У пошуках аўтара пераможнага сцэнару

Мяркую, чытачам «НЧ» знаёмы дзіцячы вершык пра котку, якой пашчасціла патрапіць у палацы англійскай каралевы. Гэты шэдэўр народнай паэзіі я рэгулярна ўзгадваю, калі чытаю палітычную публіцыстыку, бо кожны аналітык, быццам персанаж вершыка, глядзіць на свет праз прызму ўласнага жыццёвага досведу і сваіх ведаў (аўтар гэтых радкоў таксама не выключэнне). У выніку кожны заўважае толькі сваю «мышку» на беларускім палітычным дыване.

У кожнага свае «мышы»



Мяркую, чытачам «НЧ» знаёмы дзіцячы вершык пра котку, якой пашчасціла патрапіць у палацы англійскай каралевы. Гэты шэдэўр народнай паэзіі я рэгулярна ўзгадваю, калі чытаю палітычную публіцыстыку, бо кожны аналітык, быццам персанаж вершыка, глядзіць на свет праз прызму ўласнага жыццёвага досведу і сваіх ведаў (аўтар гэтых радкоў таксама не выключэнне). У выніку кожны заўважае толькі сваю «мышку» на беларускім палітычным дыване.

У кожнага свае «мышы»

Возьмем, да прыкладу, артыкул Валерыя Карбалевіча «Паражэнчы сіндром апазіцыі», апублікаваны нядаўна ў газеце «Свободные новости плюс». З кожным яго абзацам я асабіста магу пагадзіцца. На першы погляд, бясспрэчнай падаецца і заключная выснова аўтарытэтнага ў Беларусі палітолага: «Пераможны сцэнар магчымы толькі пры ўмове, калі большасць апазіцыі аб’яднаецца вакол адзінага кандыдата, які павінен з’явіцца за некалькі месяцаў да выбараў. Збор подпісаў за двух, трох і больш прэтэндэнтаў — гэта безумоўны шлях да паразы».

Не, я не супраць «адзінага кандыдата». Супольна і бацьку лягчэй біць. Ісціна гэта вядомая не толькі палітолагам. Дык у чым жа тады пытанне? Калі сур’ёзна, то пытанне ў мадэлі. У тэарэтычнай мадэлі, на якую абапіраецца — свядома або неўсвядомлена — Валерый Карбалевіч, калі аналізуе бягучыя падзеі. Дарэчы, і сам адбор падзей для наступнага аналізу не ў апошнюю чаргу абумоўліваецца абранай мадэллю.

У дадзеным выпадку выкарыстоўваецца класічная заходняя мадэль, паводле якой палітычны працэс зводзіцца да супрацьстаяння ўлады і апазіцыі. Канал «Еўраньюс» практычна штодня дае нам магчымасць назіраць за падобным супрацьстаяннем, што адбываецца ў краінах, якія знаходзяцца заходней «геаграфічнага цэнтра Еўропы». Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што на нашых абшарах узнікае не толькі патрэба, але і здольнасць аналізаваць айчынныя падзеі ў рамках імпартнай мадэлі.

Наколькі такое запазычанне прадуктыўна? Практыка — крытэр ісціны, а таму прапаную асэнсаваць памятныя яшчэ шмат каму падзеі гарбачоўскай перабудовы ў тэрмінах супрацьстаяння ўлады і апазіцыі. Такім чынам, з аднаго боку мы маем уладу ў асобе партыйна-гаспадарчай наменклатуры. У яе руках засяроджаныя практычна ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны, якія яна шчодра выдаткоўвае на захаванне ўласнай бяспекі. А што мы маем з іншага боку? Групу дысідэнтаў, раскіданую да пачатку перабудовы па месцах «не такіх аддаленых». Прызнаюся, асэнсаваць падзеі, якія адбыліся амаль дваццаць гадоў таму, у пазначаных вышэй тэрмінах асабіста я не ў стане, ды і пра чыесьці ўдалыя спробы такога асэнсавання мне не вядома.

