Свабода прэсы ці ад прэсы?

Ва ўсім свеце па ініцыятыве ААН 3 мая адзначаецца як Сусветны дзень свабоды друку (World Press Freedom Day). Святу ўжо 25 гадоў. Аднак у Беларусі гэта свята са слязамі на вачах.

 

Фота: shutterstock.com


Дзівосныя рэйтынгі

 

У штогадовым рэйтынгу свабоды прэсы, які складае арганізацыя Freedom House, Беларусь па выніках 2015 года паднялася з 194 месца на 192, але ўсё роўна апынулася ніжэй за Сірыю, Іран, амаль усе афрыканскія краіны, Кітай, Азербайджан, Казахстан і іншыя краіны, палітычныя рэжымы якіх складана назваць больш мяккімі, чым у Беларусі.

 

Падаецца, такое месца дае магчымасць аспрэчваць сам рэйтынг. Сапраўды, пра якую свабоду друку можна казаць у Сірыі, дзе ідзе вайна, альбо Кітай, які стаў сімвалам кантролю інтэрнэту?



 

А Беларусь жа наладжвае адносіны з Захадам, і, нібыта, вырываецца з самаізаляцыі. Вось нядаўна Еўропа скасавала санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў.

 

Прычым патрабаванне «лібералізацыі» сферы СМІ ў патрабаваннях Еўропы да сінявокай гучыць таксама рэгулярна, як і правядзенне свабодных і празрыстых выбараў па стандартах АБСЕ.

 

Сапраўды, гучыць. І сапраўды, у медыйнай прасторы, гэтак жа, як і ў пытанні выбараў, нічога не змяняецца. А калі змяняецца, то ў горшы бок. У прынцыпе, гэта заканамерна, бо свабодныя СМІ — неад’емная частка выбарчага працэсу. Без свабодных СМІ няма дыскусіі ў грамадстве, няма абмеркавання кандыдатаў і іх праграм, а значыць, няма і асэнсаванага выбару.

 

Пятля, да якой усе прызвычаіліся

 

Ёсць такі стары анекдот, як павесілі беларуса. Праз гадзінку прыйшлі, а ён вачыма лупае. «Як так?» — пытаюцца. А ў адказ: «Спачатку цяжкавата дыхаць было, потым прызвычаіўся».

 

Беларускія недзяржаўныя СМІ — той жа беларус, якога не вытруціш і дустам. Калі вяртацца да рэйтынгу, то дырэктар аддзела Freedom House ў Вільні (які, у тым ліку, адказвае і за Беларусь) Віціс Юрконіс патлумачыў нізкае месца Беларусі вельмі проста. «У вас пазітыўных зменаў няма. На міжнародных мерапрыемствах, кажучы пра Беларусь, я бачыў здзіўленне журналістаў або блогераў з Кубы, Афганістана, Анголы ці М’янмы. Для іх некаторыя абмежаванні свабоды слова ў Беларусі выглядалі неспасціжнымі, яны не маглі паверыць, што такое магчыма ў еўрапейскай краіне», — сказаў ён TUT.by.

 

Па ягоных словах, праблемы Беларусі ў сферы свабоды слова звязаны з «занадта вялікім уплывам і ціскам уладаў».

 

Сапраўды, беларускі друк хутчэй выжывае, чым жыве. Шматлікія рэпрэсіўныя абмежаванні, якія ўсталёўваліся падчас «ідэалагічнай барацьбы», ніколі і нікім не здымаліся, і фармальна працягваюць дзейнічаць бясконца.

 

Напрыклад, перад прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года для дзяржаўных прадпрыемстваў была папера «для службовага карыстання» з загадам не даваць ніякай рэкламы «нячэсным» — то бок, недзяржаўным сродкам масавай інфармацыі. Гэты загад дзейнічае і дагэтуль. Нягледзячы на то, што прайшло 15 гадоў.

 

Потым пачалі «ціснуць» прыватнікаў: рэклама ў недзяржаўных СМІ выклікала падатковыя праверкі і іншыя непрыемнасці. Даходзіла да таго, што бізнесоўцы гатовыя былі даць грошы любімай газеце «на рэкламу, але без рэкламы».

 

«Барацьба са штучнымі манаполіямі», якую дваццаць гадоў вядзе сінявокая, ніяк не адбіваецца на скасаванні манаполіі «Белпошты» і «Белсаюздрука» на распаўсюд друкаваных выданняў. Зразумела, «непажаданыя» выданні ў гэтыя сістэмы не трапляюць. Ніхто, канешне, не кажа пра палітыку: проста гэтыя структуры афіцыйна з’яўляюцца «камерцыйнымі». І на ўсе запыты аб распаўсюдзе адказ адзін: «Заключаць з вамі кантракт на распаўсюд — нашае права, а не абавязак. А мы з вамі заключаць кантракт не хочам».

