У Слуцку дазволілі святочны канцэрт, але…

У Слуцку мясцовыя грамадскія актывісты падавалі 2 заяўкі на правядзенне святочных мерапрыемстваў. Адну з іх задаволілі, але пакуль што на цьмяных умовах.
Аліна Нагорная. Фота Медыя службы "Дзеі"

Аліна Нагорная. Фота Медыя службы "Дзеі"

Аліна Нагорная, Зінаіда Цімошак, Генадзь Шаўцоў і Пётр Марчанка ў сваёй заяўцы ад 7 сакавіка прасілі слуцкі райвыканкам дазволіць святочны канцэрт у дзяржаўнай установе “Слуцкі гарадскі дом культуры” 24 сакавіка. Адпаведная заява аб выдзяленні памяшкання была накіравана і дырэктару дома культуры Мазнікавай Людміле.

Мясцовыя ўлады канцэрт дазволілі, але толькі на ўмовах аплаты памяшкання і паслуг міліцыі і медыкаў:

“У адпаведнасці з рашэннем Слуцкага РВК ад 15.03.2018г і адказам Дзяржаўнай установы культуры “Слуцкі гарадскі Дом культуры” ад 15.03.2018г. памяшканне для канцэрта можа быць выдзелена не 24-га, а 25 сакавіка на ўмовах папярэдняй аплаты і выканання ўсіх неабходных працэдур, звязаных з забеспячэннем парадку і аховы здароўя”.

Таму слуцкія актывісты напісалі новы зварот да ўладаў, дзе просяць “прадставіць памяшканне дзяржаўнага дома культуры 25.03.2018 з 12:00 да 14:00 для правядзення святочнага канцэрту “100 год БНР” на ўмовах бясплатнага карыстання (пажадана) ці арэнды (па мінімальнай стаўцы арэнднай платы)”. Таксама ў калектыўным звароце выказана пажаданне, каб Слуцкі раённы выканаўчы камітэт аказаў садзеянне ў ў кампенсацыі выдаткаў, звязаных з забяспячэннем грамадскага парадку і медыцынскім абслугоўваннем удзельнікаў мерапрыемства. 

Арганізатар святочнага канцэрту Аліна Нагорная патлумачыла, што просьба аб вызваленьні ад аплаты абумоўлена тым, што мерапрыемства некамерцыйнае.

 — Арганізатары з яго нічога не зарабляюць, музыкі выступяць бясплатна, уваход на канцэрт будзе вольным, — гаворыць грамадская актывістка. —  Таксама хачу прывесці прыклад Мінскага гарвыканкама, які ўзяў на сябе выдаткі па арганізацыі і правядзенні аналагічнага канцэрту ў Мінску. Нашая мэта — зрабіць свята для жыхароў Слуцка!

Аліна Нагорная спадзяецца, што будзе валодаць больш дакладнай інфармацыяй аб умовах арганізацыі свята ў панядзелак 19 сакавіка.

Зараз вядуцца перамовы з музыкамі, якія змогуць выступіць на святочным канцэрце ў Слуцку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць