У Курапатах адкрылі крыж памяці ахвяраў 29 кастрычніка 1937 году

Учора на паўночна-заходнім ускрайку Курапатаў адбылося адкрыццё крыжу памяці ахвяраў 29 кастрычніка 1937 году. У цырымоніі пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі больш за 30 дэмакратычных актывістаў.



Нагадаем, што з 2007 году 29 кастрычніка грамадскасць штогод адзначае Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі, бо ў ноч з  28 на 29 кастрычніка 1937 году ў Мінску ва ўнутранай турме НКУС БССР (у так званай “Амерыканцы”) былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, а ўсяго за 1937 год у сталіцы Беларусі было пакарана смерцю больш за 80 тысяч чалавек.

Удзельнікі ўшанавання ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, малебнамі і песнямі беларускага нацыянальнага адраджэння ўшанавалі памяць бязвінных людзей. 

Даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў распавёў, што пакуль вядомы каля 80 імёнаў выбітных беларусаў, забітых ў страшную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэннях турмы НКУС. Ён выказаў надзею, што цягам часу будуць устаноўленыя імёны не толькі ўсіх ахвяраў гэтай ночы, але і імёны ўсіх катаў, а таксама ўпэўненасць у тым, што праз гады на гэтым месцы будзе адкрыты велічны мемарыял, да якога заўсёды будуць прыходзіць нашчадкі з кветкамі.  

Гісторык Ігар Кузняцоў адзначыў, што паколькі да гэтай пары не выканана ўрадавая пастанова ад 18 студзеня 1989 году “Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў у лясным масіве Курапаты”, грамадскасць узяла на сябе гэтую пачэсную місію. Ён нагадаў пра шматнацыянальны склад 5.772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920-1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных. Сярод іх — 57 адсоткаў беларусаў, 25 адсоткаў палякаў, 6 адсоткаў рускіх і 10 адсоткаў габрэяў, сказаў гісторык. Ён выказаў упэўненасць, што памяць пра гэтых людзей будзе жыць вечна. 

Маладзёвы грамадскі актывіст, удзельнік абароны Курапатаў 2001-2002 гадоў Зміцер Каспяровіч падкрэсліў, што маладзёвы валанцёрскі чын больш чым дзесяцігадовай даўніны супраць пашырэння Мінскай кальцавой аўтадарогі хоць і не дамогся сваёй мэты, але прыцягнуў увагу грамадства да народнага мемарыялу і зрабіў яго больш вядомым не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.     

Каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты” Ганна Шапуцька адзначыла, што акрамя чатырох домікаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол”, узведзеных СТАА “БелРэстІнвест” у ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, амаль у сярэдзіне гэтай жа зоны знойдзены каналізацыйны люк інжынерных камунікацый “Бульбаш-холу”.

Разам з тым, паводле яе слоў, сітуацыя вакол “Бульбаш-холу” застаецца даволі складанай з-за таго, што згодна распрацаванаму праекту ахоўных зонаў Курапатаў ахоўныя зоны могуць быць зменшаныя. Ганна Шапуцька выказала надзею, што гэты праект не будзе ўхвалены Міністэрствам культуры і прапанавала грамадскасці  салідарныя дзеянні дзеля таго, каб захаваць недатыкальны статус тэрыторыі ахоўных зон мемарялу.

Каментаваць