Сутыкненне цывілізацый у 53-м тралейбусе

Каб назіраць за сутыкненнем цывілізацый, зусім не абавязкова мець здольнасці думаць геапалітычнымі катэгорыямі. У Беларусі такога кшталту сутыкненні адбываюцца штодзень практычна на ўсіх узроўнях штодзённага жыцця.

Да прыкладу, аўтару гэтых радкоў на днях у гарадскім тралейбусе па дарозе ў родную Малінаўку (маршрут № 53) пашчасціла стаць сведкам адметнага эпізоду. На просьбу кандуктара прад’явіць квіток добра апрануты мужчына, не паварочваючы галавы, зняважліва буркнуў: «Адміністрацыя». Гэтага было дастаткова, каб у кандуктара знікла жаданне настойваць на сваёй просьбе. Думаю, што нікога з чытачоў падобныя паводзіны кандуктара не здзівілі, але пры чым тут сутыкненне цывілізацый, і якія цывілізацыі ў гэтым выпадку сутыкнуліся?



Каб назіраць за сутыкненнем цывілізацый, зусім не абавязкова мець здольнасці думаць геапалітычнымі катэгорыямі. У Беларусі такога кшталту сутыкненні адбываюцца штодзень практычна на ўсіх узроўнях штодзённага жыцця.

Да прыкладу, аўтару гэтых радкоў на днях у гарадскім тралейбусе па дарозе ў родную Малінаўку (маршрут № 53) пашчасціла стаць сведкам адметнага эпізоду. На просьбу кандуктара прад’явіць квіток добра апрануты мужчына, не паварочваючы галавы, зняважліва буркнуў: «Адміністрацыя». Гэтага было дастаткова, каб у кандуктара знікла жаданне настойваць на сваёй просьбе. Думаю, што нікога з чытачоў падобныя паводзіны кандуктара не здзівілі, але пры чым тут сутыкненне цывілізацый, і якія цывілізацыі ў гэтым выпадку сутыкнуліся?

23 гарантыі

Калі звярнуцца да аўтара тэорыі сутыкненняў цывілізацый амерыканскага палітолага Самюэля Хантынгтана, то ў мінскім тралейбусе ў той дзень сутыкнулася заходняя цывілізацыя, вызначальнай характарыстыкай якой з’яўляецца панаванне закона, з праваслаўнай з яе рабалепствам перад начальствам. Паводле артыкула 1 Канстытуцыі, Беларусь — прававая дзяржава, так што на фармальным узроўні з заходняй прапіскай у нас усё добра. Аднак на ўзроўні штодзённых практык прававыя нормы на кіраўнікоў у Беларусі не распаўсюджваюцца. Пры гэтым не мае значэння, ці тое датычыць таямнічага прадстаўніка незразумела якой адміністрацыі або кіраўніка дзяржавы, які па сумяшчальніцтву з’яўляецца гарантам Канстытуцыі (артыкул 79). Дарэчы, словы з коранем «гарант» згадваюцца ў Канстытуцыі 23 разы.

Для таго, каб не падацца галаслоўным, прывяду прыклад наконт узроўню канстытуцыйных гарантый, які ўсім нам гарантуе Гарант. Паглыбляцца ў мінулае не будзем, звернемся да тэксту апошняга паслання, у якім, у прыватнасці, утрымліваецца напамін дэпутатам Нацыянальнага сходу пра неабходнасць хуткай справаздачы «перад беларускім народам за выкананне задач, пастаўленых на трэцім Усебеларускім народным сходзе і зацверджаных у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006–2010 гады».

Усебеларускі народны сход — гэта пазаканстытуцыйны орган. Ніякіх афіцыйных дакументаў пра парадак яго фармавання і яго палітычную кампетэнцыю не існуе. Калі ў 2006 годзе кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін паспрабаваў прыняць удзел у працы гэтага «ўсенароднага веча», то быў збіты людзьмі ў цывільным. Хоць ЦВК на той момант Казуліна ўжо зарэгістраваў у якасці кандыдата ў прэзідэнты, прызнаўшы тым самым больш за сто тысяч подпісаў, сабраных у яго падтрымку. Але подпісаў гэтых кандыдату ў прэзідэнты не хапіла, каб патрапіць у лік некалькіх тысяч дэлегатаў. Цікава, колькі ж подпісаў сабраў кожны з прысутных у зале Палаца Рэспублікі народны «абраннік»?

