Twitter знайшоў некалькі тысяч новых акаўнтаў расійскай «фабрыкі троляў»

Сацыяльная сетка Twitter выявіла шматлікія кіраваныя з Расіі акаўнты, з якіх падчас прэзідэнцкай кампаніі 2016 года распаўсюджвалася інфармацыя, накіраваная на маніпуляцыю грамадскай думкай у ЗША, паведамляе DW.


Згодна з вынікамі новага даследавання, колькасць акаўнтаў, звязаных з «Агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў» з Пецярбурга, павялічылася з 1062 да 3814, паведаміў прадстаўнік Twitter ўвечары ў пятніцу, 19 студзеня. З іх было адпраўлена каля 176 тысяч паведамленняў. Паводле яго слоў, кампанія апавесціць па электроннай пошце каля 678 тысяч карыстальнікаў Twitter, якія абаніравалі гэтыя акаўнты, перасылалі далей паведамленні, якія паступалі ад іх, або адзначалі паведамленні кнопкай «мне падабаецца».

Па дадзеных кампаніі, твіты, якія рассылаліся з гэтых акаўнтаў, прытрымліваліся, як правіла, аднаго ўзору: нагнятаць канфлікты паміж палітычнымі і этнічнымі групамі ў ЗША.

Акрамя таго, Twitter выявіў новыя 13500 аўтаматычныя акаўнты, якія выкарыстоўваліся для больш шырокага распаўсюджвання інфармацыі. Агулам кампанія налічыла каля 50 тысяч такіх ботаў.

Паводле «Нашай Нівы»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць