У Вільню дзеля Беларусі: візіт Рональда Пафалы

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі, федэральны міністр па асобых даручэннях Рональд Пафала 4-5 мая наведаў Вільнюс. Мэтанакіравана, каб сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай грамадскасці.



Менавіта месцам, фарматам і зместам гэты візіт прынцыпова адрозніваўся ад яго папярэдняга візіту – непасрэдна ў Беларусь, у Мінск, які адбыўся ў мінулым годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Паміж гэтымі візітамі -- невялікі прамежак астранамічнага часу, але паміж імі – прорва палітычнага часу. Гадзіннік цывілізацыйнага прагрэсу быў спынены 19 снежня 2010 г. і ў ручным рэжыме – дубінкамі на плошчы, арыштамі і судамі -- перазапушчаны ў зваротны бок. Бездань паглыбляецца. Геаграфічная мяжа  Беларусі пераўтворана ў мяжу паміж дзвюма эпохамі -- дэмакратычнай і таталітарнай. 

Жалезная заслона яшчэ не апушчана, але фільтрацыйнае санітарнае сіта ўжо ўсталявана. На абодва бакі: імянныя візавыя санкцыі (публічна агучаныя) з боку ЕС, і забарона на ўезд (па сітуацыі і адвольным выбары) з боку Беларусі.

І калі падчас візіту ў Мінск у мінулым годзе сп. Пафала, як і іншыя заходнія палітыкі, сустракаўся і з прадстаўнікамі уладаў і апазіцыі, то у Вільні ён сустракаўся толькі з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, з тымі, што засталіся на волі і не трапілі пад падпіску аб нявыездзе. У сустрэчы, у прыватнасці, прымалі ўдзел Павел Марыніч -- каардынатар грамадзянскай кампаніі, Марына Адамовіч – адна з каардынатараў ініцыятывы “Вызваленне, якая аб’яднала родных беларускіх палітычных зняволеных,  Дзяніс Садоўскі – сакратар аргкамітэта па стварэнні “Партыі  беларуская хрысціянская дэмакратыя, Аляксандар Мілінкевіч -- старшыня руху “За свабоду, Леў Марголін – намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Аляксей Янукевіч – лідэр партыі БНФ, Раіса Міхайлоўская -- праваабаронца.

Па сутнасці візіт міністра Рональда Пафалы выявіў агульныя пазіцыі ЕС адносна Беларусі. Як у іх канцэптуальным адзінстве, так і ў іх пэўных разыходжаннях. Сам факт спецыяльнай сустрэчы палітыка такога высокага рангу з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі на ўзбярэжжы рэчкі Віліі-Нярыс, – публічны сігнал, у тым ліку афіцыйнаму Мінску, аб неаслабнай увазе Германіі і ЕС да Беларусі. Своеасаблівы адказ на нічым не абгрунтаваныя спробы з боку беларускіх уладаў зрабіць яе разам з Польшчай галоўнымі ворагам Беларусі. «Беларусь у нашым разуменні,  -- акцэнтаваў Пафала, -- таталітарная, недэмакратычная сістэма, і мы ўвесь час будзем дакладна казаць пра сваю ацэнку ў адрас Аляксандра Лукашэнкі».

Федэральны міністр перадаў беларускім дэмакратам сардэчнае прывітанне ад федэральнага канцлера Ангелы Меркель, з якой ён меў адмысловую сустрэчу перад ад’ездам  у Вільню. “Для яе асабіста, -- падкрэсліў Пафала, -- вельмі важна скарыстацца ўсімі магчымасцямі для вызвалення ўсіх палітзняволеных. І дадаў: “На мінулым тыдні я размаўляў з міністрам замежных спраў Гіда Вестэрвеле на беларускую тэматыку і аб сённяшняй сустрэчы, што мела адбыцца. І федэральны канцлер і віцэ-канцлер адзіныя ў тым, што падзеі 19 снежня непрымальныя, і што мы будзем выступаць за вызваленне ўсіх палітвязняў і зняцце з іх усіх абвінавачванняў. 

