Удзельнічаць нельга байкатаваць

Часам ад правільна абранага месца для пастаноўкі коскі залежыць не толькі жыццё пэўнага чалавека, але і накірунак развіцця краіны.

У чарговы раз пачну з цытавання ўлюбёнага аўтара: «Говорят: самые счастливые люди — те, кто слишком занят, чтобы думать об этом. Так давайте не рассуждать, а творить свое счастье». Вось такое пажаданне асабіста я (зрэшты, як і астатнія жыхары рэспублікі) атрымаў у навагоднюю ноч.

Часам ад правільна абранага месца для пастаноўкі коскі залежыць не толькі жыццё пэўнага чалавека, але і накірунак развіцця краіны.

У чарговы раз пачну з цытавання ўлюбёнага аўтара: «Говорят: самые счастливые люди — те, кто слишком занят, чтобы думать об этом. Так давайте не рассуждать, а творить свое счастье». Вось такое пажаданне асабіста я (зрэшты, як і астатнія жыхары рэспублікі) атрымаў у навагоднюю ноч.

Дзейнічаць без развагаў — гэта наша нацыянальная забава. Вялікую частку мінулага года ўсе мы мелі магчымасць назіраць, як гэтым займаліся ўрад і Нацбанк, якія адной рукой укідвалі ў эканоміку эмісійныя грошы, а другой спрабавалі стабілізаваць курс рубля.

У свой час быў папулярны анекдот пра малпу і прапаршчыка, які заканчваўся словамі: “А што тут думаць, трэсці трэба! Я ўспомніў пра яго невыпадкова. У верасні парламенцкія выбары, і па традыцыі, што даўно склалася, апазіцыя павінна вызначыцца з фарматам свайго ўдзелу ў іх. Варыянтаў, як заўсёды, два: удзельнічаць ці не ўдзельнічаць (байкатаваць). У кожнага варыянту ёсць прыхільнікі і апаненты, якія адстойваюць сваю рацыю з перакананасцю легендарнага прапаршчыка.

“Яны ніколі не адмовяцца


Палітыка — гэта мастацтва магчымага. Такім чынам, перш чым прыняць нейкае палітычнае рашэнне, неабходна вызначыцца з гранічнымі ўмовамі. У палітыцы яны задаюцца грамадствам. Беларускае грамадства можа знаходзіцца ў двух станах: спячым і ўзрушаным. У XX стагоддзі стан узрушанасці назіраўся ўсяго тройчы: у 1905, 1917 і напачатку 1990-х гадоў.

Натуральна, што кожнаму стану павінна адпавядаць свая стратэгія апазіцыі. Гэта добра разумеў Ленін. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, большую частку свайго свядомага жыцця правадыр сусветнага пралетарыяту “барацьбой з рэжымам не займаўся. Не марнаваў ён часу і на асвету, а тым больш на агітацыю “большасці (паводле перапісу 1987 года расійскае грамадства на 87% складалася з сялян). Усю сваю энергію і інтэлект будучы кіраўнік пераможнай рэвалюцыі факусаваў на “меншасці, з прасунутых прадстаўнікоў якой ён фармаваў партыю “новага тыпу.

У тым, што выбараў у Беларусі няма, тлумачыць лідарам апазіцыі і іх патэнцыйным прыхільнікам не трэба. Гэта аксіёма. Чаму ж тады апазіцыя ўвесь час прымае ў іх удзел, і з якой мэтай улада іх арганізуе? Пачну з другога пытання.

Выбары рэгулярна праводзіліся і ў СССР. Як жа без іх! “Мы жывём, — тлумачыць амерыканскі палітолаг Фарыд Закарыя, — у дэмакратычную эпоху. Наогул, не існуе сістэмы кіравання, якая валодала б большай легітымнасцю. Па гэтай прычыне Пол Пот і кампанія, захапіўшы ўладу, назвалі сваю краіну Дэмакратычная Кампучыя. Кхмерская рэспубліка іх не задавальняла. Па ўсёй верагоднасці, палітычна нейтральная “шыльда не забяспечвала патрэбнага ўзроўню прыкрыцця палітыкі генацыду.

Гульні ў імітацыю дэмакратычных працэдур сёння шырока распаўсюджаныя ў грамадствах, якія не засвоілі ў поўным аб’ёме дзяржаўную культуру з яе абстрактнымі ўяўленнямі пра законнасць і права. Колькі б прадстаўнікі апазіцыі ні казалі пра фальсіфікацыі пры падліку галасоў, якія б прыклады ні прыводзілі, тыповы прадстаўнік “большасці будзе верыць у сумленнасць і справядлівасць выбараў.

На побытавым узроўні гэты феномен досыць дакладна перадаецца прыказкай: “Хоть плюй в глаза — все божья роса. Калі ж з побытавага ўзроўню падняцца на ўзровень “Азбукі паліталогіі, то давядзецца звярнуцца да цытавання: “Фрагментаваная свядомасць не ў стане самастойна выпрацаваць усвядомленую альтэрнатыву імітацыйна-прававой і імітацыйна-дэмакратычнай дзяржаўнасці — па той простай прычыне, што ў ёй няма крытэраў для распазнання імітацыйнасці (Ігар Якавенка, культуролаг).

У Савецкім Саюзе выбары праходзілі ў рэжыме плебісцытаў. Кандыдаты блоку камуністаў і беспартыйных у канкурэнтах не мелі патрэбы. Але час не стаіць на месцы. Сёння неабходны іншы ўзровень імітацыі, без апазіцыі тут не абысціся. Адсюль тая занепакоенасць, з якой спадарыня Ярмошына паспрабавала растлумачыць свавольным і някемлівым апазіцыянерам іх месца ў надыходзячым спектаклі: “Гэтага не адбудзецца! Ніводная апазіцыйная партыя, ніводны рух не змогуць тады існаваць далей. А не змогуць яны існаваць далей, таму што ў такім разе не будуць атрымліваць сродкі з-за мяжы “на падтрымку дэмакратыі, калі яны не будуць удзельнічаць у выбарах. Таму яны ніколі не адмовяцца.

Прыклады, абраныя выпадкова

“Сродкі з-за мяжы — важны аргумент супраць байкоту, але не адзіны. На імітацыю выбараў асобныя прадстаўнікі апазіцыі ўжо не першы год адказваюць імітацыяй свайго ў іх удзелу. Нічога новага ў гэтым няма. Асноўны механізм самаабароны савецкага чалавека, выпрацаваны за дзесяцігоддзі жыцця ва ўмовах дэмакратычнага па форме, але рэпрэсіўнага па сутнасці палітычнага рэжыму — гэта імітацыя паслухмянства. Яго сутнасць добра перадае папулярная ў савецкі час прыказка: “Дзяржава робіць выгляд, што плаціць, мы робім выгляд, што працуем. Нядзіўна, што калі савецкая дзяржава развалілася, то ахвотнікаў яе абараняць не знайшлося. Імітатары на ўчынкі не здольныя.

Але, акрамя імітатараў, у апазіцыі прысутнічае і пэўная колькасць тых, хто шчыра верыць у магчымасць дамагчыся змен праз працэдуру выбараў. “Каляровыя рэвалюцыі, справакаваныя масавымі фальсіфікацыямі падчас выбарчых кампаній, служаць ім прыкладам. Пры гэтым не бярэцца ў разлік, што для поспеху “каляровай рэвалюцыі неабходны цэлы букет фактараў, галоўным з якіх з’яўляецца раскол сярод кіроўнай эліты. Менавіта раскол на вяршыні ўладнай “вертыкалі, як правіла, служыць трыгерам, які запускае ланцужок, на першы погляд, выпадковых падзей, што пераводзяць грамадства са спячага стану ва ўзбуджаны.

Нічога такога ў Беларусі пасля 1994 года не назіралася. Але, нягледзячы на гэта, перад кожнай выбарчай кампаніяй з’яўляюцца энтузіясты, якія заяўляюць пра свае рэальныя шанцы на перамогу. У маёй кампутарнай бібліятэцы ёсць тэчка “Апазіцыя, якая змяшчае файл “Неадэкватнасць. Вось толькі некалькі прыкладаў, абраных выпадкова, без указання аўтарства:

“Калі мы разам увечары пасля выбараў выйдзем і будзем з 50 тысячамі беларусаў слухаць вынікі выбараў, то я думаю, што выбарчая камісія не будзе схільная фальсіфікаваць вынікі. Усё ж такі людзі ўжо стаміліся.

