвай "Абаронцы Курапат". Зала смяецца. Ізраілевіч спрабуе павесці гутарку ў бок таго, хто фінансуе «Новы Час» і Івашына. Суддзя яго прыпыняе.

Ізраілевіч зноў кажа, што НЧ развівае "тэму побытавага антысемітызму". 


"У мой адрас пайшлі абразы ад асобаў, якія гадзяцца мне ў дзеці, з якімі я б нават не павітаўся на вуліцы".


Ізраілевіч расказвае аб тым, якія праблемы яго напаткалі з-за артыкулаў: партнёры кажуць "як ты мог уляпацца ў такое дзярмо", плюс байкот іншых ягоных прадпрыемстваў. Кажа, што ўсё, што робяць абаронцы Курапат, "антысеміцкі заказ іх электарата".


Адвакат НЧ: "Па якой прычыне вы не сталі звяртацца за абвяржэннем першага ж артыкулу адразу пасля таго, як ён выйшаў?"

Ізраілевіч: "Я не лічыў, што стасункі з побытавымі антысемітамі ніжэйшыя за маю годнасць."

14:57 На наступныя пытанні абаронцы НЧ Ізраілевіч працягвае казаць пра "выкананне замоваў" і "групіровку" (абаронцаў Курапат), пра тое, што ўсё было зроблена "дзеля грошай".

Ізраілевіч пра НЧ: "Пасля таго, як яны прайгралі Чаргінцу, пра іх увогуле ніхто нічога не чуў". Прыкладам маральных пакутаў Аркадзь Ізраілевіч прыводзіць тое, што яму "сапсавалі сямейны вечар", калі ў Курапатах быў салют, і яго пачалі з гэтай нагоды турбаваць. Аднак у медычныя ўстановы ён не звяртаўся.

Аксана Колб (галоўная рэдактарка НЧ) пытаецца Ізраілевіча: "Вы сапраўды звязваеце наўпрост негатыўныя каментары ў інтэрнэце з выхадам артыкулаў у газеце?"

Ізраілевіч: "Так".

Колб: "Скажыце, у прамежку з 13 па 15 чэрвеня ці быў хоць адзін негатыўны каментар?"

Ізраілевіч: "Добра, 15-га".

Колб: "Вы не лічылі неабходным пазваніць і паразмаўляць з намі?"

Ізраілевіч: "А вы, калі прачыталі мой адказ, што я супраць, чаму не знайшлі часу пазваніць? Вось Радыё Свабода мне адразу пазваніла".

Колб: "Усе інтэрв'ю з іншымі СМІ ў вас былі ўжо пасля 15-га чэрвеня, пасля вашых абвінавачванняў у антысемітызме".

Аксана Колб адзначае, што каментар Мартынава (архітэктара) быў размешчаны на сайце.


Ізраілевіч Дзянісу Івашыну: "Говорите по-русски!"


Ізраілевіч кажа Дзянісу Івашыну: "Говорите по-русски!", перабівае некалькі разоў. Суддзя робіць яму заўвагу.

15:10 Івашын: "Ці не здаецца вам, што ваш артыкул, у якім вы абвінавачваеце дэпутата ПП НС Анісім у антысемітызме, вашыя каментары, вашыя правакацыйныя дзеянні, калі вы збілі Дзяніса Урбановіча — ці не лічыце вы, што менавіта гэтыя дзеянні справакавалі негатыўнае стаўленне да вас?"

Ізраілевіч патрабуе, каб да яго звярталіся на рускай мове. Суддзя: "Вы грамадзянінам якой дзяржавы з'яўляецеся? Суд не мае права забараняць пытанні на беларускай мове" (нагадаем, перад гэтым Ізраілевіч сцвярджаў, што падтрымлівае Таварыства беларускай мовы фінансава).

На пытанне Івашына Ізраілевіч кажа, што так не лічыць — бо ён выбачыўся за тое, што абвінаваціў Анісім у антысемітызме. 

