У Курапатах усталяваны крыж у гонар Вацлава Ластоўскага

У Курапатах 22 красавіка ўсталяваны мемарыяльны крыж волату расстралянага беларускага Адраджэння Вацлаву Ластоўскаму (08.11.1883, былы засценак Калеснікаў Дзісенскага павета Віцебскай губерніі, цяпер Глыбоцкі раён Віцебшчыны — 23.01.1938, Саратаў, Расія).



Памятны знак славутаму навукоўцу і грамадска-палітычнаму дзеячу — акадэміку, мовазнаўцу, пісьменніку і прэм’ер-міністру Беларускай Народнай Рэспублікі ўзведзены грамадскімі намаганнямі з ініцыятывы аргкамітэту Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага.

Амаль год мастак Алесь Цыркуноў і разьбяр Юрась Камандзірчык пры арганізацыйнай падтрымцы намесніка старшыні аргкамітэту таварыства Віктара Яўмененкі працавалі над гэтым мемарыяльным крыжом з дубу — аздобілі яго алейнай размалёўкай і разьбою, пацягнулі лакам. Адкрыццё памятнага знаку  адбудзецца 29 красавіка а 14.00.

Нагадаем, што ў 2013 годзе аргкамітэт Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі заснаваў прэмію імя Вацлава Ластоўскага за значны ўнёсак у даследаванне і папулярызацыю гісторыі Беларусі, што прысуджаецца грамадскім актывістам, дзеячам культуры і мастацтва, гісторыкам і краязнаўцам, літаратарам і журналістам.

Лаўрэатамі прэміі за 2013-2015 гады сталі старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антось Астаповіч, рэдактар сайта “Гістарычная праўда”, кандыдат гістарычных навук, журналіст “Новага часу” Ігар Мельнікаў і графік-баталіст Зьміцер Шапавалаў.
.
Вацлаў Ластоўскі — член-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1928). У розныя часы — сябра Беларускай саыялістычнай грамады, Хрысціянскай злучнасці і Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Рэдакцыйны сакратар “Нашай нівы” (1909-1914), рэдактар часопісаў “Саха” (1912) і “Беларускі сцяг” (1922), газеты “Гоман” (1916-1917).

Ініцыяваў шырокую дыскусію пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль беларускай літаратуры. Уладальнік віленскай “Беларускай кнігарні” і Беларускага выдавецкага таварыства Ластоўскага, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў і іх напісанні.

Адзін з аўтараў “Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі”, у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё. Сябра Рады БНР, удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 года незалежнасці БНР. З снежня 1919 года — старшыня Кабінета Міністраў Народнай Рады БНР. 20.10.1920 года на беларускай канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Ластоўскага створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. Удзельнік I Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (верасень 1921), якая прызнала ўрад Ластоўскага адзіным законным беларускім урадам. У 1920-1923 з дыпламатычнымі місіямі наведаў шэраг краін Еўропы, выступаў за правы беларускага народа, асабліва ў Заходняй Беларусі. 20.4.1923 падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра, працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве, выдаваў часопіс “Крывіч” (1923-1927).

 У лістападзе 1926 года ў Менску ўдзельнічаў у арганізаванай Інбелкультам, акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, на якой абраны старшынёй Графічнай камісіі і выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту.

У красавіку 1927 года пераехаў у БССР. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, сакратаром Беларускай акадэміі навук. Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў рэгіёны Беларусі, у час адной з іх знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Рэпрэсіі супраць Ластоўскага пачаліся напрыканцы 1929 года. Некалькі разоў быў арыштаваны, закратаваны ў турмах Масквы і Мінска, высланы на 5 гадоў у Саратаў, Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.1.1938 года “як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі” прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1958 і 1988 гадах.

Друкаваўся з 1909 года. Аўтар навуковых прац “Кароткая гісторыя Беларусі”(1910), “Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы” (1918)  і “Нарысы беларускай гісторыі” (машынапіс тэксту – у аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы). Даследаваў старажытную беларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гістарычнай аповесці “Лабірынты” (1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Францішка Скарыны (“Адзінокі”, 1923), апрацоўваў гістарычныя легенды, выдаў “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” (1924), аўтар “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” (1926), распачаў вялікую працу “Матэрыяльная культура Беларусі”, напісаў шэраг апавяданняў, артыкулаў і ўспамінаў пра выбітных дзеячаў нацыянальнага адраджэння і “нашаніўскі перыяд”, перакладаў на беларускую мову творы класікаў сусветнай літаратуры.

Дакументы і матэрыялы з архіву Ластоўскага захоўваюцца ў Вільнюсе, Маскве, Мінску і Саратаве.


Каментаваць