“Людзей з пратэстнымі настроямі сёння на парадак больш, чым пяць гадоў таму. А гэта азначае, што якія б лічбы ні намалявала ўлада, 19 снежня не будзе пастаўлена кропка, а ўсяго толькі коска.

“Мая задача — зрабіць так, каб узяць 25% падтрымкі дэмакратычных сіл і дадаць да іх столькі ж людзей, якія не вызначыліся і якія хацелі б змен у Беларусі.

 “Я пайду на выбарах да канца і да перамогі. Я адчуваю падтрымку людзей, адчуваю настроі ў грамадстве і ўпэўнены нават не ў тым, што мы можам перамагчы, а ў тым, што мы пераможам адназначна.

“Самае крыўднае палягае ў тым, што ў Беларусі былі ўсе гэтыя ўмовы напярэдадні выбараў 2006 года. І калі б не няўступлівасць і неразумны эгаізм дэмакратычнай кааліцыі, якая не мела перад выбарамі яркіх лідараў, з аднаго боку, і не пераацэньванне сваіх сіл “казулінцамі — з іншага, палітычная кампанія гэтага года магла б мець зусім іншыя вынікі.

Апошняе выказванне належыць не палітыку, а прафесійнаму палітолагу. Я не магу ўстрымацца ад кароткага каментара: прэзідэнцкія выбары 2006 года прыйшліся на пік рэсурсавай падтрымкі беларускай эканомікі з боку Расіі, таму не дзіўна, што ўзровень электаральнай падтрымкі “адзінага палітыка ў той год быў максімальны за ўсе гады правядзення незалежных сацыялагічных апытанняў.

У межах статыстычнай памылкі


Сярод прыхільнікаў удзелу ў выбарах ёсць і прагматыкі. Яны не будуюць напалеонаўскіх планаў, мяркуючы, што з кожнай падзеі можна здабыць некаторую карысць. Курачка па зярнятку збірае, дык чаму б не скарыстацца дадзенай тэхналогіяй? Урэшце, любыя выбары павялічваюць мабілізацыйны градус у грамадстве, грэх было б гэтым не скарыстацца для прапаганды сваіх ідэй. “Акрамя таго, — мяркуе юрыст Сяргей Балыкін, — удзел у палітычнай кампаніі трэніруе каманды кандыдатаў і мабілізуе актывістаў.

Пакінем па-за дужкамі прэзідэнцкія выбары. Гэта асобная песня. Выбары ж парламенцкія, не кажучы ўжо пра мясцовыя, даўно праходзяць у “сумным рэжыме, а таму дадатковых магчымасцяў для прапаганды кімсьці чаго-небудзь не ствараюць. Сёння ў пераважнай большасці беларусаў няма непераадольных перашкод для атрымання альтэрнатыўнай інфармацыі. Пэўныя нязручнасці, зразумела, маюць месца, але яны другасныя. Грамадства, што спіць, не спараджае попыт на інфармацыю падобнага кшталту. Праілюструю сказанае дадзенымі “Левада-цэнтра: у 1990 годзе штодня чыталі газеты 64% рускіх, а “практычна ніколі — 5%. У 2009 колькасць першых зменшылася да 11%, тады як колькасць другіх павялічылася да 20%.

А зараз зойдзем на сайт НІСЭПД. У кастрычніку 2010 года з рознай ступенню рэгулярнасць інтэрнэтам у Беларусі карысталася 38% насельніцтва старэй за 18 гадоў. Прывяду рэйтынг папулярнасці найбольш наведвальных грамадска-палітычных сайтаў: “Хартыя–97 — 0,8%, “Беларускі партызан — 0,5%, сайты палітычных партый — 0,3% (статыстычная памылка — 3%).

Што да байкоту, то, па меркаванні майго цёзкі, з яго дапамогай нельга дасягнуць ніводнай з дэкларуемых апазіцыяй палітычных мэтаў. Байкот ніяк не дапаможа палітычным зняволеным. Байкот не паўплывае на прызнанне вынікаў выбараў і дазволіць уладзе ў чарговы раз фактычна прызначыць парламент, не звяртаючыся да фальсіфікацый.

Што тут можна запярэчыць? Сапраўды, ніводнай з пералічаных вышэй мэтаў пры дапамозе байкоту дасягнуць нельга, але ж адкуль вынікае, што спіс мэтаў немагчыма пашырыць?

(працяг будзе)

Каментаваць