Адвакат Івашына пытаецца Ізраілевіча, ці знаёмы той з уласнікамі "Паедзем паядзім". Той адказаў, што знаёмы і дапамагаў ім.

Адвакат Івашына: "Чаму ў вас асабіста не выклікае ніякіх негатыўных канатацый гэты рэстаран, чаму вы патрабуеце абвергнуць інфармацыю аб вашых з ім сувязях?"

Ізраілевіч: "Таму што мне пішуць негатыў ва ўсіх чатах і месенджэрах, на мяне навесілі тое, што я ўдзельнічаю ў карупцыйнай схеме". 

Абаронца Ізраілевіча Алена Калазаева просіць далучыць да справы падзельны баланс МЗС-Строй. Суд задаволіў хадайніцтва.


15:30 Аксана Колб: ""Новы Час" прапанаваў Ізраілевічу даць свой каментар НЧ, каб чытачы самі вырашылі, хто правы, хто вінаваты. Аднак Ізраілевіч адмовіўся. Акрамя гэтага, узнікае пытанне: калі Ізраілевіч дрэнна разумее беларускую мову, можа ён недастаткова добра зразумеў, што напісана ў артыкулах?"

15:34 Дзяніс Івашын працытаваў каментар з інтэрнэта, дзе Ізраілевіча пытаюць, ці будзе ён забудоўваць рэстаранамі "Паедзем паядзім" Асвенцым і Трасцянец. А потым выдае цікавы факт: адзін з дамоў, пабудаваны кампаніяй Ізраілевіча (на вуліцы Лынькова ў Мінску), сапраўды стаіць на тэрыторыі лагера смерці "Шталаг".

Ізраілевіч не разумее слова "афіляванасць", просіць перакласці яму на рускую мову.

Алена Калазаева кажа, што паколькі кожная кампанія выконвала сваю ролю ў будоўлі аб'екта, то якая роля кампаніі Ізраілевіча ў будаўніцтве аб'екта?

Івашын: "Цалкам магчыма гэта і стане аб'ектам новага расследвання".

Алена Калазаева працягвае задаваць пытанні Івашыну: чаму ён выкарыстоўвае ў сваіх артыкулах розныя назвы рэстарацыі "Паедзем паядзім". Той кажа, што ў розныя часы аб'ект называўся па-рознаму.

Калазаева паказвае скрыншот з ФБ-старонкі Івашына, дзе месціцца анонс ягонага новага артыкулу. У прэв'ю артыкула ў фэйсбуку адлюстроўваецца фота Ізраілевіча. Калазаева пытаецца: "Калі ў матэрыяле дзясяткі іншых фатаграфій, чаму на прэв'ю менавіта Ізраілевіч?"

Івашын: "Гэта пытанне да Цукерберга".

Ізраілевіч: "Я падняў вызначэнне "афіляваных асоб"(зачытвае вызначэнне). У мяне пытанне: як я, не з'яўляючыся заснавальнікам, магу рабіць уплыў?"

Івашын: "Я пад афіляванасцю маю на ўвазе якую-кольвек сувязь".

Ізраілевіч: "Гэта пацвярджае маю версію аб антысемітызме!"

Ідзе даволі доўгая дыскусія аб значэнні тэрміна афіляванасць.

15:55  Слова ўзяў Алег Агееў, абаронца Дзяніса Івашына: "Дадзеныя, якія былі распаўсюджаныя, адпавядаюць рэчаіснасці. Некаторыя фразы маюць характар ацэначных меркаванняў. Некаторыя фразы ўвогуле сказаныя не маім падабаронным. А некаторыя ўвогуле не маюць дачынення да пазоўніка. А газета "Новы Час" не з'яўляецца юрыдычным выданнем, а сацыяльна-палітычным. І гэта дазваляе выкарыстоўваць журналісту той слог, які ён палічыць неабходным".

