Тabula rasa грамадскай думкі

Куранят падлічваюць увосень. Гэты прынцып справядлівы і ў палітыцы. Вераснёўскае апытанне НІСЭПД прадставіла нам такую магчымасць.

Але пачну я не з рэйтынгаў, а з таго, што звычайна застаецца па-за полем зроку беларускіх экспертаў. Я пачну з грамадства. Да выбараў ужо рукой падаць, і мне здаецца, што самы час згадаць пра беларускае грамадства. Як яно там? Ужо прачнулася і пачало вывучаць праграмы кандыдатаў або ўсё яшчэ занятае сваімі паўсядзённымі клопатамі?



Куранят падлічваюць увосень. Гэты прынцып справядлівы і ў палітыцы. Вераснёўскае апытанне НІСЭПД прадставіла нам такую магчымасць.

Але пачну я не з рэйтынгаў, а з таго, што звычайна застаецца па-за полем зроку беларускіх экспертаў. Я пачну з грамадства. Да выбараў ужо рукой падаць, і мне здаецца, што самы час згадаць пра беларускае грамадства. Як яно там? Ужо прачнулася і пачало вывучаць праграмы кандыдатаў або ўсё яшчэ занятае сваімі паўсядзённымі клопатамі?

У апошнія месяцы на людзей абрынулася дастаткова супярэчлівая інфармацыя. Грэчка падаражэла, а бульба, насуперак шматгадовай традыцыі, адмовілася ўвосень таннець. Пенсіі прыкметна выраслі, чаго не скажаш пра зарплаты. Уключыш тэлевізар — а там чарговая беларуска-расійская «вайна».

Бульба супраць тэлевізара

І беларусы разгубіліся. Колькасць тых, хто адчуў паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча, за апошнія тры месяцы вырасла з 14% да 19% (галоўным чынам за кошт узроставай групы старэй за 60 гадоў). Але адначасова з 20% да 24% павялічылася колькасць суайчыннікаў, чыё матэрыяльнае становішча пагоршылася. Адбылася палярызацыя ў ацэнках. Адразу і не ўзгадаеш, калі такі эфект назіраўся раней.

У веры ў перспектыву «беларускай эканамічнай мадэлі» — свае праблемы. З аднаго боку, колькасць грамадзян, якія мяркуюць, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў найбліжэйшыя гады палепшыцца, практычна не змянілася. Было 25% — стала 26%. А вось песімістаў прыкметна пабольшала. Было 14% — стала 20%.

У ацэнках свайго матэрыяльнага становішча беларусы ідуць «ад жыцця». Гэта натуральна. Зірнуў на цэннікі, пералічыў грошы ў кашальку — і ўзрадаваўся або заплакаў. А вось ацаніць сярэднетэрміновую перспектыву развіцця сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне і палітычны курс, якім рухаецца карабель з ганарлівай назвай «Беларусь», шараговаму працаўніку складана. «Сваё» рашэнне ён прымае пад уздзеяннем «сваіх» СМІ. Для адных беларусаў «сваімі» з’яўляюцца СМІ дзяржаўныя, для іншых — незалежныя.

За апошнія тры месяцы колькасць прыхільнікаў курсу трохі падрасла (з 50% да 51%), а апанентаў — знізілася (з 34% да 32%). Змены, як бачыце, малаістотныя, у межах трох працэнтаў хібнасці. Але тут важны сам факт, што ва ўмовах інфармацыйнай «вайны» з Расіяй афіцыйны палітычны курс не зведаў рэвізіі грамадскай думкі.

А што ж з рэйтынгам адзінага палітыка (АП) краіны? У чэрвені ў параўнанні з сакавіком ён падрос на 4%, дасягнуўшы нядрэнных для пачатку выбарчай кампаніі 46 працэнтаў. Але вераснёўскае апытанне прынесла нечаканасць: замест далейшага росту адбылося паніжэнне да 39%. Спрэчка паміж тэлевізійнай выявай і бульбай (дробным оптам па паўдолара за кілаграм), мяркуючы па ўсім, вырашылася на карысць бульбы.

Палітык міжволі

39% — гэта адкрыты рэйтынг. Пры яго вызначэнні спіс палітыкаў не акрэсліваецца. Калі ж такі спіс прапанаваць, то мы атрымаем закрыты рэйтынг, які, як правіла, вышэй за адкрыты. У чэрвені ў АП ён склаў 44% (як і ў чэрвені 2006 года). Зрэшты, і колькасць грамадзян, што ні пры якіх акалічнасцях не згодныя галасаваць за АП, не змянілася (34%). Для кагосьці гэта плюс, для кагосьці — мінус. Усё залежыць ад палітычных густаў, але структура беларускага электарату стабільная, і гэта медыцынскі факт.