 

Напрыканцы 2008 года ўлады пагадзіліся на «лібералізацыю» і перадалі Еўрасаюзу сваю згоду на некаторыя змены ў Выбарчы кодэкс. Сярод іншага ў дакуменце паведамлялася пра дазвол на распаўсюд «Народнай волі» і «Нашай Нівы». Гэтыя два выданні і вярнуліся ў дзяржаўную сістэму распаўсюду. Вось і задавайце пытанне: «Белсаюздрук» і «Белпошта» — камерцыйныя структуры, і палітыка тут ні пры чым?

 

Адсячы ад інфармацыі

 

Але прэсу спрабуюць задушыць не толькі фінансава. Закон аб дзяржслужбе фактычна забараніў чыноўнікам стасавацца з журналістамі. Згодна з ім, «мэтазгоднасць публікацый і выступленняў дзяржаўных службоўцаў, звязаных з выкананнем службовых абавязкаў, вызначаецца кіраўніком дзяржаўнага органа, у якім дзяржаўны службовец займае дзяржаўную пасаду, або ўпаўнаважанай ім асобай». То бок, кожнае слова журналісту павінна быць узгоднена з начальнікам альбо ідэолагам. З гэтай нагоды некаторыя крыніцы інфармацыі проста «заторкнуліся».

 

Як частку гэтага можна ўзгадаць і прэзідэнцкія выбары 2010 года, калі з адвакатаў па «гучных справах» бралі падпіску «аб неразгалошванні матэрыялаў следства» пад пагрозай пазбаўлення адвакацкай ліцэнзіі. Пры тым, што «матэрыялы следства» падчас самога следства безліч разоў змяняюцца, пад падпіску патрапляе ўсё — нават умовы знаходжання падабароннага ў турме. Гэтая практыка захоўваецца дагэтуль.

 

З гэтай жа серыі і знакамітая «праблема акрэдытацыі». Хоць адсутнасць акрэдытацыі не павінна з'яўляцца перашкодай для свабоднага ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці, на практыцы інстытут акрэдытацыі ў Беларусі часцяком выкарыстоўваецца для абмежавання доступу журналістаў да інфармацыі. Для таго, хто працуе без акрэдытацыі, існуе пакуль што адміністрацыйны артыкул за «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

 

Адсюль паўстае праблема «фрылансу», калі чалавек проста піша для выдання альбо сайта, не звязваючы сябе нейкімі дамовамі. Па логіцы ўлады, ён не павінен гэтага рабіць, бо не з’яўляецца журналістам. Нягледзячы ані на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, якая засведчвае права чалавека на распаўсюд інфармацыі незалежна ад дзяржаўных межаў, ані на Канстытуцыю Беларусі, дзе гарантуецца права грамадзяніна на распаўсюд інфармацыі.

 

Чап-чап па клавіятуры

 

У апошнія часы ўлада імкнецца ўзяць пад кантроль і інтэрнэт. З 2010 года дзейнічае Указ №60, які прадугледжвае абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў з незаконным або непажаданым кантэнтам. З пачатку 2015 года Мінінфармацыі можа «перакрываць» доступ не толькі да айчынных, але і да замежных сайтаў. «Генеральная рэпетыцыя» такой блакіроўкі прайшла напрыканцы 2014 года, калі кіраўніца Мінінфарму Лілія Ананіч абвінаваціла журналістаў у раздзьмухванні панікі на валютным рынку. Праўда, гэты рынак і без таго ляжаў пад «дэнамінацыяй» і знакамітым «падаткам на абмен валюты». Больш за дзясятак афіцыйна зарэгістраваных СМІ некалькі дзён былі «закрытыя» для беларускага гледача. Варта заўважыць, — закрытыя незаконна, бо на той момант папраўкі ў Закон аб СМІ не набылі моц. І, што характэрна, адказнасці за парушэнне свабоды слова ніхто так і не зазнаў.

 

Патрабаванні пра ліквідацыю парушэнняў заканадаўства аб СМІ могуць прад’яўляць не толькі Міністэрства інфармацыі, але і іншыя дзяржаўныя органы.

 

А нядаўна Мінінфарм вынес папярэджанні «Ежедневніку» і «Нашай Ніве». Ej.by атрымаў па шапцы за тое, што матэрыял пра беларускае войска суправаджаўся фатаграфіяй нямецкай тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны. Такая кампіляцыя тэксту і фатаграфіі дыскрэдытуе Узброеныя сілы Беларусі, палічылі ў міністэрстве. NN.by атрымала папярэджанне за ліст чытача ў рубрыцы «меркаванні».

 

І ўсё ж: Беларусь ці Сірыя?

 

Калі паглядзець на сітуацыю «зверху», то з рэйтынгам Freedom House можна пагадзіцца. У Сірыі журналіста могуць забіць падчас ваенных дзеянняў. І праца журналіста там лічыцца ўсяго толькі небяспечнай. А ў Беларусі свабода слова знаходзіцца пад свядомым, планамерным і мэтанакіраваным ціскам. Вось таму нашая краіна — ніжэй за Сірыю.

 

І толькі існаванне недзяржаўных СМІ, якія можна пералічыць па пальцах, не дае нам скаціцца да ўзроўню Паўночнай Карэі.



Каментаваць