Алег Агееў зачытвае яшчэ некалькі вызначэнняў афіляцыі.

16:02 Алег Агееў: Ніякага антысемітызма ў артыкулах няма, як і дыскрымінацыйных выказванняў на адрас іншых нацыянальнасцяў. А тыя негатыўныя водгукі, які Ізраілевіч атрымаў, датычныя ягоных каментараў і паводзінаў. 

16:09 Алена Калазаева (адвакатка Ізраілевіча) цытуе артыкул Івашына і распытвае наконт яго. Ці ведае ён вызначэнне слова "бенефіцыяр"? Ці пацверджана нечым ягонае меркаванне аб афіляванасці Ізраілевіча і МЗС-Строй?

Івашын адказвае, што ўсе дадзеныя з артыкулу пацверджаныя дакументальна, і расказвае, якімі менавіта дакументамі, спасылаецца, напрыклад, на інфармацыю, выкладзеную Вольгай Логвін, дырэктарку Квартал МЗСстрой.

16:17 Ізраілевіч: Ужо 13 чэрвеня вы пачалі посціць пра мяне ў сацсетках. Чаму вы не прыбралі інфармацыю аб тым, што я канчатковы бенефіцыяр?

Суд зняў пытанне.

Ізраілевіч: Калі вы сабралі пра мяне такую падрабязную інфармацыю, пра групу кампаній ІВ, чаму не сказалі нічога станоўчага? Вы хацелі мяне ачарніць?

Івашын: тое што я расказаў пра вялікую колькасць вашых бізнесаў, гэта і ёсць станоўчая інфармацыя.

16:21  Адвакатка Калазаева заявіла хадайніцтва аб допыце сведкі Вяліцкага Владлена Ісакавіча — партнёра Ізраілевіча па групе кампаній ІВ. Суд задавольніў хадайніцтва, Вяліцкі прыйшоў у залю. Яму 55 год, працуе ў ОО "Корп-кансалт" дырэктарам.

Вяліцкі кажа, што пра артыкулы яму вядома. Ніякага дачынення да "Паедзем паядзім" ён з Ізраілевічам не мелі. Корп-кансалт набывала долю ў КварталМЗСстрой у памеры 50% у сярэдзіне 2014 года.

Ён вядзе сумесны бізнес з Ізраілевічам з 1991 года, знаёмыя 45 гадоў. Кажа, што ў артыкулах "вялікая антысеміцкая нагрузка", у Ізраілевіча на гэтай глебе "альбо псіхоз, альбо неўроз". Прыводзіць выпадак, калі Ізраілевічу "сапсавалі вечар" з-за салюта ў Курапатах. Таксама ў Ізраілевіча "часта баліць галава".

Таксама ён сцвярджае, што Ізраілевіч, як і ён, не мае дачынення да будоўлі "Паедзем паядзім". 

Аксана Колб пытаецца, ці не было ў яго жадання звярнуцца ў рэдакцыю, каб абвергнуць інфармацыю?

Вяліцкі: "Я асцяргося, што мае словы маглі быць скарыстаныя неаб'ектыўна. Не разумею, чаму "вычапілі" менавіта Ізраілевіча".

Колб: "Ці лічыце вы, што дачыненне да будоўлі гэтага рэстарана (любое дачыненне — маральнае, фізічнае, фінансавае), калі ён, рэстаран, абсалютна законны, можа нашкодзіць рэпутацыі?

Вяліцкі: "Так, можа нашкодзіць".

Суд зняў два пытання Аксаны Колб.

Адвакатка Калазаева просіць далучыць да справы каментар у сацсетках ад "Галіны Шапуцькі", які нібыта даказвае, што Ізраілевіч асацыюецца ва ўсіх як уладальнік гэтага рэстарана з асуджэннем ягонай прадпрымальніцкай дзейнасці. 

