У чаканні зваротнага ходу ківача

Я не схільны паддавацца магіі круглых датаў, але роўна сто гадоў таму гасудар імператар уласнаручна вывеў сацыяльны ківач са стану раўнавагі. Чым гэта скончылася — добра вядома.



Расіяне скупляюць грэчку. Па дадзеных «Левада-цэнтра», працэс набыў масавы характар.  Падчас лістападаўскага апытання 28% рэспандэнтаў адзначылі, што за апошні месяц куплялі яе «пра запас». Рост цэн на грэцкія крупы — асноўная прычына ажыятажнага попыту. Жанчыны (35%), рэспандэнты ва ўзросце ад 55 гадоў і старэй (38%) і расіяне з нізкім спажывецкім статусам (34%) часцей за астатнія катэгорыі насельніцтва куплялі грэчку ў запас.

Ажыятажны попыт на грэчку не прывёў да абвальвання рэйтынгу даверу расійскага прэзідэнта. У лістападзе яму давяралі 85% расіян. Г.зн. у чарговы раз мы сталі сведкамі справядлівасці формулы «мухі асобна, катлеты асобна». Пад «мухамі» ў дадзеным выпадку варта разумець паўсядзённае жыццё расіян, пад «катлетамі» — жыццё віртуальнае, сфармаванае «малюнкамі» ў тэлевізары.

«Малюнкі» звязаныя са знешнімі падзеямі (палітыка ЗША, падзеі ва Украіне). Арыентацыя на сюжэты, малазнаёмыя шараговаму абывацелю, павышае эфектыўнасць прапаганды. Абалваньванне насельніцтва наконт стану спраў унутры краіны заўсёды менш паспяховае, таму што людзі ўсё бачаць на ўласныя вочы.

Вандэя перабудовы

На піку грамадскага ўзбуджэння, звязанага з «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці» (анексіяй у сакавіку Крыму), штодзённасць была размаляваная для большасці расіян вясёлкавымі фарбамі. Уверх скіраваўся не толькі індэкс становішча спраў у краіне, але і індэксы сацыяльных і спажывецкіх настрояў.

Грамадству ўпрыснулі патрыятычны морфій. Ён стварыў адчуванне эйфарыі, заглушыў вастрыню ўспрымання паўся­дзённых праблем.

Ліквідаваць жа самі праблемы аднаразовай ін’екцыяй было немагчыма. Для падтрымання грамадства ва ўзбуджаным стане неабходна было ўводзіць новыя порцыі наркотыку, таму прапаганда пераключылася з Крыму на Данецк і Луганск. Але да сярэдзіны восені з’явіліся першыя сіндромы прывыкання да шокавых iнфармацыйных паведамленняў: найбольш палахлівыя «мухі» сталі аддзяляцца ад «катлет».

«Чым даўжэй цягнецца імперскі сон рускага народа, — адзначае палітолаг Уладзімір Пастухоў, — тым цяжэй будзе абуджэнне. Вядома, рускаму чалавеку не прывыкаць да пахмелля. Але на гэты раз, падобна, рэальнасць пераўзыдзе ўсе яго найгоршыя чаканні. «Ветлівымі чалавечкамі» справа можа не скончыцца. Курс на захаванне імперыі любой цаной — гэта тупіковая стратэгія, накіраваная на выжыванне без развіцця. Той, хто не развіваецца, выжыць не можа па азначэнні — ні ў прыродзе, ні ў гісторыі».

Можна паспрабаваць схавацца ў якой-небудзь маргінальнай нішы, па прыкладзе Паўночнай Карэі. Расія, аднак, занадта вялікая, каб схавацца.

«Малюнкі» расійскіх тэлеканалаў не пакінулі абыякавымі і беларускіх тэлегледачоў. Па дадзеных НІСЭПД (верасень), інфармацыю пра падзеі ва Украіне з расійскіх тэлеканалаў атрымліваюць 65% суайчыннікаў, з беларускіх — 67%. Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што і ў Беларусі рэйтынг адзінага палітыка (АП), насуперак падзенню тэмпаў росту даходаў насельніцтва, дадаў за год 10 пунктаў.

Незалежныя аналітыкі дружна патлумачылі гэту анамалію страхам беларусаў перад «хаосам Майдана». Гэты страх, маўляў, і спарадзіў жаданне згуртавацца вакол АП. Пэўная логіка ў такім тлумачэнні ёсць, але калі з ёй пагадзіцца, то атрымліваецца, што адны і тыя ж тэлевізійныя «карцінкі» ў расіян выклікалі эйфарыю, а ў беларусаў — страх.

У снежні 2009 года 67% суайчыннікаў пагадзілася з тым, што беларусы, рускія і ўкраінцы з’яўляюцца трыма галінамі аднаго народа. Што іх аб’ядноўвае? Я думаю, «чалавек савецкі». Гэты сацыяльны тып пазбаўлены нацыянальных прыкмет. Сацыёлаг Юрый Левада так вызначаў яго асноўныя рысы: прымусовая самаізаляцыя, дзяржаўны патэрналізм, эгалітарысцкая іерархія, імперскі сіндром. Апошні, як паказала масавая рэакцыя на падзеі ва Украіне, уласцівы 85–90% расіян і не менш за 65% беларусаў.

Большасці чытачоў «НЧ», верагодна, будзе няпроста пагадзіцца з гэтай сацыялогіяй. Таму нагадаю, што пісьменнік Алесь Адамовіч  у свой час называў Беларусь «Вандэяй перабудовы». Вызначэнне нарадзілася не на пустым месцы. І з таго часу, як сведчаць два дзесяцігоддзі апытанняў НІСЭПД, структура беларускага грамадства прынцыпова не змянілася.

Sic transit gloria mundi

Але вернемся ў Расію, і зробім гэта з дапамогай гісторыка Юрыя Піваварава: «Савецкі рэжым загінуў, таму што не мог нармальна існаваць ва ўмовах спакою. Савецкая сістэма была створана (сканструяваная) для функцыянавання ў надзвычайных умовах: для таго, каб праводзіць тэрор, весці татальныя вайны, пастаянна трымаць зацугляным насельніцтва (праз бязлітасныя мабілізацыі). Але ніякі сацыяльны парадак у гісторыі чалавецтва доўга гэтага вытрымаць не можа. Стамляецца».

Мы сёння і назіраем пачатковую стадыю стомленасці расійскага грамадства ад знаходжання ў стане палітычнага ўзбуджэння. Але пры гэтым, як ужо адзначалася вышэй, вяртанне ў зыходны стан адбываецца не раўнамерна, а шляхам «аддзялення мух ад катлет». Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. Мы жывем ва ўмовах панавання ўтылітарызму (маральны ідэал, які характарызуецца ўзрастаннем каштоўнасці паўсядзённых выгод).

«Крым наш!» — гэта выдатна, але на пытанне: «Ці згодныя вы з меркаваннем, што ў Расіі пачынаецца рэзкі рост цэнаў, істотнае зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, пагаршэнне эканамічнага становішча краіны?» варыянты адказаў «згодны / хутчэй згодны» ў лістападзе выбрала 80% рэспандэнтаў «Левада-цэнтра».

А цяпер звернемся да табліцы, у якой для сцісласці пакінулі толькі пяць самых папулярных адказаў. Санкцыі краін Захаду і выдаткі на далучэнне Крыма і падтрымку ДНР і ЛНР адзначылі 66% рэспандэнтаў. Падзенне коштаў на нафту (45%) — фактар знешні, а вось чацвёрты і пяты варыянты пераводзяць стрэлкі адказнасці непасрэдна на ўладу.

Увесь сэнс цяперашняй палітыкі дэстабілізацыі Украіны заключаецца ў тым, каб дыскрэдытаваць сілы дэмакратычнай нацыянальнай кансалідацыі і любым чынам перанесці незадаволенасць расійскага насельніцтва з карумпаванай бюракратыі на знешнія сілы і іх саюзнікаў («пятую калону») унутры краіны.

У Крамля не было выбару, бо з канца 2008 года паказчыкі стаўлення да дзеючай улады  няўхільна зніжаюцца. Здавалася, дэлегітымізацыя ўлады займела незваротны характар. І ўсё гэта адбывалася на фоне бесперапынных карупцыйных скандалаў.

