«Тэндэнцыя ў развіцці»

Усё ж такі рэкорд мінулых выбараў па датэрміновым галасаванні не пабіты. Па дадзеных ЦВК, да дня выбараў — 11 верасня — прагаласавалі 31,29% выбаршчыкаў. Але ж мінулыя выбары былі прэзідэнцкімі (на іх датэрмінова прыйшлі каля 36% электарату). Што тычыцца парламенцкіх — дык так, рэкорд.



Праўда, «карцінку», як заўсёды, псуюць незалежныя назіральнікі. Па іх дадзеных, яўка на датэрміновае галасаванне шмат дзе была прымусовай. І не верыць ім нельга, бо сама Лідзія Ярмошына наказала лічыць «настойлівую рэкамендацыю» кіраўнікоў навучальных установаў студэнтам прагаласаваць датэрмінова «подкупам выбаршчыкаў».

Але і гэта не дазволіла камісіям «нацягнуць» патрэбную яўку. Як сведчаць назіральнікі «Права выбару», толькі на няпоўных 20% участках, ахопленых назіраннем, лічбы датэрмінова прагаласаваўшых супалі і ў камісіі, і ў назіральнікаў. У 80% выпадках камісіі займаліся «прыпіскамі». Прычым, лічбы сягалі шалёных узроўняў. Напрыклад, на участку №637 у Мінску (Каліноўская выбарчая акруга №108) паводле дадзеных УВК прагаласавала 1.657 выбаршчыкаў (альбо 78,9% ад спіскавай колькасці выбаршчыкаў), а па падліках назіральнікаў у датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел толькі 992 выбаршчыкі (альбо 47,2% ад спіскавай колькасці выбаршчыкаў). Увогуле ж лічбы адрозніваліся на пяць і больш працэнтаў.

Пры гэтым афіцыйныя паказчыкі яўкі на тых участках, дзе няма назіральнікаў, часцей за ўсё вышэй за яўку на тых участках, дзе вядзецца назіраннне. Напрыклад, на участку №135 у Мінску, дзе пастаянна быў назіральнік, 7 верасня прагаласавалі 43 чалавекі, а на суседнім участку №134 у той жа школе, але дзе няма назіральнікаў, яўка была больш чым у чатыры разы — 189 чалавек.

Назіральнікаў ад «Права выбару» можна лічыць заангажаванымі ў працэс. Але ж і «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што «назіральнікамі кампаніі адзначана не менш чым на 55% УВК несупадзенне колькасці прагаласаваўшых датэрмінова, прадстаўленых УВК, з дадзенымі назіральнікаў… На некаторых УВК розніца ў дадзеных камісій і назіральнікаў па яўцы выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні насіла анамальны характар — у два, тры, пяць і нават у дзесяць разоў болей за дадзеныя назіральнікаў».

На шэрагу ўчасткаў у Мінску (акругі №103 і №108) назіральнікамі былі выкрытыя «карусельшчыкі» — адмысловыя групы асобаў, якія галасавалі на розных участках неаднаразова, прычым праца гэтых арганізаваных груп ажыццяўлялася са згоды і пры спрыянні некаторых сябраў УВК. На фотаздымках прадстаўнікі кампаніі «Права выбару-2016» зафіксавалі групу людзей, якія аддавалі свае галасы паўторна на розных участках № 631, № 635, № 607 і № 618.



Зразумела, і такім чынам можна павысіць яўку «датэрмінова прагаласаваўшых». І не проста прагаласаваўшых, а, напэўна ж, прагаласаваўшых «як трэба».

Цэнтарвыбаркам не тое што не бачыць нічога заганнага ў практыцы «загону» на датэрміновае галасаванне. Ён і сам спрычыняецца да гэтай практыкі. Смс-ку з заклікам прыйсці прагаласаваць аўтар гэтых радкоў і яго блізкія атрымаў у пятніцу. А не ў нядзелю — дзень асноўнага галасавання.

