У Мінску зноў судзяць фігуранта Плошчы

Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе для актывіста зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту», былога палітвязня, асуджанага на тры гады зняволення за Плошчу-2010, Уладзіміра Яроменку шэсць месцаў арышту. Маладзёну інкрымінуюць парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду. Крымінальны працэс над Уладзімірам пачаўся 19 жніўня ў судзе Першамайскага раёна беларускае сталіцы.



Уладзімір Яроменак


Падтрымаць маладога актывіста апазіцыі да будынку суда прыйшлі дзясяткі людзей, сярод якіх былі іншыя фігуранты крымінальных справаў Плошчы — 2010 журналістка Ірына Халіп, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, намеснік кіраўніка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду»Андрэй Дзмітрыеў, першы асуджаны за Плошчу Васіль Парфянкоў, таксама былыя палітзняволеныя Павел Вінаградаў, Сяргей Казакоў ды іншыя актывісты.
 
 
Група падтрымкі Уладзіміра Яроменка. Фота Генадзя Кеснера
 

Непаразуменні з журналістамі

 
 
Працэс вёў суддзя Леанід Ярмоленкаў. Уладзіміра Яроменка абвінавачваюць паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса Беларусі (парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду), што прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту на шэсць месяцаў (у арыштным доме) або пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго году. Можа быць і апраўдальны прысуд, але пры пэўных умовах.
 
 
Яшчэ перад пачаткам судовага працэсу мелі месца невялікія непаразуменні паміж аховаю будынку суда і журналістамі. У той час, калі ўсіх жадаючых прысутнічаць на далёка не шараговым працэсе прапускалі па пашпартах пасля ўнясення адпаведных дадзеных у гросбух, прадстаўнікоў СМІ, якія прад’явілі журналісцкія пасведчанні, вымусілі чакаць: адзін з міліцыянтаў, а на ўваходзе іх было некалькі, пільна вывучаў журналісцкія дакументы карэспандэнтаў «Новага Часу» і Радыё Свабода і раіўся, ці можна нас пускаць у будынак. Праз некаторы час дазвол усё ж быў атрыманы.
 
 

Сутнасць абвінавачання

 
 
Тым не менш, з прычыны таго, што нават самая вялікая зала ў будынку суда Першамайскага раёна пры ўсім жаданні не зможа змясціць больш за 20 чалавек, многім давялося сядзець у калідоры і толькі здагадвацца, што ж адбываецца падчас судовага пасяджэння.
 
 
Шчыра прызнаюся, што нічога асабліва цікава не адбылося. Пракурор — маладая жанчына — манатонна зачытвала спіс парушэнняў, якія, на думку дзяржаўнага абвінавачання, здзейсніў Яроменак.
 
 
 
Уладзімір Яроменак перад пачаткам працэсу. Фота Генадзя Кеснера
 
 
Ён, калі верыць пракурорцы, 11 разоў не быў па месцы пражывання, калі да яго на кантроль прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Справа ў тым, што маладафронтавец, які 11 жніўня 2012 году быў датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ўказам Лукашэнкі (памілаванне), паводле ўмоваў прэвентыўнага нагляду мусіў знаходзіцца па месцы фактычнага пражывання ад 21-й гадзіны да 6-й раніцы наступнага дня, а таксама не пакідаць Мінск без дазволу адпаведных органаў.
 
 
Сам Уладзімір, які на судзе адмовіўся ад дачы паказанняў дзеля эканоміі часу, яшчэ да пачатку працэсу паведаміў, што ў той перыяд у яго памірала бабуля, якая жыве не ў Мінску, а дазвол на яе наведванне хлопцу даваць адмовіліся. Таму Яроменак быў вымушаны самавольна пакідаць сталіцу, бо лічыў свае абавязкі перед блізкім чалавекам больш важкімі і важнымі, чымся выстаўленыя міліцыяй абмежавальныя ўмовы. Дарэчы, бабуля Улада ўсё ж памёрла.
 

 

Непераканаўчыя паказанні

 
 
Сведкамі на працэсе выступалі былы ўчастковы (цяпер супрацоўнік прыватнага прадпрыемства “Бізнэскарнавал”) Радыён Казак і старэйшы інспектар Першамайскага РУУС сталіцы Аляксей Пяркоў.
 
 
Першы казаў, што некалькі разоў наведваў кватэру, дзе пражываў Яроменак, але там яго не было, бо дзверы ніхто не адчыняў. Прычым, сам экс-міліцыянт вылучыў версію, што чалавек мог і не пачуць грукатанні ў дзверы ці званок у выпадку, калі слухаў музыку праз навушнікі.
 
 
Другі распавядаў, што сам наведваў кватэру Яроменкі з тым жа вынікам. Але праз пытанні адваката стала вядома, што не кожны раз сам Пяркоў ездзіў да Яроменка, але гэта рабілі іншыя міліцыянты, якія потым пісалі адпаведныя рапарты. Так што паказанні сведкаў прысутных ні ў чым не пераканалі.
 

 

Дзіўныя дакументы

 
 
Але самае цікавае тычылася дакументаў, што да цяперашняй крымінальнай справы Яроменка. Справа паводле артыкула 421 КК РБ была заведзеная супраць Уладзіміра 24 мая 2013 года. Прынамсі, гэтым днём датавана адпаведная пастанова. Але абаронца актывіста звярнула ўвагу суда на той факт, што міліцэйскія пратаколы, якія леглі ў аснову крымінальне справы, былі афіцыйна зарэгістраваныя толькі 27 мая. А гэта ёсць вельмі сур’ёзным парушэннем Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
 
 
Апроч таго, у дачыненні да Яроменка было выкарыстана так званае «паскоранае следства». Па словах адваката, яно, па-першае, не магло адбывацца, бо Яроменак не прызнаў сваёй віны (паскоранае следства прымяняецца толькі ў дачыненні да асобаў, якія прызналі віну).
 
 
Па-другое, нават калі прыняць да ўвагі паскоранасць следства, то яно магло цягнуцца не больш за 10 дзён, альбо працягнута да 15 дзён. Але ніякіх дакументаў пра тое, што следства мае быць працягнутае, у матэрыялах справы няма. Хоць гэтае самае следства цягнулася больш за два месяцы. Ужо толькі гэтыя абставіны, заявіла адвакат, вымушаюць суд прыняць пастанову аб спыненні крымінальнай справы і апраўданні Яроменка.
 
 
У сваю чаргу, дзяржаўная абвінаваўца запатрабавала для Уладзіміра шэсць месцаў арышту. Які прысуд Уладзіміру напіша суддзя Леанід Ярмоленкаў, стане вядома ў першай палове аўторка, 20 жніўня.

Каментаваць