Суды над Сяргеем Каваленкам перанесеныя

Суды над віцебскім актывістам Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргеем Каваленкам перанесеныя.

Як паведаміў Каваленка БелаПАН, 5 снежня над ім павінны былі прайсці два судовыя працэсы.



Суды над віцебскім актывістам Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргеем Каваленкам перанесеныя.

Як паведаміў Каваленка БелаПАН, 5 снежня над ім павінны былі прайсці два судовыя працэсы.

"Першы павінен быў адбыцца ў судзе Першамайскага раёна Віцебска за дробнае хуліганства — нібыта я аблаяў матам супрацоўнікаў міліцыі. Судзіць мяне павінны былі яшчэ 28 лістапада, але я запатрабаваў адваката. Суд перанеслі на 5 снежня, аднак у судзе не аказалася перакладчыка з беларускай мовы на рускую. Суддзя чамусьці не разумее беларускай мовы. Таму суд перанеслі на 9 снежня на 10.00", — сказаў актывіст.

Другое пасяджэнне павінна было прайсці ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска."Мяне супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі ў вывешванні бел-чырвона-белых сцягоў на будынках гандлёвага цэнтра "Еўропа", крамы "Пяты элемент" і на адным з карпусоў Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. У дачыненні да мяне склалі пратакол па артыкуле 23.34 адміністрацыйнага кодэкса Беларусі (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў або пікетавання). Аднак у судзе высветлілася, што супрацоўнікі міліцыі змянілі свае прэтэнзіі. Замест часткі другой артыкула, якая кажа аб адказнасці арганізатара акцыі, яны мне перапісалі абвінавачванне па частцы трэцяй гэтага артыкула — парушэнне, здзейсненае паўторна. У сувязі з гэтым суд узяў перапынак да 13 снежня да 14.30", — паведаміў Каваленка.

Актывіст лічыць усе прэтэнзіі неабгрунтаванымі. "Па-першае, нікога я не лаяў. Тым больш матам. Па-другое, доказы супрацоўнікаў міліцыі аб вывешванні сцягоў грунтуюцца на інфармацыі з інтэрнэту. Яны заяўляюць, што чалавек, падобны на мяне, быў заўважаны на кадрах кліпа на кампазіцыю "Грай" гурта "Ляпіс Трубяцкі", які я размясціў у інтэрнэце. Як гэта можа быць доказам — відэакадры з інтэрнэту?" — кажа Каваленка.

Ён лічыць дзеянні міліцыі ў дачыненні да яго помстай за адмову падпісаць паперу аб абавязковай яўцы дадому да 19.30. "Мне гэта прапаноўвалі зрабіць, але я індывідуальны прадпрымальнік. У мяне ненармаваны працоўны дзень. Супрацоўнікі міліцыі, прапаноўваючы гэта, спасылаліся на працоўнае заканадаўства і сцвярджалі, што працоўны дзень не можа быць больш за восем гадзін, гэта значыць з 9.00 да 17.00. Я ж ім даказваў, што гэта права на такі працоўны дзень, а не абавязак, і я маю свае правы — працаваць столькі, колькі хачу", — заявіў Каваленка.

Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя за арганізацыю розных акцый. У маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прысудзіў Каваленку да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай елцы абласнога цэнтра 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як "наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства".
 
Нагадаем, што, па словах маці актывіста, на Сергея Каваленку і яго сям'ю ўвесь час аказваецца ціск, яго ўвесь час правакуюць. "Ужо малое дзіцятка пяцімесячнае перапужалі сваімі званкамі і ляпаннем у дзверы. Мне на працу тэлефанавалі, расказвалі пра Сяргея. Хацелі на мяне ціснуць, дык я сваёй мятлой не даражу", — адзначыла яна.

http://bchd.info

Каментаваць