Гарант беларускай Канстытуцыі яшчэ ў 1996 годзе наступным чынам сфармуляваў уласнае палітычнае крэда: «Я сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павяду». Ці ёсць у Гаранта права на такі выбар? Безумоўна. У сучасным свеце можна налічыць не адзін дзесятак кіраўнікоў дзяржаў, якія адкрыта адмаўляюць цывілізаваны шлях развіцця, і ці не большасць з іх карыстаецца падтрымкай насельніцтва.

Зразумела, што далёка не ўсе беларусы згодны кіравацца ў бок, процілеглы ад цывілізаванага свету, пры гэтым выбар канкрэтнай дарогі, якая вядзе не туды, для іх другасны. Свет цывілізаваны ад свету нецывілізаванага адрозніваецца найперш сістэмай каштоўнасцей, а дыялог паміж прыхільнікамі розных каштоўнасцей практычна немагчымы. Пра каштоўнасці, як і пра густы, не спрачаюцца. Гарант гэту агульнавядомую ісціну ўвесь час падкрэслівае, напрыклад, хаця б тым, што інакш як «адмарозкамі» сваіх палітычных апанентаў не называе. Сам жа ён прыйшоў ва ўладу з апазіцыі «канструктыўнай». Была, як высвятляецца, і такая ў найноўшай гісторыі Беларусі. Гэта канструктыўнасць, як лёгка здагадацца, вызначалася наяўнасцю ў яе шэрагах будучага Гаранта. З яго пераходам у 1994 годзе ва ўладу сакрэт апазіцыйнай канструктыўнасці ў Беларусі быў згублены.

У чаканні другога прышэсця

Усё сказанае вышэй варта разглядаць у якасці спробы аўтара апраўдаць з’яўленне ў «Советской Белоруссии» інтэрв’ю старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Анатоля Ляўковіча. Нагадаю, інтэрв’ю было апублікавана 16–17 красавіка пад назвай «Апазіцыя павінна супрацоўнічаць з палітычнай сістэмай, а не ставіць ёй палкі ў колы».

Але не ці не супярэчыць мая спроба апраўдаць імкненне спадара старшыні апазіцыйнай партыі супрацоўнічаць з палітычнай сістэмай маімі ж развагамі пра немагчымасць дыялогу ва ўмовах несупадзення сістэм каштоўнасцей? Не, не супярэчыць, бо ў гэтым выпадку ніякага каштоўнаснага несупадзення няма.

Спадар Ляўковіч лічыць сябе сацыял-дэмакратам. Ён мае права гэта рабіць. Ён таксама мае права ўкладаць у гэта паняцце любы, які яму заманецца, сэнс. Напрыклад, такі: «Мае партыйныя таварышы, і нават я, лічым (можа, суб’ектыўна!) прэзідэнта Лукашэнку стыхійным сацыял-дэмакратам. І няма нічога ганебнага або дзіўнага ў тым, што мы бачым перспектыву нашай партыі ў супрацоўніцтве з уладай, у падтрымцы яе прагматычнага курсу». Вось і цудоўна, вось і файна! Сапраўды, няма нічога ганебнага ў тым, што два беларускіх «сацыял-дэмакрата» нарэшце знайшлі адзін аднаго. Падобнае, як вядома, прыцягваецца да падобнага.

