У Мастах КДБ «распрацоўвае» кандыдата ў дэпутаты

На каардынатара Руху «За Свабоду» па Гродзенскай вобласці Алеся Зарэмбюка заведзеная крымінальная справа па арт. 209 ч. 2 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Палітыка абвінавачваюць у махлярстве, «здзейсненым паўторна ці групаю асобаў».



На каардынатара Руху «За Свабоду» па Гродзенскай вобласці Алеся Зарэмбюка заведзеная крымінальная справа па арт. 209 ч. 2 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Палітыка абвінавачваюць у махлярстве, «здзейсненым паўторна ці групаю асобаў».

Алесь лічыць, што кампанія па пераследу звязаная з яго ўдзелам у мясцовых выбарах.

16 красавіка супрацоўнікі КДБ прыйшлі з вобшукамі да бацькоў Алеся Зарэмбюка, а таксама дадому да палітыка. Маці Алеся — Наталля Зарэмбюк — расказала, што да яе на працу адмыслова прыходзілі супрацоўнікі КДБ, каб завезці дадому і зрабіць вобшук. Ёй прад’явілі абвінавачванне, у якім гаворыцца, што Алесь Зарэмбюк быццам бы пазычаў у некага грошы, а пасля не аддаў. За гэта яму пагражае пакаранне ў выглядзе выпраўленчых прац на тэрмін да двух гадоў, або абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.

Супрацоўнікі спецслужбаў шукаюць рэчы, якія могуць мець дачыненне да здзяйснення злачынства. «Пазнаходзілі некія значкі з бел-чырвона-белым сцягам, кнігі па гісторыі, паперкі. Усё глядзяць, чытаюць...» — расказала Наталля Зарэмбюк. Вобшук здымаюць на відэа. Таксама два супрацоўнікі КДБ забралі з працы жонку Алеся Зарэмбюка, каб правесці вобшук у яго дома. Бацькі Алеся і яго сям’я жывуць у Мастах.

На гэтым тыдні Алесю Зарэмбюку настойліва тэлефанаваў супрацоўнік КДБ і выклікаў яго на допыт, але каардынатар руху «За свабоду» цяпер знаходзіцца не ў Мастах і абяцаў прыйсці на допыт у панядзелак. Алесь звязвае распачатую крымінальную справу са сваім удзелам у мясцовых выбарах і актыўнай грамадска-палітычнай пазіцыяй.

Алесь Зарэмбюк супрацоўнічае з “Новым часам. Рэдакцыя «НЧ» асуджае ціск на Алеся Зарэмбюка і лічыць незаконным пераслед асобаў з палітычных прычынаў.
 

Каментаваць