Трэцяе дзіцё — непад’ёмнае

Шмат хто з беларускіх палітыкаў любіць пагаварыць. Асобныя з іх вельмі падобныя да таго героя з «Рэвізора» Гогаля, у якога з кожным словам Цыцэрон з языка злятаў.



Шмат хто з беларускіх палітыкаў любіць пагаварыць. Асобныя з іх вельмі падобныя да таго героя з «Рэвізора» Гогаля, у якога з кожным словам Цыцэрон з языка злятаў.

І чым бліжэй прэзідэнцкія выбары, тым больш становіцца такіх умельцаў. Прыкладам, галоўны прэтэндэнт на першую ў краіне пасаду вельмі хораша выказаў сваю мару аб беларускай жанчыне: «Тое, што Гасподзь наканаваў жанчыне быць маці, бясспрэчна. Якая б кар’ера ні была, вам прыйдзецца займацца выхаваннем сваіх дзяцей. Я хачу, каб наша жанчына нараджала не менш за трое дзяцей».

Прыгожа сказана і неабыякава — з болем пра будучыню краіны.

Але, мусіць, галоўны прэтэндэнт не надта ведае тую краіну, якой кіруе ўжо 16 гадоў.

Дык вось, па звестках Белстата, у структуры малазабяспечаных сем’яў асноўную частку (67,9%) складаюць хатнія гаспадаркі, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

У сярэднім дзетныя сем’і маюць горшы матэрыяльны стан, чым астатнія. Зразумела, што лозунг «усё лепшае дзецям!» у дзяржаўнай рыторыцы мае прапагандысцкі сэнс. Калі, прыкладам, кіраўнік краіны разважае пра грамадскую неабходнасць БРСМ ці піянерскую арганізацыю, у якіх дзеці і моладзь атрымліваюць выхаванне ў лепшых традыцыях мінулых часоў.

Але для большасці бацькоў — гэта паўсядзённае жыццё з яго сапраўднымі і нялёгкімі клопатамі. Ведама ж, што дзецям неабходна якаснае і разнастайнае харчаванне, іх трэба прыгожа абуваць-апранаць, забяспечваць рэчамі і паслугамі, якія гарантуюць іх спартыўнае і культурнае развіццё.

І што атрымліваецца на справе? Як паказалі вынікі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак спецыялістамі Белстата (право­дзяцца рэгулярна штоквартальна), 5,6% ад іх агульнай колькасці ў першым паўгоддзі 2009 года мелі сярэднемесячныя рэсурсы ў памеры да 300 тысяч рублёў. Сярод сем’яў з дзецьмі гэты працэнт удвая вышэй — 10,5%, сярод сем’яў, у якіх двое і болей непаўналетніх дзяцей, амаль утрая — 17,1%.

Прычым тут улічаны не толькі ўсе віды непасрэдна грашовых паступленняў, у тым ліку сацыяльнай дапамогі дзецям, але і ўсіх іншых матэрыяльных прыбыткаў. Прыкладам, калі хатняя гаспадарка мае агарод на лецішчы або вядзе падсобную гаспадарку ў вёсцы, то кошт выгадаванай бульбы з морквай, пералічаны па дзеючых цэнах, заносіцца ў лік грашовых здабыткаў сям’і.

А камунальныя плацяжы, падаткі ды іншыя абавязковыя плацяжы ад агульнай сумы даходаў адымаюцца. Такім чынам, кожная дзетная сям’я мае ў месяц на чалавека не больш за 300 тысяч рублёў — не больш 100 долараў. Мусіць, нікому не трэба тлумачыць, што 100 долараў у месяц на дзіця — гэта не шмат. Калі ж улічыць доларавую інфляцыю апошніх гадоў, то і зусім мала.

І гэта ў сярэднім. Ёсць нямала сем’яў, чые даходы з улікам дапамогі дзяржавы ледзьве дацягваюць узроўню пражытачнага мінімуму, гэта значыць знахо­дзяцца на мяжы беднасці.

Наступная шкала вымярэння дабрабыту хатніх гаспадарак месціцца ў дыяпазоне ад 300 да 500 тысяч рублёў. Такі грошы «на кішэні» маюць 24% усіх беларускіх хатніх гаспадарак. Сярод усіх дзетных сем’яў іх ужо 35,3%, а сярод тых, у каго двое і болей дзяцей — 45,6%.

Вынікі падліку сумныя. Сярод увогуле не багатых беларусаў 29,6% сем’яў грошай на асабістыя выдаткі маюць не болей за 500 тысяч рублёў. Сярод сем’яў, якія выхоўваюць двух і больш дзяцей, гэты працэнт сягае да 62,7. Па сутнасці, такія сем’і ствараюць натуральную рэзервацыю, населеную сацыяльнымі аўтсайдэрамі. Ці лузерамі, як характарызуе бедных людзей расійскі прэзідэнт Мядзведзеў.

«Канстытуцыйная большасць» хатніх гаспадарак — 59,8% ад агульнай колькасці — маюць на душу рэсурсаў да 700 тысяч рублёў штомесяц. З агульнай колькасці дзетных сем’яў да гэтай даходнай нішы (ад 0 да 700 тысяч) належыць 74,3% сямей, у тым ліку з сем’яў з адным дзіцём — 67,8%, з тых, хто мае двое і болей дзяцей — ужо 85,1%!

Да вышэйшай па свабодных рэсурсах групы статыстыка аднесла хатнія гаспадаркі, якія маюць у месяц на душу болей 1 200 тысяч рублёў (каля 400 долараў). Такія грошы «на кішэні» маюць 9,8% усіх сем’яў. Па зразумелых прычынах, «багатых» больш за ўсё сярод хатніх гаспадарак з аднаго чалавека, потым ідуць бяздзетныя — 11,2%, потым сем’і з адным дзіцём — 6,4%, і найменшую вагу «багатых» складаюць сем’і з двума і болей дзяцьмі.

Заўважым, што раней да шматдзетных адносілі сем’і, у якіх было не менш за чацвёра дзяцей. Зараз нават трохдзетных настолькі мала, што яны не ўлічваюцца статыстыкай.

Такім чынам, можна лічыць, што матэрыяльныя праблемы адносна добра вырашаюцца ў зусім невялікай колькасці дзетных сем’яў, а астатнім даводзіцца прызвычайвацца да вонкавых эканамічных абставін, якія існуюць у краіне. Прыкладам, хатнія гаспадаркі без дзяцей выдаткоўваюць на харчаванне 41,5% сваіх рэсурсаў, а дзетныя сем’і — усяго 37,3%. І наадварот, на нехарчовыя тавары першыя маюць магчымасць расходаваць 32,8%, а сем’і з дзецьмі змушаны выдаткоўваць, у асноўным на адзежу, абутак, школьны рыштунак, 38,4% ад расходнай часткі сямейнага бюджэту.

Калі палітыкі гавораць аб боскай прыналежнасці беларускай жанчыны, яны маюць на ўвазе маральны і адказны выбар. Але жыццё стаіць іх у жорсткія рамкі. Або працуй, не пакладаючы рук, каб забяспечыць матэрыяльна аднаго або двух дзяцей, або нараджай трэцяе і абівай парогі дзяржаўных сацыяльных устаноў.

Пры такіх умовах сама магчымасць маральнага выбару знікае, як снег пад вясеннім сонцам. Бо трэцяе дзіця для сярэдняй сям’і сёння, на жаль, непад’ёмнае.
 

Каментаваць