У Тбілісі прайшоў мітынг апазіцыі супраць агрэсіі Расіі

Акцыю ў цэнтры грузінскай сталіцы на плошчы перад будынкам Дома юстыцыі арганізавала былая партыя ўлады, а цяпер апазіцыйная, "Адзіны нацыянальны рух". Па ацэнцы паліцыі, у акцыі ўдзельнічалі ад 3 да 5 тысяч чалавек.



Як заявіў журналістам адзін з арганізатараў акцыі, былы сакратар Савета бяспекі Грузіі Гіга Боркера, акцыя cкіравана і супраць палітыкі Расіі, і супраць цяперашніх грузінскіх уладаў, якія "нічога не зрабілі для супрацьстаяння расійскай акупацыі".

Падчас мітынгу грузіны рашуча выказваліся супраць агрэсіўнай імперскай палітыкі Расіі. Таксама гучала шмат слоў у падтрымку Украіны. Галоўны пасыл заключаўся ў тым, што Расія раней адабрала ў Грузіі Абхазію, і гэта сышло ёй з рук. Цяпер той жа сцэнар паўтараецца ва Украіне.

Удзельнікі мітынга асуджалі паводзіны цяперашніх уладаў дзяржавы, якія не адрэагвалі на анэксію Крыма, на развязванне вайны ва ўсходняй Украіне.

На акцыі было арганізавана відэаўключэнне з Кіева экс-прэзідэнта, лідэра партыі "Адзіны нацыянальны рух” Міхаіла Саакашвілі. Адзначу, што ўдзельнікі мітынга надзвычай прыязна віталі Саакашвілі.

"З аднаго боку ёсць Грузія, погляды якой звернутыя да Еўропы, а з другога - Грузія, якая ўзгадняе ўсе свае крокі з Расіяй", - заявіў Саакашвілі са змантаванага на плошчы перад парламентам экрана.

Ён абвінаваціў былога прэм'ер-міністра Бідзіну Іванішвілі ў кіраванні Грузіяй з-за кулісаў. "Мы павінны аб'яднацца і заявіць Іванішвілі, што грузінскі народ не падзяляе яго мару", - заклікаў былы грузінскі прэзідэнт.

Таксама падчас мітынга хвілінай маўчання грамадзяне аддалі даніну памяці Кахі Бендукідзэ – вядомаму грузінскаму рэфарматару, які нечакана памёр 13 лістапада гэтага года.

Мітынг завяршыўся пад гімн Грузіі і гімн Еўропы.

Варта сказаць, што ўдзельнікі мітынгу надзвычай эмацыйна рэагавалі  на прамовы выступоўцаў. Праслухоўванне-выкананне гімна Грузіі ўвогуле было яскравай ілюстрацыяй шчырага  парыву патрыятызму.

Паводле маіх ацэнак, у мітынгу ўдзельнічалі 5-7 тысяч грамадзян. Многія прыехалі на акцыю з рэгіёнаў. У вулічнай акцыі апазіцыі, якая стала адной з буйнейшых за некалькі апошніх год, удзельнічалі абсалютна розныя грамадзяне паводле ўзросту, полу (было шмат жанчын), дабрабыту.

Адразу ж пасля завяршэння мітынга праспект Руставелі, дзе ўсё адбывалася, быў прыбраны камунальнымі службамі – ні намёку на бязладдзе.

Ніякіх інцыдэнтаў не было адзначана, хаця расійскія СМІ пісалі пра правакацыі, якія быццам бы рыхтавала апазіцыя.

Міхаіл Саакашвілі пакінуў Грузію пасля перамогі на выбарах цяперашняга прэзідэнта дзяржавы Георгія Маргвелашвілі ў лістападзе 2013 года і з тых часоў на радзіму не вяртаўся.

У пачатку верасня гэтага года грузінскі пракуратура накіравала ў Інтэрпол дакументы на аб’яўленне ў міжнародны вышук былога прэзідэнта.


19 верасня Галоўная пракуратура Грузіі наклала арышт на маёмасць Саакашвілі і яго сям'і. На наступны дзень на ўсе банкаўскія рахункі экс-прэзідэнта таксама быў накладзены арышт.

Каментаваць