Паводле меркавання Ізраілевіча, каментар трэба абаязкова далучыць, бо Шапуцька — адна з "кіраўніцаў руху", і яе меркаванне вырашае той факт, што рэстаран асацыюецца з ім.

Суд далучыў скрыншот да матэрыялаў справы.

Суд агучваў пісьмовыя матэрыялы справы. Два артыкулы Івашына былі зачытаныя цалкам, што заняла больш за 40 хвілін. Агучванне працягваецца.

17:45  Агучванне скончылася. Працэс перайшоў да судовых спрэчак. 

Ізраілевіч быў кароткі: "Івашын не ведае, што піша, і з ягонай кваліфікацыяй такія артыкулы нельга пісаць".

Алена Калазаева пераважна паўтарыла ўсе тое, што казалася ў позве. Артыкулы зганьбілі рэпутацыю, не адпавядаюць рэчаіснасці. Разгортвае паняцці і вызначэнні.

Прадстаўнік НЧ Арцём Калоша кажа, што патрабаванні адказчык не падтрымлівае. Няма доказаў, што інфармацыя ў артыкулах неяк сапсавала рэпутацыю пазоўніка. Акрамя таго сведка Вяліцкі даўно з ім знаёмы, і яны адпачываюць разам, што кажа аб тым што ён — зацікаўлены бок.

Аксана Колб адзначыла, што сёння мы пачулі, што артыкулы маглі паўплываць на рэпутацыю, гонар і годнасць. Але ў 2013 годзе Ізраілевічу было адмоўлена ў інвестыцыях менавіта з-за яго рэпутацыі. Ці можа дачыненне да рэстарацыі "Паедзем паядзім" сапсаваць рэпутацыю? Сам Ізраілевіч неаднаразова падкрэсліваў, што не бачыць у ім нічога кепскага, будаўніцтва законна. Ён выказваў радасць ад збіццяў актывістаў. Рэпутацыі любога чалавека, у тым ліку бізнесмена, можа пашкодзіць яго дзеянні і бяздзеянні. Тым больш, што да 15 чэрвеня ніякіх негатыўных каментароў у бок Ізраілевіча не было.

Івашын адзначыў, што артыкулы пабудаваны на праверанай інфармацыі, атрыманай з дзяржаўных крыніц. А адвакатка Ізраілевіча спрабуе зрабіць высновы за чытачоў.

Абаронца Івашына Агееў пабудаваў сваю прамову на тым, што ў позве блытаецца меркаванне і сцверджанне. Журналіст не мусіць пацвярджаць свае меркаванні нейкімі фактамі і доказамі, хаця змест расследавання падмацаваны дакументамі і адпавядае рэчаіснасці.

Акрамя таго, усе чацвёра прамоўцаў — Арцём Калоша, Аксана Колб, Дзяніс Івашын і Алег Агееў — адзначылі, што негатыўнае стаўленне да Ізраілевіча прадыктавана выключна ягонымі паводзінамі ў сацсетках і беспадстаўнымі абвінавачваннямі ў антысемітызме.

Суд абвясціў перапынак на 30 хвілін для вынясення рашэння.

Рашэнне: Суд адмовіў Ізраілевічу ў задавальненні іску. Суд адхіліў як абвяржэнне, так і кампенсацыю "маральнай шкоды". Cуд пастанавіў спагнаць з Ізраілевіча 600 рублёў на выдаткі «Новага Часу» і Івашына на адвакатаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВОЛІК
  • 2018-09-10 14:51:15
"Паважаны пізісьмен"-та банальным клоўнам апынуўся. Абразу чаго ён там абараніць хоча, нагадайце? Нецікавы, пусты чалавек. Словы з вуснаў вылятаюць адно хлусьлівыя, дажыў да 55, а дарослым так і ня стаў. Навучыся, дзядзька, праўду казаць, а то так і памрэш брахуном
  • Anatol Starkou
  • 2018-09-10 16:03:04
З чым з чым, а з антысемітызмам ісцец праляціць, як фанера над Парыжам.
  • Вольга
  • 2018-09-10 16:07:27
Цікава, а доблясныя "праваахоўнікі" ўжо выехалі за аркашай за крыміналку - абвінавачанне ў антысемітызме? То ж крымінал, не?
  • Anatol Starkou
  • 2018-09-10 16:20:26
"Чаму вы не прыбралі інфармацыю аб тым, што я канчатковы бенефіцыяр?
Суд зняў пытанне."