Аднак адмаўляць факт перабудовы бессэнсоўна. Літаральна за некалькі гадоў маналіт улады рассыпаўся, і гэта быў не першы маналіт, лёс якога апынулася настолькі сумным. У лютым 1917 года гісторыя развівалася па аналагічным сцэнары. Улада Раманавых, якія адзначылі за некалькі гадоў да згаданых падзей трохсотгоддзе свайго знаходжання на расійскім троне, нечакана апынулася «ў брудзе».

Беларускія арцяковы

Беларуская ўлада, як і яе савецкая ды дасавецкая папярэдніцы, пабудавана па вертыкальным прынцыпе. Строга кажучы, усярэдзіне «вертыкалі», нягледзячы на вялікую колькасць узроўняў, суб’ектам з’яўляецца толькі адзін чалавек, і ўсе мы ведаем, як яго называюць. Але гэта ў ідэале, на практыцы ж кожны чыноўнік лічыць, што ў яго ёсць права на ўласныя інтарэсы, якія ён рэалізуе праз службоўцаў ніжэйшых узроўняў. Такім чынам, «вертыкаль» улады, створаная з мэтай рэалізацыі інтарэсаў аднаго чалавека, на справе робіцца «вертыкаллю» прыватных інтарэсаў усёй сукупнасці чыноўнікаў, якія яе складаюць. Неадпаведнасць паміж мэтамі, першапачаткова задэклараванымі яе галоўным архітэктарам, і мэтамі рэальнымі, складае сутнасць «палітычнага» працэсу ў такіх іерархічных сістэмах.

Вось прыклад, які я запазычыў у расійскага эканаміста Міхаіла Хазіна: «Губернатар Арцякоў, які з’яўляўся старшынёй Рады дырэктараў «Аўтаваза», задэклараваў ледзь не паўтара мільярда рублёў у 2006 годзе, калі ён быў старшынёй Рады дырэктараў. Цяпер ён губернатар Самарскай вобласці. Паўтара мільярда — гэта больш, чым сярэдні заробак на «Аўтавазе», у 100 тысяч разоў».

Спадзяюся, чытачам «НЧ» вядома, што «Аўтаваз» акрамя страт нічога дзяржаве не прыносіць. Расійскі ўрад для яго выратавання вымушаны то падвышаць мытныя пошліны на імпартныя аўтамабілі, то звяртацца да непасрэднай фінансавай падтрымкі хілага аўтагіганта. Усё гэта не перашкаджае групе вышэйшых менеджэраў (якія прызначаюцца, дарэчы, дзяржавай) фактычна выводзіць актывы з кампаніі. Паўтара мільярда Арцякова — гэта яго законная ўзнагарода, але дзе гарантыя, што гэтай сумай справа і абмежавалася?

Аднак вернемся ў Беларусь. Тэма змагання з карупцыяй зноў робіцца папулярнай у рэспубліцы, што сведчыць пра рост «эканамічнай» актыўнасці айчынных паслядоўнікаў самарскага губернатара. Гэту актыўнасць фіксуюць і іншыя назіральнікі. У прыватнасці, па дадзеных аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі «Transparency International», па Індэксу ўспрымання карупцыі Беларусь з 36-га месца ў 2002 годзе перамясцілася на 151-е ў 2006-м. Дынаміка ўражвае!

Эканамічная функцыя «вертыкалі» ўлады заключаецца ў канцэнтрацыі рэсурсаў з мэтай іх далейшага пераразмеркавання. Раскраданне рэсурсаў арцяковымі — гэта плата, якую адзіны суб’ект «вертыкалі» вымушаны плаціць ім у абмен на палітычную лаяльнасць. Пакуль рэсурсаў хапае, «вертыкаль» здольная функцыянаваць дастаткова эфектыўна, але карціна рэзка мяняецца ва ўмовах дэфіцыту.

