Супраць каго мацуецца беларускае войска?

Новы законапраект дазволіць беларускаму войску бараніць дзяржаву не толькі ад знешней пагрозы але і ад унутранага ворагу. Эксперты лічаць, што гэта – засвоеныя ўладай урокі Крыма і Данбаса. Але логіка развіцця беларускага заканадаўства і фобій Лукашэнкі кажа аб іншым.



У законапраекце, які быў ухвалены некалькі тыдняў таму, есць тры выразных навінкі:

а) Пры аб’яўленні мабілізацыі альбо ваеннага палажэння больш не ўсталёўваецца тэрмін прызыву. Служба ідзе, пакуль не будзе аб’яўленая дэмабілізацыя.
б) Звужаюцца ўмовы, пры якіх вайсковец не прызнаецца загінулым падчас вайсковай службы (напрыклад, калі ён самавольна пакінуў частку альбо быў у стане алкагольнага ці наркатычнага апянення)
в) Пашыраецца прававая сфера для выкарыстання Узброеных сілаў.

Менавіта трэці пункт прымусіў экспертаў разважаць і рабіць вынікі. Згодна з новай рэдакцыяй закона, падставай для ўвядзення вайсковага становішча зараз будзе «...іншая дзейнасць, уключаючы заявы і дэманстрацыю сілы, іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў) а таксама недзяржаўных суб’ектаў, уключаючы тэрарыстычныя і экстрэмісцкія арганізацыі, што знаходзяцца на тэрыторыіі іншай дзяржавы (іншых дзяржаў), якая ажыццяўляецца ў нарушэнне статуту ААН і ўказвае на падрыхтоўку да нападу альбо развязванне ўнутранагу ўзброенага канфлікту». 

На думку аглядальніка сайта Belarus Security Blog Ягора Лебядка, гэтыя замены, «...відавочна, улік досведу Украіны, бо да нагоды для ўвядзення ваеннага стану можна будзе аднесці дзейнасць, напрыклад, прыватных вайсковых кампаніяў, казакоў, атрадаў «добраахвотнікаў» і таму падобных, якія нават не знаходзяцца на нашай тэрыторыі». 

Аглядальнік belsat.eu Аляксандр Гелагаеў таксама выказвае пэўны аптымізм адносна новага закону: «Цяпер армія можа быць выкарыстана супраць іншых дзяржаўных сілавых структур, калі яны выйдуць з-пад кантролю. Больш за тое, фармальна новая задача абароны канстытуцыйнага ладу дазваляе вайскоўцам законным чынам праяўляць ініцыятыву ў выпадку антыканстытуцыйных дзеянняў самога прэзідэнта, да якіх адносіцца, напрыклад, маштабная фальсіфікацыя выбараў».

Канешне, нельга аспрэчваць, што закон, як і новая беларуская вайсковая дактрына, быў прыняты пад уплывам падзей на Данбасе. Пад гэтым жа ўплывам у Беларусі адзін за другім пачаліся вучэнні па «ліквідацыі незаконных узброеных фарміраванняў». Але аптымізм экспертаў з нагоды новага закону і, тым больш, спадзяванні на ягоную эфектыўнасць выклікаюць вялікі сумнеў.

Перш за ўсе, варта ўзгадаць, што пашырэнне паўнамоцтваў беларускіх УС ужо адбывалася ў сярэдзіне нулявых – тады ўзброеныя сілы наўпрост дазволілі ўжываць для разгону мітынгаў унутры краіны. Беларуская армія задоўга да падзей на Данбасе прымала ўдзел у вучэннях АДКБ, які фактычна з'яўляецца хаўрусам аўтарытарных краін супраць народных бунтаў. Салдат тэрміновай службы ўжо не раз прыцягвалі для разгону мітынгаў. Фактычна, перашкоды для скарыстання войска супраць масавых пратэстаў былі прыбраныя яшчэ даўно. І зараз ўлада яшчэ раз ва ўсю дэманструе магчымасць такога развіцця сцэнару. Варта ўзгадаць і фармулёўку новага закону, якая прыгадвае ў якасці пагроз «тэрарыстычныя і экстрэмісцкія арганізацыі» — а каго ў Беларусі любяць аб'яўляць такімі, усім добра вядома. Страх Лукашэнка перад «каляровымі рэвалюцыямі» вядзе свой адлік як мінімум з 1996 года. Перад расійскім уварваннем – з 2014-га.

Цікава, што і першае чытанне закона адбылося ў чэрвені 2017 года – праз 3 месяцы пасля заканчэння «дармаедскіх» пратэстаў. Хаця да гэтага законапраект, ужо паступіўшы ў Палату, «марозіўся» там амаль паўгады – відавочна, як не самы прыярытэтны.

Падаецца, што чый бок зойме беларуская армія ў выпадку беларускай агрэсіі залежыць не столькі ад прапісаных у законе функцый колькі ад настрояў і накірунку мыслення пераважнай часткі салдат і афіцэраў – асабліва афіцэраў вышэйшага звяна. Калі хочаце – ад таго, хто ажыццяўляе культурную гегемонію ў войску. А пакуль у беларускім войску рыхтуюцца змагацца з войскамі NATO, праслаўляюць Суворава і рэгулярна трэніруюцца разам з расійскімі дэсантікамі, усе «громагалосныя» прававыя акты аб абароне канстытуцыйнага ладу будуць хіба што дэкларацыямі аб намерах. Таму гэтыя змены ў закон — хутчэй падстрахоўка і паліятыў. Гэта той мінімум, які Лукашэнка можа беспакарана зрабіць у межах адведзенага яму вузкага поля манёўраў. А заадно – у якасці прыемнага бонусу — гэтыя сімвалічныя папраўкі, да таго ж, дазволяць яшчэ больш эфектыўна расправіцца з унутранай пагрозай, якая як дамоклаў меч заўсёды навісае і будзе навісаць над любым аўтарытарным рэжымам.

Відавочна і тое, што характарыстыкі беларускай арміі вызначаюцца не патрэбамі беларускага народа, а тое, якую пагрозу менавіта ў сённяшні дзень Лукашэнка лічыць больш актуальнай: заходнюю, усходнюю, ці ўнутраную. І для таго каб змяніць гэты стан рэчаў, патрэбныя перамены куды больш грунтоўныя, чым можа сабе дазволіць Палата прадстаўнікоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць