«Талака»: мы не чараўнікі, але мы вучымся

З часу стварэння палітычнага альянсу «Талака» прайшло аж сем месяцаў. У параўнанні з іншымі ініцыятывамі, кшталту «Народнага рэферэндума», яна збольшага заставалася ў ценю. Нават пад час мясцовых выбараў яе дзейнасць вонкава абмежавалася адной прэс-канферэнцыяй па іх выніках. Затое шмат казалася па правал «праймерыз» у Бабруйску. Сёння ініцыятары «Талакі» паспрабавалі парушыць «зону маўчання».



Як высветлілася, за сем месяцаў існавання «Талакой» было зроблена даволі багата справаў. Найперш, як адзначыў палітык Віктар Карняенка, альянс быў разлічаны на «ўцягванне людзей у палітыку». «Збольшага, гэта атрымліваецца. Пад час мясцовых выбараў і іншых кампаніяў да нас далучылася больш за 400 чалавек. Беларусы, яны такія: іх хвалююць свае праблемы. Нашая задача, каб яны аб’ядноўваліся разам для вырашэння гэтых праблемаў, і праз гэта ўдзельнічалі і ў палітычным жыцці. Мы даводзім людзям, што ўсе іх высілкі па адстойванні сваіх правоў могуць мець плён толькі ў тым выпадку, калі зменіцца сістэма выбару ўлады. То бок, калі ў краіне няма выбараў, то і ўлада не адказвае за свае дзеянні перад людзьмі, і адстойваць свае інтарэсы складана», — адзначыў Карняенка.

Канешне, галоўная мэта альянсу «Талака» — гэта вяртанне ў Беларусь дэмакратычных выбараў. Але і без гэтага альянс правёў даволі вялікую працу, лічыць старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін. «Гэта і кампанія супраць пошліны на выезд з Беларусі ў 100 долараў: супраць яе выступілі людзі, і мы праводзілі адпаведную кампанію. У выніку гэтая пошліна ўведзеная не была. З ініцыятывы Аб’яднанай грамадзянскай партыі мы правялі кампанію супраць павелічэння падатку на дададзеную вартасць з 18% да 22%. Урад сур’ёзна абмяркоўваў гэты крок, але пад ціскам грамадскасці павышэння не адбылося. Гэта і ініцыятыва ўлады аб плантым наведванні паліклінікаў — я слухаў пасланне Лукашэнкі, дык ён адмовіўся ад такой ініцыятывы, карыстаючыся нашымі аргументамі», — заявіў Калякін.

Шмат было і пытанняў з дадатковым падаткам на аўтамабілі. Хоць яго і ўвялі, аднак, па словах Калякіна, «рэзананс быў гучнейшы». «Ва ўсіх выпадках мы падкрэсліваем, што ўсе гэтыя праблемы будуць існаваць да тае пары, пакуль улада ў нас не абіраецца на сумленных выбарах», — сказаў Калякін.

Пры ўсёй «нябачнасці» «Талакі» на мясцовых выбарах, Калякін лічыць гэтую кампанію для альянса надзвычай паспяховай. «Калі ўзяць дадзеныя ЦВК, то 72% кандыдатаў ад дэмакратычных партыяў — прадстаўнікі «Талакі». 56% назіральнікаў — таксама «талакоўцы», — зазначыў Калякін. Нягледзячы на тое, што ў якасці кандыдатаў кампанію праводзілі 174 чалавекі, «якія яўна ведалі, што мандатаў ім не дадуць», пад час радыёвыступаў і перадвыбарчай кампаніі гэтыя людзі ахапілі сваёй агітацыяй каля 2 міліёнаў чалавек.

Таму, па ягоным меркаванні, «Талака» рухаецца ў слушным кірунку».

Пра далейшыя планы «Талакі» распавёў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. І тут працы багата, зыходзячы з асноўнай задачы альянсу — уцягвання грамадзянаў у палітычны працэс.

