Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Турчынаў: Падчас вучэнняў у Беларусі Расія будзе рыхтавацца да вялікай вайны

Падчас запланаваных на верасень сумесных з Беларуссю ваенных вучэнняў "Захад-2017" Расійская Федэрацыя будзе рыхтавацца да вялікай вайны з Захадам.

Фота bastion-karpenko.ru

Пра гэта заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў. Тэкст яго заявы апублікаваны 22 жніўня на сайце СНБА.

Турчынаў праводзіць паралель паміж будучымі вучэннямі і іншымі падобнымі манеўрамі узброеных сіл РФ перад расійска-грузінскім канфліктам у 2008 годзе і анексіяй Крыма ў 2014 годзе. Ён прыводзіць афіцыйныя даныя Міністэрства абароны Расіі, згодна з якімі ў вучэннях павінны ўзяць удзел каля 13 тыс. вайскоўцаў, 280 адзінак узбраення і ваеннай тэхнікі і 25 адзінак авіяцыйнай тэхнікі. Але ў СНБА Украіны лічаць, што ўдзел вайскоўцаў у вучэннях ацэньваецца ў 230-240 тыс. чалавек, баявой тэхнікі — больш чым у 10 тыс. адзінак, лятальных апаратаў — 100 адзінак, а караблёў і падводных лодак — 40 адзінак.

Пры гэтым Турчынаў лічыць, што манеўры ў Паўднёвай ваеннай акрузе УС РФ накіраваныя на стварэнне ўдарных груповак войскаў для новага ўварвання на тэрыторыю Украіны.

"Усё гэта ў сукупнасці сведчыць пра тое, што да вялікай вайны рыхтуюцца не УС РФ, а ўся расійская дзяржава з адпаведнымі выдаткамі матэрыяльных і іншых рэсурсаў. Такім чынам, падчас стратэгічных камандна-штабных вучэнняў "Захад-2017" Крэмль правярае, наколькі УС РФ і дзяржава ў цэлым гатовыя да вялікай вайны з Захадам", — заявіў сакратар СНБА.

Турчынаў упэўнены, што "на фоне складанай эканамічнай сітуацыі, якая прымусіла Крэмль нават звярнуцца да скарачэння ваенных артыкулаў дзяржаўнага бюджэту РФ, правядзенне такіх маштабных вучэнняў не можа быць толькі звычайным мерапрыемствам баявой падрыхтоўкі". "Гаворка ідзе аб дэманстрацыі рашучасці расійскага ваенна-палітычнага кіраўніцтва да жорсткай рэакцыі на любыя спробы НАТА/ЗША рэагаваць сілавым спосабам на чарговыя ваенныя авантуры Крамля на постсавецкай прасторы. Слабая прывабнасць грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай мадэлі сучаснай Расіі, абмежаванасць яе эканамічнага патэнцыялу, якая прагрэсуе, прымушаюць Крэмль звяртацца да "апошняга доваду каралёў" — ваеннай сілы. Такім чынам, ужо ў акрэсленай часавай перспектыве не выключаныя новыя спробы расійскага ваеннага ўмяшання ў справы Украіны, Беларусі, краін Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі", — сказаў на заканчэнне ён.

У сувязі з гэтым Турчынаў чакае вельмі сур'ёзнай рэакцыі заходніх дзяржаў на беларуска-расійскія ваенныя вучэнні.

Пра асцярогі ў сувязі з тым, што расійскія войскі пасля вучэнняў могуць застацца на тэрыторыі Беларусі, напярэдадні заявіў намеснік міністра абароны Польшчы Міхал Дворчык.

Сумесныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017" пройдуць з 14 па 20 верасня. На палігоне Барысаўскі, участках мясцовасці Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей, а таксама ў пунктах пастаяннай дыслакацыі воінскіх частак тылавога і тэхнічнага забеспячэння з 21 па 25 жніўня праводзяцца сумесныя спецыяльныя вучэнні з сіламі і сродкамі тылавога, тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі, якія з'яўляюцца падрыхтоўчымі перад асноўнымі вучэннямі. Як паведамляе Мінабароны Беларусі, у падрыхтоўцы да "Захаду-2017" задзейнічана больш за 2.500 ваеннаслужачых дзвюх краін і каля 500 адзінак спецыяльнай і аўтамабільнай тэхнікі.

Раней прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заяўляў, што для назірання за вучэннямі будуць накіраваныя запрашэнні прадстаўнікам замежных краін і міжнародных арганізацый. Паводле яго слоў, плануецца запрасіць ваенных назіральнікаў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі, Нарвегіі.

Мірончык адзначыў, што дзяржавы — удзельніцы АБСЕ, у тым ліку Беларусь, не абавязаныя запрашаць назіральнікаў на вучэнні такога маштабу, у якіх задзейнічана менш за 13 тысяч вайскоўцаў. "У той жа час, кіруючыся прынцыпам празрыстасці і дзейнічаючы па добрай волі, наша краіна ў ініцыятыўным парадку накіроўвае запрашэнні для ўдзелу ў назіранні за актыўнай фазай вучэнняў прадстаўнікам міжнародных арганізацый (ААН, АБСЕ, НАТА, АДКБ, СНД). Мы запросім і ваенных аташэ замежных краін, акрэдытаваных пры пасольствах у Беларусі", — сказаў ён.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг 13 ліпеня на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета Расія — НАТА ў Бруселі заявіў, што ў вучэннях возьме ўдзел больш сіл, чым заяўлена афіцыйна. "Цяпер занадта рана штосьці казаць, таму што вучэнняў яшчэ не было. Па вопыце папярэдніх вучэнняў у нас ёсць усе падставы меркаваць, што будзе задзейнічана больш сіл, чым афіцыйна заяўлена цяпер", — сказаў ён.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН


Абмеркаванне:

  • Ясь
  • 2017-08-22 22:30:03
Да - всё так и будет !!!! Если Кремлёвские Вояки влезут в в нашу Беларусь -- то их будет не выгнать ещё лет 70 !!!! Захватчики пришли к нам - Навсегда !...

Каментаваць