У адным шэрагу з Зімбабве

Напрыканцы снежня аптымістам палітычнай будучыні Беларусі стала зразумела, што гэтай самай мройнай будучыні з ліберальна-дэмакратычнай афарбоўкай у дзяржавы няма. Прынамсі не ў дзейсных умовах і не з цяперашнім кіраўніцтвам.



Напрыканцы снежня аптымістам палітычнай будучыні Беларусі стала зразумела, што гэтай самай мройнай будучыні з ліберальна-дэмакратычнай афарбоўкай у дзяржавы няма. Прынамсі не ў дзейсных умовах і не з цяперашнім кіраўніцтвам.

Спадзяванні (па ўнутраны і знешні бок мяжы Беларусі) на змены ў свядомасці кіруючай вярхушкі былі такія жаданыя і чаканыя, што часовыя паслабленні рэжыму прынялі за чыстыя намеры ступіць на шлях дэмакратыі. Ні пагроз, ні пастак сітуацыі, ні правакацый ніхто не заўважыў. Але 20 снежня, на другі дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, усе спусціліся на зямлю і загаварылі не тое што пра адкат у 2006 год, калі былі масавыя затрыманні і арышты актывістаў апазіцыі, а пра вяртанне ў 1930-я.

Стрыманых, але пазітыўных ацэнак не змаглі пазбегнуць і ўнутраныя назіральнікі. Так, адзін з каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары» Валянцін Стэфановіч канстатаваў падчас адной са справаздачных прэс-канферэнцый, што «ёсць падставы гаварыць аб пэўнай лібералізацыі палітычнага працэсу». Цяпер, асэнсаваўшы выбарчы і паслявыбарчы перыяд, і назіральнікі, і экс-кандыдаты ў прэзідэнты (якія рабілі падобныя заявы, а цяпер сядзяць у СІЗА КДБ) канстатуюць, што празрыстых, роўных, адпаведных унутраным і міжнародным стандартам выбараў не было.

«Тое, што было выяўлена падчас датэрміновага галасавання — прымус, непразрыстасць, — і падчас падліку галасоў (70 працэнтаў нашых назіральнікаў не змаглі пабачыць, як адбываўся падлік бюлетэняў) паказала, што гэта быў фарс. Ад гэтых выбараў пахне, патыхае фальсіфікацыямі. Таму не дзіўныя вынікі, калі Лукашэнка «атрымаў» 80 працэнтаў, а астатнія кандыдаты паўтара-два працэнты. Увесь гэты пасьянс быў распісаны ў Адміністрацыі прэзідэнта», — гаворыць прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары» Алесь Бяляцкі.

Спадар Бяляцкі, нягледзячы на крывавае пабоішча 19 снежня ў цэнтры Мінску, аптымістычна ацэньвае тыя падзеі. «Людзі адчуваюць значэнне пасады прэзідэнта ў сістэме кіравання, але яны не згодныя з тым беззаконнем, што адбываецца, і гэта вывела іх на вуліцу. Пагрозы ад вышэйшага кіраўніцтва былі праігнараваныя, гэта ёсць паказчыкам высокай свядомасці грамадства. Мы мяркуем, што ўлады, сілавыя структуры арганізавалі правакацыю — не быў забяспечаны парадак, нікога з сілавікоў не было каля Дома ўраду, тым больш, што міліцыі многа і не патрабавалася, а АМАП сядзеў унутры, пакуль не пачалі біць неабароненыя дзверы. Затым быў непрапарцыйны адказ на гэтыя дзеянні. У 1905 годзе царскія ўлады расстралялі дэманстрацыю рабочых, і вось праз сто гадоў мы пабачылі нешта падобнае. Гэта паказчык страху ўладаў, і іх жорсткасць, што мусіць падавіць грамадскую актыўнасць, — лічыць праваабаронца. — Але ў нас ужо ёсць прышчэпка ад падобных рэчаў, ніхто не разгубіўся, хаця былі пацярпелыя і сярод журналістаў, і сярод грамадскіх дзеячаў, палітыкаў. Я не бачу гэта разгромам грамадзянскай супольнасці. Хутчэй, назваў бы гэта бойкай паміж праўдай і няпраўдай. Хаця сілы няроўныя ў плане рэсурсаў, але на нашым баку маральнасць, праўда, ісціна. Мы гатовыя гэта перажыць».