Найперш, зараз «Талака» і яе суб’екты ўжо займаюцца найважнейшай, па меркаванні Лябедзькі справай — інфармаваннем насельніцтва пра тое, што было на мясцовых выбарах і ці былі яны выбарамі ўвогуле. Зараз альянсу ўжо недастаткова, каб людзі проста не верылі ў тое, што выбары ў Беларусі з’яўляюцца сапраўднымі і вольнымі. Зараз трэба, каб людзі разумелі: без свабодных выбараў немагчымыя перамены ў краіне.

У працяг гэтай працы сябры альянсу будуць ствараць сваоеасаблівыя «цэнтры па працы з прыхільнікамі». Канешне, амаль у кожнай партыі ў рэгіёнах ёсць офісы, але трэба месцы, дзе людзі б збіраліся і абмяркоўвалі нейкія праблемы. Па словах Лябедзькі, такіх цэнтраў з дзясятак у рэгіёнах ужо створана.

Без увагі не засталася і кампанія «Сумленная гульня» пад час Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Зразумела, у сталіцы Беларусі шмат мерапрыемстваў па аб’ектыўных прычынах будзе правесці немагчыма, але галоўнае тут — міжнародны ціск на ўлады Беларусі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў. Сяргей Калякін падкрэсліў: у гэтай справе сябры «Талакі» выступаюць своеасаблівымі «генератарамі ідэяў». «Тыя, хто ездзіць у Польшчу, на польскім баку могуць пабачыць вялізныя прыдарожныя банеры з партрэтамі беларускіх палітвязняў. Журналісты, якія маюць намер прыехаць на Чэмпіянат свету, ужо зараз цікавяцца сітуацыяй у Беларусі, і пішуць пра гэтую праблему. Гэта тая самая самаарганізацыя, на якую мы разлічваем: бо не мы праплацілі і размясцілі гэтыя банеры, не мы кажам журналістам, пра што ім пісаць. Яны самі гэта робяць», — падкрэсліў Калякін.

Сумесна з «Еўрапейскім дыялогам аб мадэрнізацыі Беларусі» будзе праводзіцца кампанія папулярызацыі тых ідэй, якія гэтай ініцыятывай былі распрацаваныя. «Мы павінны давесці людзям, шт ў выпадку змены ўлады не будзе ніякага крызісу, ніякай ломкі, што мы маем дакладны план і механізмы па прывядзенню краіны ў нармальнае рэчышча», — адзначыў Лябедзька.

Але самае цікавае тое, што «Талака» мае намер бліжэйшым часам стварыць свой антыкарупцыйны даклад. Вядома, што такая рэч па загадзе Аляксандра Рыгоравіча зараз распрацоўваецца ў ягонай Адміністрацыі. Але «антыкарупцыйны маніторынг» ад «Талакі» мае быць больш цікавы і грунтоўны.

«Так, Лукашэнка ў пасланні шмат казаў пра карупцыю сярод намеснікаў міністраў, намеснікаў у «вертыкалі», суддзяў, і казаў, што адказныя за гэта ў тым ліку і іх начальнікі. Але хто ж прызначае ўсіх «вертыкальшчыкаў», кіраўнікоў канцэрнаў, суддзяў? Гэта непасрэдна кіраўнік дзяржавы! Дык хто адказны за карупцыю?», — сказаў Калякін.

Таму на прадмет карупцыйнасці будзе прааналізавана ўся сістэма дзяржаўнага апарату. «Пры такой сістэме «адсяканне галоваў», — справа марная. Гэта як гідра, дзе галаву адсячэш — вырастаюць дзьве», — дадаў ён.

Але ўсіх планаў «талакоўцы» не раскрываюць. «А тое будзе, як у Бабруйску, калі мы ўсё раскрылі, і атрымалі правал «праймерыз», — адзначыў Лябедзька.

Так што, можа быць, пра «Талаку» мы нешта і пачуем. Планаў багата, з рэалізацыяй іх ёсць праблемы. Як сказаў Калякін: «Мы не чараўнікі, каб імгненна ператварыць краіну ў дэмакратычную, але, калі да гэтага не рухацца, то вынікаў і не будзе».

Каментаваць