Не дзіва, што назіральнікі не задаволеныя. На тыдні, напрыклад, міністр замежных спраў сінявокай Уладзімір Макей, пакрыўдзіўся на прамежкавую справаздачу міжнародных назіральнікаў і іх калегаў, якія наведалі Беларусь. Ён адзначыў, што ацэнка «голых лічбаў і фактаў» міжнароднымі назіральнікамі не з’яўляецца асноўнай у працэсе назірання. «Трэба глядзець на развіццё сітуацыі ў тэндэнцыі. Толькі такі падыход дасць аб’ектыўную ацэнку парламенцкім выбарам. Улады Беларусі нацэлены на тое, каб выбары прайшлі дэмакратычна і транспарэнтна», — зазначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

І дадаў: «Я абсалютна не прымаю заявы некаторых дзеячаў, якія просяцца ў Беларусь, наведваюць Беларусь і найперш, яшчэ да даты правядзення выбараў, ужо кажуць, што тут няма ніякай дэмакратыі і вынікі выбараў будуць непрымальныя. Яказ такія заявы і выклікаюць падазрэнні ў тым, што падобнага роду дзеячы прыязджаюць з нарыхтаванымі штампамі і ўстаноўкамі».

Відавочна, што Макей меў на ўвазе заявы кіраўніка Еўрапейскай народнай партыі Жосефа Доля, які наведаў Мінск на мінулым тыдні. Еўрапейскі палітык заявіў, што яму ўжо ясна: выбары не будуць сумленнымі, а сам ён не будзе «гуляць у спектаклі беларускіх уладаў».

Макея зразумець можна. Бо менавіта яму «прадаваць» гэтыя выбары на міжнароднай арэне. А з такімі вынікамі датэрміновага галасавання і справаздачамі назіральнікаў, поўнымі фактаў прымусу да галасавання, імі не вельмі і пагандлюеш. Асабліва пасля таго, як Ярмошына прызнала факт таго самага прымусовага галасавання.

З іншага боку, спадар міністр таксама паслізнуўся. Таму што заявы Доля якраз былі і выкліканыя «развіццём сітуацыі ў тэндэнцыі». Ужо колькі разоў казалі, што замежнікі ацэньваюць выбары не як вынік (тыя самыя «голыя лічбы і факты», пра якія казаў Макей), а як працэс. То бок той самай сітуацыяй у тэндэнцыі. А якую тэндэнцыю мы пабачылі?

ЦВК не толькі не выканаў рэкамендацыі АБСЕ ў галіне выбараў, дадзеных пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, але і, атрымалася, выхваляецца гэтым.



Чорт з імі, з тымі рэкамендацыямі. Але ж улады не выканалі і ўмовы, на якіх ЕС пайшоў на «размарозку» адносінаў з краінай, зняў санкцыі з беларускага чынавенства. Пра якія выбары можа ісці гаворка, калі не забяспечаная, напрыклад, свабода аб’яднанняў? Усе ўжо збіліся з падлікаў, колькі разоў улада на зарэгістравала партыю «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». У выніку хадэкі вымушаныя ісці на выбары пад сцягамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

За адносную свабоду сходаў удзельнікі гэтых сходаў плацяць вельмі дорага — прычым, у наўпроставым сэнсе гэтых словаў. Такое ўражанне, што акрамя як штрафамі з дэманстрантаў заторкнуць дзіркі ў бюджэце ўжо ніяк не можна.

Наконт свабоды прэсы мы лепш памаўчым. Сітуацыя ў гэтай галіне не змяняецца год каля 15-ці, а калі змяняецца, то ў горшы бок, як гэта было з інтэрнэтам. І ўключэнне кіраўніка БАЖ у выбарчы назіральны савет па СМІ гэтую тэндэнцыю ніяк не змяняе.

А пра свабоду выказвання і меркаванняў Макей хай лепш пагутарыць з Эдуардам Пальчысам, якога спачатку закрылі ў СІЗА за экстрэмізм, і толькі пасля гэтага (!) суд вызнаў яго артыкулы экстрэмісцкімі.

І гэтак — з усмі астатнім. Так што «тэндэнцыяў развіцці» відавочная. Дакладнай, відавочная «тэндэнцыя» — ніякага «развіцця» няма.


Каментаваць