У Сахараўскім цэнтры адбываецца развітанне з Нямцовым (відэа)

Расійскі апазіцыйны лідар Барыс Нямцоў, забіты ў цэнтры Масквы, будзе пахаваны сёння на Траякураўскіх могілках расійскай сталіцы



Грамадзянскае развітанне праходзіць у Сахараўскім цэнтры Масквы 10 да 14 гадзін (па маскоўскім часе), пахаваюць палітыка на Траякураўскіх могілках у 15.30 (па маскоўскім часе).

Сустаршыня апазіцыйнай партыі РПР-ПАРНАС, дэпутат Яраслаўскай абласной думы Барыс Нямцоў быў застрэлены невядомым на Вялікім Маскварэцкім мосце ўвечары 27 лютага.

Пуцін і Мядзведзеў адмовіліся ехаць на пахаванне Нямцова. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прэзідэнта не будзе на пахаванні, каб "не ствараць нязручнасці і не турбаваць гасцей". Затое памяць расійскага палітыка ўшануюць 28 паслоў Еўрасаюза.

Відэатрансляцыю з жалобнай цырымоніі вядзе "Радыё Свабода"

Крэмль зноў скарыстаўся сваім улюбёным выразам "правакацыя", каб растлумачыць забойства апазіцыйнага палітыка. Як і ў выпадку з атручэннем  Літвіненкі, які наўпрост абвінаваціў Пуціна ў сваім забойстве, Крэмль забойства Нямцова называе "правакацыяй" супраць улады Расіі, адзначае zn.ua.

Не зможа прыняць удзел у жалобнай цырымоніі, у прыватнасці, апазіцыйны палітык Аляксей Навальны, які зараз адбывае 15-сутачны адміністрацыйны арышт. У панядзелак адпусціць яго на пахаванне Барыса Нямцова адмовіўся Прэсненскі суд Масквы. Адвакат Аляксея Навальнага Вадзім Кобзеў у каментары для "Радыё Свабода" назваў рашэнне суддзі Ірыны Зубавай бесчалавечным:

Суддзя фактычна прыняла такое рашэнне на падставе таго, што ў яе недастаткова дакументаў, недастаткова доказаў таго, што Навальны з'яўляецца блізкім сябрам Нямцову. Па сутнасці, як гэта ні смешна, суддзя фактычна паказала, што мы не далі ёй даведку аб дружбе.

Не будзе на цырымоніі і спікера польскага сената Богдана Барусевіча, якому расійскія ўлады не далі дазволу на ўезд у Расію. У прэс-службе пасольства Расіі ў Варшаве заявілі, што Барусевіч уключаны ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Барусевіч павінен быў ачоліць дэлегацыю польскіх палітыкаў і дэпутатаў парламента на цырымоніі Барыса Нямцова. Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі назваў рашэнне Масквы незразумелым. Паводле яго, спікер сената — «ікона польскай дэмакратыі і змагання за свабоду», таму ён лепш за ўсё падыходзіў для таго, каб прадстаўляць краіну на развітанні з расійскім апазіцыянерам.

Не пусцілі ў развітацца з Нямцовым і дэпутата Еўрапейскага парламента ад Латвіі Сандру Калніетэ (Sandra Kalniete). У панядзелак у маскоўскім аэрапорце Шарамеццева ёй было адмоўлена ва ўездзе ў Расію. Латвійскае консульства атрымала тлумачэнне, што Калніетэ пасадзілі на наступны зваротны рэйс, паколькі яе знаходжанне ў Расіі з'яўляецца непажаданым.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус сказаў пра Барыса Нямцова: «Ён ведаў вельмі шмат і верыў у Расію. Ён казаў, што ў Расіі рэформы незваротныя, калі не пачнуць страляць. Можна забіць чалавека, але нельга забіць імкненне да свабоды».

«Гэта палітычнае забойства, гэта стрэл не толькі ў Нямцова, гэта стрэл у кожнага з нас, у дэмакратыю, у грамадзянскі мір і спакой у краіне», — адзначыў дэпутат Дзяржаўнай Думы Генадзь Гудкоў. 

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўзнагародзіў Барыса Нямцова Ордэнам Свабоды. "Ён разумеў, што без свабоднай Украіны не можа быць і свабоднай Расіі. Ён змагаўся за свабоду Украіны і за свабоду Расіі. Таму я вырашыў ўзнагародзіць Барыса Яфімавіча Ордэнам Свабоды", — адзначыў Парашэнка.

Каментаваць