Стратэгічная канцэпцыя палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі, што і засведчыў візіт міністра Пафалы ў Вільню, засталася той самай, што і да выбараў -- дапамагчы Беларусі як мага хутчэй спыніць катастрафічны спуск ў бездань эканамічнай і палітычнай самаізаляцыі і выкараскацца на шлях дэмакратычнага развіцця, уладкавання ўсебаковых стасункаў з цывілізаваным сусветам.



Гэтай жа мэце была падпарадкавана і палітыка дыялогу, які праводзіла Германія і ЕС да 19 снежня. Спадар Пафала, не лічыць, як ён адзначыў на прэсавай канферэнцыі, тую палітыку памылковай. Наадварот, яна адчыняла перад Беларуссю новыя магчымасці і рыхтавала глебу для паступовай трансфармацыі існай у Беларусі сістэмы ў дэмакратычную, што ён, як і іншыя заходнія палітыкі, імкнуўся давесці беларускаму кіраўніцтву, уключна з Лукашэнкам. Аднак надзеі на пазітыўны дыялог з афіцыйным Мінскам "былі разбітыя брутальным чынам 19 снежня".

Спадар Пафала ўзгадаў аб сваёй апошняй сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, якая адбылася паміж Калядамі і Новым годам. “Мне, -- падкрэсліў ён, -- было важна звярнуць ягоную ўвагу на вызваленне палітвязняў. Я зазначыў, што ніякіх кантактаў не будзе, пакуль не выканаюць гэтае патрабаванне. Больш ніякіх кантактаў не было.

Вызваленне зняволеных і адмену забаронаў на свабодную прэсу ён вызначыў у якасці кароткатэрміновай мэты. Паводле яго слоў, Германія будзе рабіць усё магчымае, каб падтрымаць беларускія недзяржаўныя СМІ і грамадзянскую супольнасць.

З вызначэннем жа канкрэтнай тактыкі дасягнення стратэгічных мэтаў, як можна меркаваць па выказваннях Пафалы, адпаведнай яснасці ні ў Германіі, ні ў Еўрасаюза пакуль няма. Ужо прынятыя санкцыі на дадзеным этапе разглядаюцца як дастатковыя.  «У нас застаецца, -- сказаў Пафала, -- вялікая занепакоенасць сітуацыяй ў Беларусі -- гвалт над дэманстрантамі, палітвязні. Мы ніколі з гэтым не пагодзімся. Таму былі прынятыя санкцыі, якія былі ўзгодненыя ўнутры Еўрасаюза.

Пытанне ж аб пашырэнні санкцый на сферу эканомікі, якое да выбуху у мінскім метро 11 красавіка абмяркоўвалася ледзьве не ў практычным ключы, пакуль адкладзена. “Я раздзяляю меркаванне, -- сказаў Пофала, -- што выбух у метро выкарыстоўваецца, каб узмацніць рэпрэсіі. Мы прыглядаемся да ўсіх працэсаў. Цынічна думаць, што перакваліфікацыя абвінавачвання можа прывесці да больш ліберальнай рэакцыі. Любое абвінавачванне для нас непрымальнае. Але з эканамічнымі санкцыямі, на яго погляд, трэба быць асцярожнымі, “бо гэта можа прывесці да шкоды простым грамадзянам. Трэба, каб па магчымасці людзі не пакутавалі ад санкцый і іх наступстваў. Трэба ўсё узважыць. Пры гэтым Пафала адзначыў і вялікую стрыманасць нямецкіх інвестараў, што маюць эканамічныя сувязі з Беларуссю, пасля падзей 19 снежня, “бо для іх непрымальна тое, што тут адбылося.

Федэральны міністр акрэсліў яшчэ адну праблему, якая тычыцца Беларусі і па якой Захад выходзіць на ўзгодненую пазіцыю – небяспеку будаўніцтва АЭС у Астраўцы. "Мы абмяркоўвалі заклапочанасць літоўскага ўраду ў сувязі з планамі будаўніцтва беларускай АЭС у 50 кіламетрах ад Вільні, якая, на нашу думку, не будзе адпавядаць міжнародным стандартам і патрабаванням... Федэральны канцлер і французскі прэзідэнт цяпер робяць захады ў адваротным кірунку, каб патрабаванні для такіх станцый былі яшчэ большыя".
 

Каментаваць