«Крым наш!» крута разгарнуў трэнды грамадскіх настрояў, але поспех быў часовы. Прапаганда вычарпала свой мабілізацыйны патэнцыял, і ківач грамадскага ўзбуджэння гатовы рушыць у зваротным накірунку. «Sic transit gloria mundi» (так мінае слава гэтага свету), гаварыў у XV ст. нямецкі філосаф Фама Кемпійскі. Хто б спрачаўся з філосафам!

Чым, на вашу думку, выкліканы рост коштаў, істотнае зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, пагаршэнне эканамічнага становішча краіны? (магчыма некалькі варыянтаў адказу)

Падзеннем цэнаў на нафту

45

Санкцыямі краін Захаду да Расіі

33

Вялікімі выдаткамі на далучэнне Крыма і падтрымку ДНР і ЛНР

30

Карупцыяй у органах дзяржаўнай улады

26

Асаблівасцямі расійскай эканомікі: тэхналагічнай адсталасцю, рэшткамі савецкай галіновай структуры, прыярытэтам ваенна-прамысловага комплексу

26

Па прынцыпе гальванічнай ванны

Для чытачоў, якія забыліся, як выглядае школьны падручнік фізікі, нагадаю, што падчас ваганняў ківача адбываюцца пастаянныя ператварэнні энергіі з аднаго віду ў іншы. У прыватнасці, кінетычная энергія ківача ператвараецца ў патэнцыйную энергію і наадварот.

Выведзены са стану раўнавагі вонкавым уздзеяннем, ківач не вяртаецца ў зыходную кропку, а, праскочыўшы яе па інерцыі, адхіляецца ў процілеглы бок ужо самастойна. Сталёвы шарык, падвешаны на тонкай нітцы, — прыклад фізічнага ківача.

Грамадства, даведзенае да стану патрыятычнай эйфарыі, — прыклад ківача сацыяльнага. Як ён функцыянуе, мы можам даведацца, зноў жа, з падручніка, але не фізікі, а гісторыі. Я не схільны паддавацца магіі круглых дат, але роўна сто гадоў таму гасудар імператар уласнаручна вывеў сацыяльны ківач са стану раўнавагі. Чым гэта скончылася, у тым ліку і для самога гасудара імператара — добра вядома.

Чым больш істотная амплітуда першапачатковага адхілення, справакаванага патрыятычнай прапагандай, тым менш шанцаў ва ўлады ўтрымаць сацыяльны ківач у пункце натуральнай раўнавагі.

Не варта выпускаць з-пад увагі і «дамінанту інверсійнага прынцыпу свядомасці» ў сярэднестатыстычнага расіяніна. Для разумення гэтага прапаную чытачам уявіць гальванічную ванну, у якой вакол аднаго электрода (Пуцін) сабраліся станоўчыя іёны, а вакол іншага (Захад) — адмоўныя.

Такая канструкцыя не вельмі ўстойлівая, і па дасягненні нейкага крытычнага пункту адбываецца інверсія, г.зн. перакадзіроўка полюсаў. Хто быў нікім пры гэтым можа стаць усім, але магчыма і адваротнае. Як тут ні прыгадаць лёс Ельцына, які атрымаў 91,53% галасоў масквічоў у 1989 годзе на выбарах народных дэпутатаў СССР і які скончыў сваю палітычную кар’еру з рэйтынгам на ўзроўні статыстычнай памылкі.

Гісторык Аляксандр Ахіезер пад інверсіяй разумеў пераасэнсаванне той ці іншай з’явы як зла, што з’яўляецца адначасова адыходам ад асэнсавання яе як дабра і наадварот. Інверсія выяўляецца праз масавы выбух народнага абурэння, скіраваны на тое, каб знішчыць усіх, хто разбурае звыклыя формы жыцця.

У якія канкрэтна тэрміны адбудзецца перакадзіроўка полюсаў расійскай гальванічнай ванны — я прадказаць не бяруся. Але той, хто прымае сёння рашэнні ў Крамлі, прыклаў нямала намаганняў, каб яе наблізіць.

Абмеркаванне:

  • Валацуга з-пад Менску
  • 2014-12-11 00:45:03
Пакуль імперцы набіваюць матрасы грэчкай, палахлівыя беларусікі павыцягвалі іхныя аўтамабілі. Дый украінскімі прадуктамі не грэбуюць. Так што каму вайна, а каму й нармальна.

Каментаваць