У сувязі з абвалам рубля «Гавары праўду» патрабуе «тэрміновых мірных пераменаў»

Кампанія «Гавары праўду» адрэагавала на абвал беларускага рубля заявай, у якой заклікае беларускія ўлады тэрмінова пачаць перамены ў краіне.



Як адзначае грамадзянская кампанія, эканамічны крызіс развіваецца значна больш хуткімі тэмпамі, чым гэта меркаваў урад. Беларускі рубель ужо сёння, у першыя 20 дзён новага года, слабей, чым па планах парламента ён павінен быў быць у канцы года.

«Адсутнасць волі, сістэмных дзеянняў у галіне рэформаў вядзе да далейшага збяднення насельніцтва і пагаршэння сітуацыі ў краіне. Менавіта такія працэсы прывялі ў іншых краінах да ўнутраных канфліктаў. Мы ўпэўненыя, што мірныя перамены нельга адкладаць і чакаць, што ўсё само сабой вырашыцца, або што мы зноў адкладзем рашэнне наспелых ўнутраных праблем за кошт чарговага вонкавага крэдыту», — адзначаецца ў заяве.

Па меркаванні «Гавары праўду», перамены павінны быць заснаваныя на шырокім грамадскім дыялогу і ўлічваць інтарэсы людзей. Іх галоўнай мэтай павінна быць стварэнне новых магчымасцяў для людзей мець працу і годную аплату працы, а таксама годную дапамогу па беспрацоўі і гарантыю атрымання новай запатрабаванай прафесіі.

«Мы прапануем ўраду тэрмінова прыступіць да правядзення ў Беларусі рэформаў. Мы лічым, што пачаць трэба з наступных крокаў:

Неабходна адклікаць тыя рэсурсы, якія зноў накіраваны на падтрымку прадпрыемстваў-зомбі, і за гэты кошт павысіць дапамогу па беспрацоўі;

Замарозіць ўсе ініцыятывы ўлады, якія вядуць да далейшага памяншэння сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы перад грамадзянамі;

Прыбраць усе перашкоды для роўнай канкурэнцыі ў Беларусі прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці;

Стварыць фінансавы рынак у Беларусі, каб грамадзяне маглі укладваць свае рэсурсы ў развіццё беларускіх прадпрыемстваў;

Арганізаваць масавыя курсы перакваліфікацыі грамадзян і праграму падтрымкі малога бізнесу праз даступныя крэдыты;

Склікаць пазачарговую сесію парламента для кардынальнай карэкціроўкі дзяржаўнага бюджэту на 2016 год. Паменшыць выдаткі на кіраўнічы апарат і сілавы блок і выключыць выдаткі на ідэалагічную вертыкаль. За кошт эканоміі прафінансаваць праграмы, якія будуць ствараць у Беларусі новыя працоўныя месцы і забяспечваць сацыяльныя гарантыі», — прапануе «ГП».

Гэтыя дзеянні, па меркаванні кампаніі, дазволяць захаваць сацыяльныя гарантыі дзяржавы перад грамадствам і пачаць перамены ў Беларусі, якія забяспечаць эканамічны рос і ўпэўненую будучыню для беларусаў.

Каментаваць