Алесь Бяляцкі з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека, адпаведна, яму ёсць з чым параўноўваць сітуацыю ў Беларусі. Дык вось, аналогіі атрымліваюцца не самыя лепшыя. «Апазіцыя ў нас падкрэслена міралюбівая, і гэта акурат укладаецца ў цывілізаванае разуменне апазіцыі. Яна выступае за мірныя метады прыходу да ўлады, і спробы чыноўнікаў пераканаць, што на Плошчы былі заточкі ды жалезныя штыры не адпавядаюць рэчаіснасці. Яшчэ ад пачатку 1990-х быў абраны мірны шлях барацьбы. Нашая сітуацыя бліжэй за ўсё да Азербайджана, але, магчыма, больш вясёлая, бо грамадзянская супольнасць, як паказалі апошнія падзеі, больш арганізаваная, знітаваная. Што тычыцца агульнай сітуацыі падаўлення нязгодных, то мы бліжэй за ўсё да краінаў трэцяга свету. Мы значна адстаём ад краінаў Лацінскай Амерыкі, калі не ўлічваць Кубу, бо там ужо сфарміраваліся пачаткі дэмакратычных асноў. Таму можна ставіць Беларусь у адзін шэраг з Зімбабве, Егіптам, Марока, Тунісам», — рэзюмуе праваабаронца.

Для апазіцыі, праваабаронцаў суцяшэннем у цяперашняй сітуацыі хіба што застаецца неабыякавасць нашых суседзяў. Нягледзячы на «мёртвы сезон» у палітыцы, калі Еўропа святкуе Каляды і Новы год, ужо было зроблена многа заяў-асуджэнняў ад прадстаўнікоў парламентаў, кіраўнікоў дзяржаў. «Пачаўся новы палітычны сезон, і пытанне Беларусі будзе разглядацца, абмяркоўвацца. Ніхто не чакаў такіх рэпрэсіўных мераў у дачыненні да апанентаў. Сямёра кандыдатаў сталі падазраванымі ў крымінальных справах, тут няма нічога агульнага з дэмакратыяй, правамі чалавека. Наша дзяржава выклікала шок у цывілізаваным грамадстве», — зазначае Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца гаворыць, што паўплываць на кіраўніцтва Беларусі, схіліць яго калі не да дэмакратыі, то хаця б да цывілізаваных дзеянняў магчыма мерамі, якія ў тым ліку прадугледжваюць і санкцыі, эканамічныя абмежаванні: «Мусіць быць ясны празрысты сігнал, што палітзняволеныя павінны выйсці на свабоду, у адваротным выпадку эканамічныя стасункі будуць зведзеныя да мінімуму. Увогуле, да Беларусі пасля снежаньскіх падзей еўрапейскія краіны будуць ставіцца з недаверам, і гэта мае пад сабою грунт. Бо тое, што мы пабачылі, не ўпісваецца ні ў якія межы. Але шмат што залежыць і ад нашага грамадства, мусіць прыйсці разуменне да кожнага, што яго дабрабыт, будучыня залежыць ад улады. Думаю, што адэкватным адказам будуць санкцыі і асуджэнне чыноўнікаў, якія датычныя да ўзурпацыі ўлады, палітычных рэпрэсій».
------------------------------------------------------

Уладзіміру Някляеву

Хай не складуць
ні песняў,
ні санэтаў
пііты ўлады —
дзеці мітусні,
ты ёсць —
і будзеш! —
Прэзідэнт Паэтаў,
бо праўдай змог
апосталаў хлусні:
што перад Богам,
што перад Сусветам,
ты палічоны
упраўджаным Паэтам.

АБАД

Каментаваць