У Мінску прайшла прэсавая канферэнцыя "Права выбару–2015"

Улады не прадэманстравалі жадання хоць у нейкай ступені дэмакратызаваць выбарчы працэс, наадварот, яны пайшлі па шляху яшчэ большага ўдасканальвання махінацый і абмежавання правоў назіральнікаў, адзначылі выступоўцы.



На пытанні журналістаў адказвалі нацыянальныя каардынатары кампаніі "Права выбару–2015" Алесь Сілкоў, Дзяніс Садоўскі, прэс-сакратар кампаніі Ігар Барысаў, а таксама палітыкі Юрась Губарэвіч (Рух "За Свабоду"), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Віталь Рымашэўскі (БХД), Ірына Вештард (БСДП(Г)), Андрэй Дзмітрыеў ("Гавары праўду!").

Сярод новаўвядзенняў з боку ўладаў можна адзначыць татальнае накручванне яўкі выбарцаў, падрыхтоўка зладжаных камандаў праўладных назіральнікаў, якія завальваюць камісію скаргамі на назіральнікаў незалежных. Істотна пагоршыліся ўмовы для назірання за галасаваннем і падлікам галасоў. У апошняй выбарчай кампаніі таксама пагоршылася сітуацыя з фінансаваннем агітацыйных кампаній кандыдатаў (не выдаткоўваюцца дзяржаўныя сродкі), а таксама запрацавала норма закону, якая забараняе байкот выбараў.

На значнай колькасці ўчасткаў падчас датэрміновага галасавання былі прыпіскі ў колькасці прагаласаваўшых. У дзень галасавання працягваліся маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў: колькасць выбаршчыкаў, якая была ранкам 11 кастрычніка, адрозніваюцца ад колькасці выбаршчыкаў у выніковых пратаколах на 2,7%. На кожным шостым участку, які падпаў пад назіранне, колькасць галасаваўшых па месцы жыхарства перавышала 100 чалавек. Амаль паўсюдна камісіі адмовіліся праводзіць адкрыты падлік галасоў.

Поўны аналіз атрыманых вынікаў кампаніі з'явіцца ў хуткім часе на сайце pvby.org.

"Сыходзячы з таго, што не было адкрытага падліку галасоў, мы канстатуем, што выбарчая сістэма Беларусі прадэманстравала чарговую негатоўнасць да свабоднага і адкрытага галасавання", — адзначыў каардынатар кампаніі "Права выбару–2015" Алесь Сілкоў.

Паводле слоў Віталя Рымашэўскага, галоўным канкурэнтам праўладнага кандыдата быў байкот. Супраць яго працавала ўся адміністрацыйная моц дзяржавы, актыўна выкарыстоўваліся "каруселі" (калі падрыхтаваныя групы людзей перамяшчаліся па розных участках і галасавалі па некалькі разоў).

Як паведаміў Юрась Губарэвіч, назіральнікі кампаніі выкрылі ўсе механізмы парушэнняў і фальшаванняў, што не дазволіць Лукашэнку атрымаць пазітыўныя адзнакі прэзідэнцкіх выбараў з боку Захаду. Выбары былі суцэльнай імітацыяй.

Аляксей Янукевіч заявіў што ўлады на апошніх выбарах толькі адточвалі і ўдасканальвалі механізмы маніпуляцый. "Каб выбары былі дэмакратычнымі, трэба мяняць усю сістэму, пачынаючы ад кіраўніка ЦВК, заканчваючы школьнымі буфетамі".

Станоўчым вынікам кампаніі можна лічыць хіба тое, што дзякуючы ёй усё больш людзей даведваецца пра сапраўдную сутнасць беларускіх выбараў (сярод назіральнікаў было шмат палітычна незаангажаваных грамадзян), а таксама тое, што прадстаўнікі розных палітычных сілаў здольныя аб'яднацца і ладзіць эфектыўныя сумесныя дзеянні.

"Чым больш людзей убачыць сістэму знутры, тым хутчэй мы дагрукаемся да людзей, пераканаем іх, што патрэбныя перамены", — адзначыў Андрэй Дзмітрыеў.

Кампанія "Права выбару–2015" не прызнае выбары свабоднымі і дэмакратычнымі. Сабраныя сведчанні шматлікіх парушэнняў і копіі скаргаў назіральнікаў будуць перададзены ў штаб кандыдаткі Таццяны Караткевіч, якая, па словах Андрэя Дзмітрыева, абавязкова абскардзіць вынікі выбараў.

Абмеркаванне:

  • ales'
  • 2015-10-12 23:41:56
неабходна распрацаваць меры супрацьдзеяння лукашыстам ! домовіцца з нашымі еўрапейскімі партнерамі каб старшыням выбарчых камісій ўсех узроўняў і іхным сваякам не довалм візы ў еўразвяз !
  • Арт
  • 2015-10-23 04:29:43
Лічу, вельмі слушная прапанова

Каментаваць