Ці азначае гэта, што ў Беларусі можа адбыцца другое прышэсце канструктыўнай апазіцыі? А чым чорт не жартуе! У часы сацыяльна-эканамічнай стабільнасці і ад «Белай Русі» карысці для ўлады практычна ніякай не было, а ва ўмовах, калі «чорнае крыло (крызісу) закранула і Беларусь», глядзіш, і сацыял-дэмакратычнае лыка ад спадара Ляўковіча спатрэбіцца. Нездарма ў краіне яшчэ ў чэрвені 2007 года была прынята Дырэктыва № 3 пад вельмі абнадзейлівай назвай «Эканомія і ашчаднасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». Кадры, у тым ліку і «сацыял-дэмакратычныя», — яны ж ва ўсе часы праходзілі па артыкуле «працоўныя рэсурсы», а таму да Дырэктывы № 3 маюць самае непасрэднае дачыненне.

Манастырская дэмакратыя

Інтэрв’ю спадара Ляўковіча не засталося не заўважаным калегамі па партыйнай апазіцыі. Практычна ўсе першыя асобы Аб’яднаных дэмакратычных сіл штосьці асуджальнае выказалі. Сёй-той нават паспрабаваў запатрабаваць адлучэння, але да гэтага справа не дайшла. Такія нясмелыя спробы адмежавацца ідэйна ад новага саюза «сацыял-дэмакратаў» былі заўважаны зверху, і вось ужо ўсё ў той жа «Советской Белоруссии» з’яўляецца абураны каментар: «Што ж гэта атрымліваецца? Калі цяпер, у той час як некаторыя палітычныя партыі, што аб’ектыўна не маюць рэальнай улады, так заўзята спрабуюць закрыць рот свайму ж таварышу, то страшна ўявіць, якія норавы ў грамадстве яны будуць насаджаць, калі раптам усё ж рэальна прыйдуць да гэтай самай улады. Можна ўявіць, які маштаб набудзе тады нецярпімасць да чужога меркавання! Няцяжка здагадацца, што з усіх прынцыпаў і ўладных інструментаў у сённяшніх шукальнікаў народнай любові застанецца адзін, затое універсальны і мабільны рык: «Ні-з-зя!» (Дзмітрый Крат «Каму патрэбна «паляванне на ведзьмаў»?», «СБ» ад 16.05.2009).

Цікавы пункт гледжання, асабліва калі ўлічыць, што ў першым абзацы артыкула «Каму патрэбна «паляванне на ведзьмаў»?» адстойваецца права кожнай газеты публікаваць «толькі тыя матэрыялы, якія адпавядаюць яе рэдакцыйнай і інфармацыйна-палітычнай лініі». А аб’яднанням палітычных партый, атрымліваецца, сваю лінію мець нельга?

З глыбіні стагоддзяў да нас прыйшла прымаўка, якая не рэкамендуе сунуцца са сваім статутам у чужы манастыр. Яна актуальна і сёння, бо не супярэчыць базавым каштоўнасцям цывілізаванага свету. Кожны манастыр, у рамках дадзенай сістэмы каштоўнасцей, мае права на свой статут і тым самым можа абмяжоўваць у яго доступ тых, хто патрабаванням статуту не адпавядае. Іншая справа, што ў цывілізаваным свеце ні ў каго няма права на стварэнне манастыроў-манапалістаў, і кожны грамадзянін пры жаданні можа арганізаваць свой уласны манастыр. Пры гэтым яму не патрэбна будзе ўзгадняць з гарадскімі ўладамі дазвол на арэнду памяшкання для правядзення ўстаноўчага з’езда будучага манаскага братэрства, а потым гадамі абіваць парогі мясцовага міністэрства юстыцыі ў беспаспяховых спробах прызнаць з’езд, які адбыўся, легітымным.

Усё гэта — простыя ісціны, але выпрацоўка адзінай пазіцыі на іх аснове ў расколатым па каштоўнасным прынцыпе беларускім грамадстве немагчымая, а таму добра апранутыя мужчыны са шматлікіх «адміністрацый», як і раней, будуць ездзіць бясплатна ў гарадскім транспарце, зрэшты, як і бамжы. Да іх таксама не чапляюцца кандуктары з патрабаваннем аплаціць праезд.

P.S.

На жаль, інтэрв’ю спадара Ляўковіча не стала падставай для сур’ёзнай размовы пра стратэгію і тактыку апазіцыі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму.

Каментаваць