Варта адзначыць, што прычыны, якія спрыяюць узнікненню дэфіцыту рэсурсаў, разнастайныя, але ўнёсак арцяковых на ўсіх стадыях развіцця «вертыкалі» заўсёды значны. У пэўны момант арцяковы могуць выйсці з-пад кантролю, як гэта адбылося ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў СССР, і тады маналіт улады рассыпаецца.

Працэс пайшоў або яшчэ не?

Паводле афіцыйнай версіі, абвешчаная ў канцы 2008 года лібералізацыя абмяжоўваецца ў Беларусі выключна эканамічнай сферай. І сапраўды, уявіць сабе, што цяперашняя ўлада з яе пятнаццацігадовым досведам, у тым ліку і сілавога ўціску апанентаў, пойдзе на палітычную лібералізацыю, даволі цяжка. Практычна гэтак жа цяжка, як у свой час выказаць меркаванне, што савецкая ўлада можа дапусціць галоснасць і шматпартыйнасць.

Чаму ж савецкая ўлада на гэта пайшла, хто яе прымусіў здзейсніць такі неабдуманы крок? Крыніцы вонкавага ціску на ўладу, як ужо адзначалася вышэй, на той момант у краіне адсутнічалі, але такія крыніцы паўсталі ў асяроддзі самой улады. Ва ўмовах дэфіцыту рэсурсаў, які ўтварыўся не ў апошнюю чаргу з-за больш чым шасцікратнага падзення цаны на нафту, «вертыкаль» раскалолася, што прывяло да абвальвання складанай сістэмы ўзгаднення інтарэсаў карпаратыўных і тэрытарыяльных эліт велізарнай краіны. Пачаўся час арцяковых (новых рускіх, беларусаў і г. д.). Перад імі расчынілася «акно магчымасцяў», і яны пачалі адкрыта канвертаваць свае ўладныя статусы ў фінансавыя і прамысловыя актывы.

Іншымі словамі, механізм трансфармацыі савецкай сістэмы стаў механізмам яе развалу. Ва ўмовах, калі ўлада і ўласнасць існуюць як сіямскія двайняты, страта «вертыкаллю» кантролю над уласнасцю аўтаматычна прывяла і да страты ўлады. Моцны аўтарытарызм трансфармаваўся ў слабы аўтарытарызм. Палітычныя рамантыкі прынялі яго за слабую дэмакратыю і пачалі тэарэтычныя спрэчкі з нагоды «кропкі незвароту», маўляў, яна ўжо пройдзеная або яшчэ не.

У Беларусі такія спрэчкі спыніліся даволі хутка. У 1996 годзе рассыпаная «вертыкаль», падобна да кіношнага тэрмінатара, зноў сабралася, але гэта не быў дакладны клон савецкага папярэдніка (як той, у сваю чаргу, не быў дакладным клонам «вертыкалі» Расійскай імперыі). У Расіі ж, з улікам яе маштабу, працэс «зборкі» зацягнуўся, што дазваляла беларускім лібералам яшчэ колькі гадоў мець надзеі з нагоды дэмакратычнага ветру з Усходу.

Дык пачалася ў Беларусі лібералізацыя ці яшчэ не? Адказ залежыць ад тэарэтычнай мадэлі, якую мы выкарыстаем для разумення таго, што адбываецца. У рамках мадэлі супрацьстаяння ўлады і апазіцыі варта даць адназначна адмоўны адказ. Калі ж пад лібералізацыяй на дадзеным этапе разумець пашырэнне магчымасцяў наменклатуры прыватызаваць прыбытак і нацыяналізаваць страты, то працэс гэты набірае абароты, і даволі імкліва. Ці стаў ён незваротным? З такой высновай, напэўна, варта пачакаць, але ва ўмовах сусветнага крызісу зменшыць апетыты беларускіх арцяковых у галоўнага айчыннага «вертыкальшчка» засталося зусім мала часу.
 

Каментаваць