У канцы жніўня АП правёў нараду, на якой, звяртаючыся да прэм’ер-міністра Сідорскага, нагадаў базавы прынцып беларускай уладнай мадэлі: «Я политик, я должен думать о людях, а вы должны думать об экономике и финансах. У вас людей нет. Забудьте! В экономике люди не стоят за деньгами и за тракторами. Вы голый экономист. Вы должны приходить с министром финансов ко мне и бороться за каждый рубль, за каждую копейку. И это я должен говорить, что там за ними стоят люди».

Наогул, займацца эканомікай — гэта не гайкі круціць, а ладзіць адносіны з людзьмі. Але гэта да слова. Жнівеньская нарада спарадзіла безліч каментараў. Іх агульны сэнс перадае наступная цытата: «Прэзідэнт Беларусі пачаў падрыхтоўку да выбараў з пазбаўлення ад сваіх памочнікаў — тых, хто часта з’яўляецца на экранах тэлевізараў».

А зараз ад сцвярджэння, узятага са столі, звернемся да фактаў. У верасні адкрыты рэйтынг Сідорскага склаў 4,4%. Раней ён ніколі не вырываўся з трохпрацэнтнага статыстычнага гета (сярод апазіцыянераў, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы, самы высокі адкрыты рэйтынг у Някляева — 1,1%). Што да закрытага рэйтынгу, то ён у «голага эканаміста» падняўся да непрыстойных 13,2% (у Някляева — 5,1%).

Як такое магло здарыцца? Вазьму на сябе адвагу выказаць здагадку, што да росту рэйтынгу Сідорскага крытыка з боку АП дачынення не мае. Не мае да гэтага дачынення і сам прэм’ер-міністр. Нічога, што выходзіла б за рамкі звыклай руціны, ён не зрабіў. Уся справа ў грамадстве, дакладней, у трывозе, якая ахапіла яго. Гэтая трывога і знізіла рэйтынг АП. Тым самым шостае пачуццё «савецкіх беларусаў» — пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні — апынулася пад пагрозай. Рост рэйтынгу Сідорскага — следства своеасаблівага псіхалагічнага кампенсавання перад пачаткам выбараў.

Звярніце ўвагу: патрэба кампенсавання не прывяла да росту рэйтынгаў апазіцыйных палітыкаў. Такое назіралася і раней. Ад структуры беларускага электарату нікуды не падзецца. У кожнай яго часткі не толькі свае СМІ, але і свае палітыкі. Але ў аўтарытарнай часткі электарату — палітык адзін, а ў дэмакратычнай — іх шмат. Гэта адна з прычын нізкіх рэйтынгаў апошніх. Але калі падкараціць спіс, уключыўшы ў бюлетэнь для галасавання аднаго або двух прадстаўнікоў апазіцыі, — падчас усенароднага галасавання яны атрымаюць каля 30%. І так было ўжо тройчы.

А як там у вожыкаў?

Нацыянальныя асаблівасці бываюць не толькі ў рыбалкі і палявання. Галоўная асаблівасць беларускай паліталогіі мне бачыцца ў своеасаблівым поглядзе на грамадства. Па большай частцы погляд гэты не заўважае грамадства наогул. Таму палітычныя працэсы зводзяцца да супрацьстаяння ўлады і апазіцыі, а таксама назіраецца гіпертрафаваная ўвага да міжпартыйных «разборак». І сапраўды, гэта ж так цікава, як там у вожыкаў усё адбываецца! Аўтару гэтых радкоў пашчасціла назіраць гэты інтрыгоўны працэс па тэлеканале «Enamel planet». Не хаваю свайго расчаравання — ніякай камасутры. Усё як ва ўсіх.

Але на гэтым своеасаблівасць беларускай паліталогіі не заканчваецца. Ёсць такое паняцце — tabula rasa («белая дошка» або «чысты ліст»). Яго ўпершыню выкарыстаў Арыстоцель, параўноўваючы свядомасць маленькага дзіцяці з пакрытай воскам дошчачкай для пісьма. Разгладзіўшы на ёй воск, можна было сцерці напісаны раней тэкст, зрабіць яе чыстай і выкарыстаць зноў.

