У Беларусі абмяркоўваюць стварэнне партызанскага руху

У Беларусі неабходна выпрацаваць адмысловы закон ад ідэалагічнай працы ў войску ды стварыць заканадаўчую базу для партызанскага руху. Да такой высновы прыйшлі вайсковыя эксперты, якія сёння абмяркоўвалі законапраект аб абароне, распрацаваны кіраўніком аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэем Паротнікавым.



«За родную Беларусь». Аўтар: мастак В. Сухаверхаў. 1948 г.


У круглым стале прымалі ўдзел падпалкоўнік запасу Станіслаў Суднік, які з’яўляецца кіраўніком адзінага беларускамоўнага падраздзялення, якое дзейнічала ў беларускім войску з 1992 года; адзін з арганізатараў Беларускага згуртавання вайскоўцаў Алесь Станкевіч, адмысловец у галіне абароны мяжы Леанід Спаткай, ваенны гісторык Аляксандр Гелагаеў, афганцы Аляксандр Камароўскі, Алег Волчак, эксперт Аляксандр Алесін.

Законапраект аб абароне прадугледжвае шэраг наватарскіх захадаў у сістэме кіравання беларускім войскам, у сістэме забеспячэння войска, тэрытарыяльнай абароны. Эксперты прыйшлі да высновы, што неабходна ўзмацніць ідэалагічную працу і беларускамоўную падрыхтоўку не толькі ў войску, якое жыве па савецкай ідэалогіі, але пашыраць сістэму гістарычнай і нацыянальнай падрыхтоўкі будучых вайскоўцаў са школьнай парты, распаўсюдзіць яе на так званых “партызанаў”.

Неабходна таксама абавязкова прымаць закон аб ідэалагічнай працы ў войску, якое цяпер пабудавана на савецкай дактрыне, савецкай гістарыяграфіі. Да чаго гэта прыводзіць — мы бачылі па ўкраінскім войску ў першыя месяцы вайны”, — падкрэсліў Павел Севярынец.

Гаворка ідзе і пра стварэнне адмысловага закона “Аб партызанскім руху”. “Што рабіць, калі краіна акупаваная ворагам? У гэтым выпадку трэба рыхтаваць заканадаўчую базу і для партызанскага руху. У некаторых краінах такая заканадаўчая база існуе”, — разважае сустаршыня БХД Павел Севярынец. Існуюць пэўныя юрыдычныя складанасці для прыняцця адпаведнага закона, аднак эксперты лічаць, што праблему ў любым выпадку неабходна абмяркоўваць.

Андрэй Паротнікаў распавёў “Новаму часу” пра наватарскія падыходы, закладзеныя ў законапраекце аб абароне.

Прапануецца раздзяліць адміністрайную і вайсковую ўладу. Уводзіцца пасада Галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі, які адначасова будзе з’яўляцца вышэйшым кіраўніком краіны з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі, а пры неабходнасці, не чакаючы ўказа прэзідэнта, мае права ўводзіць ваеннае становішча.

Прапануецца больш шырока ўцягваць грамадскасць у абаронную сферу. Праект прадугледжвае магчымасць стварэння грамадскіх аб’яднанняў, якія змогуць аказваць альбо садзейнічанне ў абароне Рэспублікі Беларусь (у ДАСААФа могуць з’явіцца канкурэнты), альбо непасрэдны ўдзел у абароне — па прыкладу прыбалтыйскіх ды скандынаўскіх апалчэнняў, якія па сутнасці з’яўляюцца грамадска-дзяржаўнымі аб’яднаннямі з добраахвотным членствам, якія працуюць у цеснай сувязі з Міністэрствам абароны.

Трэцяя адметнасць: праект прапісвае дакладныя ўмовы і абставіны, пры якіх магчымая адпраўка беларускіх вайскоўцаў за мяжу. Акрамя міжнародных аперацый, падтрымкі саюзных краінаў, таксама прапісана магчымасць прымянення ваеннай сілы ў выпадку пагрозы жыццю грамадзянаў Беларусі, этнічным беларусам і іхнім нашчадкам, а таксама пры пагрозе маёмасці Рэспублікі Беларусь за мяжой.

Закон прапісвае права на прэвентыўную абарону. Калі ёсць рэальныя падставы падазраваць падрыхтоўку агрэсіі, то могуць прымацца меры па яе зрыву, не чакаючы пачатку самой агрэсіі — то бок, прымяненне вайсковай узброенай сілы першымі.

Пятая адметнасць выведзена на аснове ўкраінскага вопыту 2014 года: калі існуе пагроза вядзення абстрэлу ці вядзецца абстрэл тэрыторыі Беларусі з-за мяжы, то Галоўнакамандуючы можа аддаць загад на перасячэнне мяжы беларускімі войскамі і знішчэнне сродкаў нападу, на ліквідацыю пагрозы.

Праект з’яўляецца канцэптуальным, у межах існуючай канстытуцыйнай сістэмы ён не можа быць прыняты. Такі закон можна прыняць толькі пасля правядзення канстытуцыйнай рэформы, пасля прыняцця новай Канстытуцыі, — рэзюмаваў Андрэй Паротнікаў.

Цягам бліжэйшых тыдняў законапраект будзе дапрацоўвацца, пасля чаго будзе адпраўлены на экспертызу не толькі беларускім экспертам, але і за мяжу: у Польшчу, Чэхію, Украіну — краіны, якія маюць сходныя з беларускімі праблемы.

Абмеркаванне законапраекта прайшло ў рамках праграмы “Урад для народа”, якую рэалізуе аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі супольна з Інстытутам дэмакратыі і сацыяльнага рынку.  Гэты праект нацэлены на правядзенне хуткіх рэформаў краіны ды на абарону незалежнасці Беларусі.

Ужо прайшлі слуханні па культуры, адукацыі, рэформе правасуддзя, наперадзе — круглыя сталы па праблемах энергетыкі, ЖКГ, медыцыны, па пенсійнай рэформе.

Каментаваць