Швейцарскі дабрачынца пастар Андрэас Гёрліх

Гэтымі днямі ў Мінску знаходзіўся Андрэас Гёрліх — пастар рэфармісцкай царквы са Швейцарыі, немец па паходжанні, адзін з тых, хто першым працягнуў руку дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Андрэас Гёрліх пагадзіўся на інтэрв’ю «Новаму Часу».





З Беларуссю Андрэаса звязваюць 25 гадоў жыцця. Сам пастар Гёрліх наведваў нашу краіну больш за 20 разоў. Шмат часу праводзіў у рэгіёнах, забруджаных радыяцыяй. 


— Прайшло 30 гадоў з таго моманту, як выбухнуў Чарнобыль. Пра гісторыю дапамогі з боку Германіі і Швейцарыі ахвярам трагедыі напісана і сказана ўжо шмат. Наколькі сёння на Захадзе, прынамсі, у Германіі і Швейцарыі застаецца гатовасць дапамагаць беларускім ахвярам выбуху на ЧАЭС?


— Калі я кажу пра Швейцарыю, то гатовасць дапамагаць усё яшчэ застаецца даволі высокай. У нас яшчэ ёсць даволі шмат ініцыятыў, якія запрашаюць дзяцей.


А вось што тычыцца Германіі, то там адбыўся істотны паварот. Натуральна, немцы былі першыя, хто ў вялікіх памерах пачалі дапамагаць Беларусі, і цяпер, відаць, яны стаміліся. Некаторыя ўзялі паўзу, некаторыя зусім спынілі свой занятак такой дзейнасцю. Ёсць шмат кіраўнікоў ініцыятыў, якія папросту сталі старымі ці нават памерлі, а вельмі важным быў той чыннік, што дзейнасць такіх ініцыятыў у Германіі звязвалася з канкрэтнымі асобамі і круцілася вакол іх. Таму зараз у Германіі актыўнасць звязана больш з моладзевымі ці прафесійнымі альбо адукацыйнымі абменамі, у той час як у Швейцарыі застаецца жаданне запрашаць на аздараўленне дзяцей. Тое ж тычыцца, дарэчы, і Італіі.


— Я ведаю шмат немцаў, якія многія гады займаліся праблемамі Чарнобыля, але пасля пераключыліся на Чачню. І зараз узнікла яшчэ вялікая праблема для Еўропы — уцекачы з Сірыі ды іншых праблемных краін.


— Натуральна, вельмі цяжка аказваць доўгатэрміновую дапамогу ў гуманітарным сэнсе. Тэмы мяняюцца, мяняюцца запыты, і на сёння сапраўды з’явілася шмат новай працы. Я таксама дапамагаю ўцекачам. Я езджу ў Ірак ў лагер уцекачоў і дапамагаю, каб малыя і дарослыя заставаліся там і не накіроўваліся ў Еўропу. Гэта яшчэ і вялікая праца ў пытанні фарміравання свядомасці.


Але, калі ў нас ёсць добрыя журналісты, якія могуць паказаць у Еўропе матэрыялы, наколькі гэта важна — працягваць дапамогу ахвярам Чарнобыля, дзецям Чарнобыля, калі робіцца акцэнт на тым, што гэтая дапамога не павінна спыніцца, то ў нас і атрымліваецца, што чарнобыльскія праекты працягваюцца. Прызнаюся, што гэта стала нашмат цяжэй, бо з’явіліся новыя тэмы.


— Першыя “дзеці Чарнобыля” выраслі, ужо маюць сваіх дзяцей. Ці захоўваюцца кантакты паміж імі і нямецкімі ды швейцарскімі сем’ямі, якія іх у свой час прымалі?


— Шчыра кажучы, недзе на 10 адсоткаў, але гэтыя 10 адсоткаў кантактаў вельмі інтэнсіўныя і вельмі добрыя! Я літаральна днямі даведаўся, што швейцарская сям’я, якая прымала 15 гадоў таму  чарнобыльскае дзіця, была запрошана на вяселле гэтага дзіцяці. Гэта проста цудоўна! Я ведаю шмат нашых сем’яў, якія на сваіх аўто накіроўваюцца ў Беларусь, каб паказаць сваім дзецям гэтую краіну. Так, недзе 10 адсоткаў актыўных кантактаў. Яшчэ большую колькасць складае пастаянная перапіска паміж нашымі сем’ямі і іх чарнобыльскімі дзеткамі.


— Яшчэ гадоў пятнаццаць таму мы не маглі сабе ўявіць, што ў Беларусі, якая найбольш пацярпела ад “мірнага атама”, будзе будавацца ўласная АЭС. Як вы ставіцеся да гэтага факту?         


— І ў мяне ёсць заклапочанасць у гэтым плане, і я ведаю пра заклапочанасць у іншых суседніх з Беларуссю краінах, бо гэтая атамная электрастанцыя будуецца блізка ад іх межаў. У нас у Швейцарыі была такая сітуацыя, калі мы былі вельмі блізка ад таго, каб адмовіцца ад атамнай энергіі. Але зараз зноў з’явілася эканамічнае лобі, якое адцягнула выхад з атамнай энергетыкі на дзесяць гадоў.


Я заўважаю, як разважаюць людзі: гэта танная энергія, гэта добра для эканомікі, і тут ім нібыта на вочы наляпілі пластар, праз які нічога не відаць. Таксама мы заўважалі і ў Японіі, як людзі казалі: не, ніколі больш ніякай атамнай энергіі! Але там зараз зноў уводзіцца новы рэактар у эксплуатацыю. Я мяркую, што гэта заўсёдняя барацьба паміж дабрабытам, заможнасцю і ўсведамленнем таго, што атам ніколі не будзе мірным.



Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-04-30 21:45:22
Папраўце заг. (Анрэас = Андрэас).

Каментаваць