Вось такой tabula rasa ўяўляецца шматлікім палітолагам і палітыкам беларускае грамадства. Адсюль пастаянныя заклікі «змагацца за большасць», «выйсці з апазіцыйнага гета» і інш. На гэтай жа «тэарэтычнай базе» грунтуецца падвышаная ўвага да электаральных рэйтынгаў. Народ, маўляў, ад пэўнага персанажа стаміўся (або вось-вось стоміцца), што дазволіць «сцерці напісаны раней тэкст» любові да аўтарытарнага лідэра і на чыстым лісце грамадскай думкі напісаць нешта вельмі дэмакратычнае і праеўрапейскае.

Такога кшталту надзеі падсілкоўваюцца і легкадумным тлумачэннем вынікаў сацапытанняў. У прыватнасці, сацыёлагі НІСЭПД у сваіх справаздачах увесь час падкрэсліваюць, што змены грамадскай думкі, якія імі фіксуюцца, — рэакцыя на інфармацыю, генераваную СМІ і чуткамі. Але калі гэта сапраўды так, то падзел грамадства на прыхільнікаў і апанентаў улады ёсць прамы вынік прапаганды. У рамках такога кшталту ўяўленняў беларусы падзяляюцца на тых, хто ведае Праўду, і на тых, хто яшчэ не паспеў яе зразумець. Да апошніх неабходна гэту самую Праўду данесці.

Свая Праўда

Безумоўна, грамадская думка як інстытут (у заходнім разуменні) у Беларусі не сфармавалася, але магчымасці прапаганды абмежаваныя базавымі каштоўнасцямі і ўстаноўкамі расколатага беларускага грамадства.

Большасць прыхільнікаў АП з’яўляюцца носьбітамі сінкрэтычнай свядомасці. У рамках такой свядомасці няма месца для падзелу ўладаў. Адсюль вынікае ўспрыманне дзяржавы як патрыярхальнай сям’і, а яе кіраўніка як бацькі. Звернемся да афіцыйнай біяграфіі: «А.Р. Лукашэнка даражыць падтрымкай людзей і ганарыцца тым, што ў народзе яго называюць «бацькам» — так заўсёды звалі ў нас людзей аўтарытэтных, якія мужна баранілі інтарэсы сям’і і абшчыны...»

Для людзей з сінкрэтычнай свядомасцю распад СССР ператварыўся ў «величайшую катастрофу XXI века». Нічога дзіўнага ў гэтым няма: для іх любое ўскладненне жыцця выклікае дыскамфорт. У свой час гэта выдатна зразумелі бальшавікі, што спакусілі сялянскую імперыю сінкрэтычным царствам (камунізмам), у якім будзе сцёртая мяжа паміж горадам і вёскай, разумовай і фізічнай працай, знікне любая сацыяльная няроўнасць і г.д. Даць такім суб’ектам волю — і яны б сцерлі фізіялагічную мяжу паміж мужчынамі і жанчынамі.

Да гэтага часу шматлікія беларусы ўспрымаюць пасярэднікаў выключна як спекулянтаў. Іх паслухаць, дык селянін павінен сам гандляваць на рынку. Але так думаюць не толькі пенсіянеры. Прывяду фрагмент Паслання–2010: «Как только цены становились выгодными для так называемых спекулянтов и мошенников, здесь скупались товары по дешевке, а туда вывозились и продавались… У нас сахар сколько стоит? У нас где-то было до недавнего времени 500 долларов тонна, по-моему, а там 1000... Вы понимаете, что это такое? Тонну купил здесь, туда подальше завез и продал».

Звярніце ўвагу, спекулянт — гэта заўсёды прыватнік, іншымі словамі, чалавек, які пераследуе не агульнанародныя (сінкрэтычныя), а асабістыя мэты. Але калі дзяржава імкнецца прадаць «па добрых коштах» сельгаспрадукцыю або салярку, вырабленую з бяспошліннай нафты, то гэта не спекуляцыя, а ўменне гандляваць.

Прафесійным носьбітам Праўды неабходна памятаць: Праўда — у кожнага свая. Нічога новага ў гэтым няма. Вось толькі на Захадзе розніца паміж праўдамі левых і правых невялікая, а ў нас, ва ўмовах сацыякультурнага расколу грамадства, праўды прыхільнікаў і апанентаў АП падзяляе бездань, і падчас агітацыйных кампаній яе не пераадолець.

Каментаваць