У пятніцу суд над Ірынай Халіп

19 ліпеня ў 9.30 у судзе Партызанскага раёна Мінска абдудзецца разгляд справы вядомай беларускай журналісткі, жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Ірыны Халіп.



Ірына Халіп з мужам і сынам. Фота www.newsru.com


Суд мае вырашыць, ці застанецца Ірына Халіп на волі пасля вынесенага ёй два гады таму прыгавору з адтэрміноўкаю выканання.

Ірына Халіп паведаміла «Новаму часу», што яе справу будзе разглядаць суддзя па прозвішчы Шаграй. Працэс будзе праходзіць у будынку Дома правасуддзя па вуліцы Сямашкі, дзе знаходзіцца ў тым ліку і суд Партызанскага раёна сталіцы.

Нагадаем, што Ірына Халіп разам з мужам Андрэям Саннікавым была затрыманая пасля разгону сілавікамі дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ноч з 19 на 20 снежня 2010 года. Журналістку спачатку абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, Ірына працяглы час знаходзілася ў следчым ізалятары КДБ («амерыканцы»). Потым гэтае абвінавачванне перакваліфікавалі ў арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

11 студзеня 2011 году праваабарончая арганізацыя Amnesty International (Міжнародная амністыя) прызнала Ірыну Халіп вязнем сумлення разам з яшчэ чатырнаццаццю беларускімі актывістамі і журналістамі, якія пацярпелі ў выніку Плошчы і апынуліся за кратамі.

16 траўня 2011 году Ірына Халіп была прыгавораная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання прысуду на два гады.

Каментаваць