У Беларусі пачысцяць палітычнае поле

Палата прадстаўнікоў на вясенняй сесіі ў першым чытанні плануе разгледзець законапраект «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў». У прыватнасці. Там ёсць істотныя змены, якія непасрэдна пагоршаць становішча «нязгодных арганізацый» у нашай краіне.



Прыкладам, палітычным партыям прыйдзецца больш займацца паперамі. Прадугледжваецца, што калі партыя шматкроць не падае штогадовую інфармацыю аб сваёй працы ў адпаведныя органы, то гэта можа быць падставай для яе ліквідацыі. Зразумела, пад «шматкроць» Мінюст будзе мець на ўвазе «два разы і больш». І пры гэтым не будуць звяртаць увагу на тое, што пошта альбо «адказны чыноўнік» могуць «страціць» ліст, як гэта ўжо неаднаразова здаралася. Магчыма, непрадстаўленне інфармацыі ў тэрмін таксама будзе лічыцца парушэннем.

Прыкладам, «Зялёныя» амаль дваццаць гадоў не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці краіны, хаця мелі адпаведна зарэгістраваную партыю. Чым гэта норма пагражае такім «няўдзельнікам»?

Намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук кажа, што зараз партыю пазбавіць рэгістрацыі сапраўды стане прасцей. «Наш папярэднік — беларуская экалагічная партыя «Зялёныя» была дэ-факта ліквідаваная таму, што не падавала адпаведных дакументаў аб сваёй колькасці і аб сваёй дзейнасці. Зрэшты, калі праходзіў працэс па яе ліквідацыі ў Вярхоўным судзе, заснавальнікам партыі пра гэта нават не паведамілі. Яны былі зусім не падрыхтаваныя да такога працэсу. Таму такое палажэнне аб «непрадастаўленні» дакументаў з’яўляецца даволі сур’ёзнай пагрозай для існавання партый», — адзначае Кучук.

Ён таксама непакоіцца, што партыю могуць ліквідаваць за «згубленыя» справаздачы, альбо несвоечасовае прадстаўленне такіх справаздач. «Як правіла, суд пры ліквідацыі не разбіраецца, дзе падзеліся справаздачы і чаму яны не паступілі. Для суда яны проста не паступілі — і ўсё, нават калі партыя па сто раз перадавала іх асабіста з рук у рукі адказным чыноўнікам. Баюся, што гэта чарговая схема для ліквідацыі «няправільных» палітычных структур», — кажа Кучук.

Змены чакаюць і грамадскія аб’яднанні. Усе ўжо звыклі да таго, што тыя, каму адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі, рэгіструюцца за яе межамі, як міжнародныя арганізацыі. «Прававая дапамога насельніцтву» і «Саюз — Чарнобыль Беларусь», — ва Украіне, НІСЭПД — у Літве, «Малады фронт» — у Чэхіі. Цяпер у заканадаўства ўводзіцца паняцце «аддзялення міжнароднага грамадскага аб'яднання» i яго статусу. Гэтыя аддзяленні ствараюцца «для прадстаўлення інтарэсаў міжнароднай арганізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» і выключна тут ажыццяўляюць сваю дзейнасць, што павінна адпавядаць рэспубліканскаму статусу, а не міжнароднаму, як у дзеючым заканадаўстве.

Гэта значыць, нават калі ёсць зарэгістраваная міжнародная арганізацыя недзе ў Літве альбо Украіне, трэба будзе дадаткова рэгістраваць аддзяленне тут. Інакш будзе лічыцца, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь такая арганізацыя не дзейнічае, яе тут няма. І, адпаведна, яе заснавальніку або члену будзе пагражаць сумна вядомы артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Менавіта як «ператрахванне палітычнага поля» ўспрымае новыя папраўкі ў заканадаўства кіраўнік зарэгістраванай ва Украіне «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Волчак. У нечым ён называе такія ініцыятывы нават недарэчнымі. «Гэта значыць, што любая замежная арганізацыя будзе павінна рэгістраваць тут сваё прадстаўніцтва, нават калі яна прыйшла ў Беларусь для выканання канкрэтнай задачы і яе дзейнасць працягваецца месяц, два, тры… Тры месяцы тут сыдзе толькі на тое, каб зарэгістраваць аддзяленне», — лічыць Волчак.

Ён не сумняваецца, што ў першую чаргу гэтыя навацыі тычацца палітычных і праваабарончых аб’ядннаняў. І менавіта на іх скіраваныя гэтыя папраўкі: каб мець магчымасць ў чарговы раз «заткнуць рот нязгодным пагрозай прымянення крымінальнага артыкула 193-1», адзначае Волчак.

Сам Волчак прыпыняць сваю дзейнасць, нават калі такія папраўкі будуць прынятыя, не збіраецца. «Па-першае, ёсць Канстытуцыя, якая гарантуе грамадзянам права на свабоду асацыяцыяў. Па-другое. Нават калі папраўкі будуць прынятыя, мы ўсяго толькі не будзем узгадваць у прэсе «Прававую дапамогу насельніцтву». Мы будзем дзейнічаць як прыватныя асобы, як юрысты, а якую арганізацыю мы прадстаўляем, усе і так ведаюць. Бясплатная прававая дапамога прыватнай асобы іншай прыватнай асобе не патрабуе ані ліцэнзіі, ані рэгістрацыі», — кажа Волчак.

Ён, праўда, адзначыў, што ўлады могуць увесці ліцэнзаванне на прававую бясплатную дапамогу насельніцтва ўсім юрыстам, але, з яго словаў, «гэта будзе выглядаць ужо зусім камічна».

Такім чынам, калі гэтыя папраўкі ў заканадаўства будуць прынятыя, то на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года Беларусь можа застацца зусім без апазіцыянераў.

Каментаваць