Добры паварот у судовай справе.
  • Anatol Starkou
  • 2018-09-10 16:35:18
Калі баліць галава дык я часам стаканчык каліфарнійскага каберны прымаю. І адпускае. Прыняў бы стаканчык Старадарожскай самагонкі дык няма яе тутака ў Нью Ёрку. Не бачыў. Перадайце ад мяне рацэпт хвораму на галаву калегу.
  • Люстэрка
  • 2018-09-10 16:39:45

"У Ізраілевіча на гэтай глебе "альбо псіхоз альбо неўроз". Дзе спраўка ад неўролага ці з псіхдыспансэру, якая пацвярджае захворванне неўрозам або псіхозам?
  • Кастусь
  • 2018-09-10 21:10:29
Каментар выдалены як абразлівы
  • Кастусь
  • 2018-09-10 21:17:58
Каментар выдалены як абразлівы
  • Anatol Starkou
  • 2018-09-10 16:55:26
любое дачыненне нашкодзіць рэпутацыі не можа
можа нашкодзіць толькі процівапраўнае, то бок незаконнае дачыненне
  • Anatol Starkou
  • 2018-09-10 19:20:22
Ну і добра.
  • ВОЛІК
  • 2018-09-10 19:26:44
ВІНШУЮ ЖУРНАЛІСТАЎ! Дзякуй Абрамовіч за справядлівае (што ў мясцовых "судах" рэдкасьць) ды адзіна слушнае рашэньне.
  • Люстэрка
  • 2018-09-10 23:56:55
Віншую Дзяніса Івашына і ўсіх супрацоўнікаў Новага Часу са справядлівым рашэннем суда. Дзякуй за грунтоўныя і змястоўныя публікацыі. Жадаю поспехаў у журналісцкай працы.
  • Люстэрка
  • 2018-09-11 09:12:56
Дарэчы Аркадзь Ізраілевіч збег з будынку суда ад вынясення заслужанага прыгавору і з'ехаў на сваім Бэнтлі, не дачакаўшыся абвяшчэньня рашэньня суда. Перад бегствам з суду бізнэсовец ад камэнтароў журналістам адмовіўся.
  • Цікава
  • 2018-09-11 09:53:22
Цікава было б даведацца аб суме сплачанага рэстаранам падаходнага падатку і параўнаць з колькасцю наведвальнікаў. Супаставіць даходы і расходы. Цікава, калі акажацца, што падатак сплачаны з сумы нашмат большай, чым маглі б наесці наведвальнікі.
  • Віктар
  • 2018-09-11 10:43:53
Віншую ґазэту "Новы час" і сп. Дзяніса Івашына, а таксама ўсіх абаронцаў Курапатаў і ўсю гашу Нацыю з справядлівым выракам па ганебнай позьве падступнага служкі расейскіх спэцслужбаў!
  • Игорь Кузнецов
  • 2018-09-11 12:08:38
Не надо хвались судью и восхвалять судебную систему Беларуси от которых ничего не зависит с точки зрения вынесения справедливого решения.Предполагаю, что пока рано праздновать победу,т.к. это тактический шаг создания видимости "демократизации " судебной системы.Еще может быть подача аппеляции в городской суд.
  • Anatol Starkou
  • 2018-09-11 15:53:12
Как мудро. По бел-чырвона-беламу.
Если и возможна аппеляция, то только в Брайтон-Бичевский суд - самый гуманный и самый демократический суд в мире.

Каментаваць