Традыцыйны пачатак

Ніхто з ліку людзей дасведчаных нічога добрага не чакае ад падпісанай напярэдадні Новага года Дырэктывы № 4.



Ніхто з ліку людзей дасведчаных нічога добрага не чакае ад падпісанай напярэдадні Новага года Дырэктывы № 4.

Дакумент скіраваны на падвышэнне стымулаў дзелавой актыўнасці ў краіне. Гэта не першая спроба пад­ахвоціць людзей заняцца самастойнай эканамічнай дзейнасцю, пасля якой маёмасць тых, хто паверыў у чысціню ўладных памкненняў, выстаўлялі на продаж, а саміх нават саджалі ў турму. Памятаю, пасля адной чарговай «лібералізацыі», калі з вуліц падчыстую прыбралі прыватныя крамкі і шапікі, выпадкова сустрэў старога знаёмага, на той час суддзю гаспадарчага суда. Запытаўся, як цяпер ладзяць прысуды — па закону або па панятках. «Што ты, — адказвае, — па панятках».

Пасмяяліся і разышліся кожны ў свой бок. Бо калі сітуацыю ўспрымаць усур’ёз, то можна лёгка з глузду з’ехаць. Прыкладам, адзін прэзідэнт ужо даўно хварэе на цэзарызм, нават на цэзарапапізм. Але не з’яўляецца героем у антычным разуменні гэтага слова. Ён насамрэч мае і здаровае цела, і здаровы дух, як таго патрабуе вядомая формула. Але фізічная і духоўная субстанцыі ў дадзеным выпадку не ствараюць адзінага цэлага, не ствараюць асобы. Нават гуляючы ў хакей, ён ужывае адміністрацыйны рэсурс. Заахвоціўся б шахматамі, у Карпава б выйграў.

Хоць, мяркую, Каспараў з ім гуляць не пагадзіўся б. Бо відавочна ж, што наш «стратэг» у адзінаборствах ужывае выключна тактыку гётэўскага Райнекэ-ліса. Той, калі хто памятае, у адзінаборствах хватаў суперніка за геніталіі. Нават мядзведзя перамог.

Такі ж сорам перажыў і расійскі прэзідэнт. Але ж парымзаў крыху, дый зрабіў выгляд, што нічога не было. Гэтак жа і літоўская прэзідэнтка пасля хуткатэрміновага заезду ў Беларусь на ўвесь белы свет абвясціла, што з беларускім кіраўніком можна мець справу. Маўляў, ён хоць і дыктатар, але амаль еўрапейскі чалавек.

Цікава, што так лічылі (магчыма, і працягваюць) многія еўрапейскія палітыкі, якім хочацца за не надта вялікія грошы захаваць стабільнасць у Беларусі. Пэўны час таму мне давялося паразмаўляць з дэпутатам нямецкага бундэстага ад фракцыі ХДС-ХСС. Чалавек ён адукаваны, таму цалкам зразумеў мае аналогіі наконт Райнэке-ліса. Але адзначыў, што ў Еўропы ёсць надзейныя інструменты і што яна ніколькі не камплексуе з гэтай нагоды.

І што? Пасля 19 студзеня еўрапейскі палітычны істэблішмент перажыў такі ж сорам і жах, што і мядзведзь, які выйшаў на барацьбу з бессаромным лісам. Яны ведалі, што «враг хитер и коварен», але не змаглі паверыць, што настолькі. Калі ім пра гэта распавядалі, дык адказвалі: не можа такога быць. Маўляў, калі ён нас яшчэ хоць адзін раз падмане, мы яму больш ні за што не паверым і грошай не дадзім.

На Усходзе кажуць — сабака брэша, караван ідзе. Хто брэша, а хто і куды ідзе, хай чытач вызначыць самастойна. Звернем увагу на тое, што новы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, калі і кажа каму праўду, то не ўсю. А толькі тую, якая дэманструе перавагі беларускай сацыяльнай (ці ўжо сямейнай?) дзяржавы над Еўропай. Прыкладам, той жа Сідорскі шчыра не разумеў, чаму пры такім стане эканомікі ў Беларусі амаль няма афіцыйнага беспрацоўя. Па шчырасці, мог бы сам разабрацца, бо прэм’ер такія рэчы павінен разумець. Прыкладам, на біржу не ідуць рэгістравацца, таму што дапамога мізэрная, вакансіі дрэнныя, да таго ж не кожнага можна зарэгістраваць у якасці беспрацоўнага, а толькі таго, у адносінах якога здзейснена афіцыйная працэдура звальнення ў выніку скарачэння рабочых месцаў.

Карацей, стаць афіцыйным беспрацоўным у Беларусі не менш складана, чым прэзідэнтам. Хоць рэальнае (схаванае і адкрытае) беспрацоўе можа быць вялікім, і нават занадта вялікім. У Еўропе дзейнічае інстытут страхавання наёмных работнікаў. Чалавек, страціўшы працу, атрымоўвае дапамогу, сувымерную з унёскамі ў адпаведны фонд і яго былым сярэднім заробкам. То бок, амаль нічога не страчвае ні ва ўзроўні, ні ў якасці жыцця.

Таму рэальны ўзровень беспрацоўя адпавядае афіцыйнаму (зарэгістраванаму). А Мясніковіч, як і яго папярэднікі, ці не ведае (ці робіць выгляд) і цешыць публіку параўнаннямі — у Беларусі ўзровень беспрацоўя 0,7%, а ў Вялікабрытаніі — 7,9%.

Каментаваць