Улада зразумела, што не кіруе грамадскай думкай

Беларускія ўлады будуць працягваць балансаваць паміж Захадам і Усходам. Для гэтых манеўраў з’явіўся дадатковы пляц — канфлікт ва Украіне, на якім кіраўнік Беларусі спрабуе набраць дадатковых плюсаў.

 



Не самы кепскі хлопец

Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ўзброены канфлікт ва Украіне ўмацаваў беларускую сацыяльную мадэль. Нашы суайчыннікі зноў паверылі ў слушнасць беларускага вектару. Напрыклад, мінулай зімой, калі ва Украіне распачаліся падзеі на Майдане, рэспандэнты ў Беларусі заявілі, што ў іх палепшылася эканамічнае самаадчуванне, хаця аб’ектыўных нагодаў і перадумоў для гэтага не было.

«Эканамічны фактар быў доўгі час вырашальным у адносінах да ўлады, але цяпер ён не адыгрывае такой ролі. Ёсць попыт на стабільнасць, моцную руку, — распавёў пра змены ў ацэнках беларусаў палітолаг Валерый Карбалевіч падчас чацвёртага міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі. — Апазіцыя атаясамліваецца з Майданам, анархіяй, грамадзянскай вайной».

Валер Карбалевіч 

Толькі ніхто не можа спрагназаваць, наколькі стабільныя і доўгатэрміновыя гэтыя ацэнкі.

Беларускае грамадства падзеі ва Украіне ўспрымае праз прызму расійскага ТБ. Паводле сацыялагічных даследаванняў, расійскаму тэлебачанню беларусы давяраюць, бо ўважаюць яго больш прафесійным за беларускае. У выніку сакавіцкае апытанне НІСЭПД паказала, што 65,7% апытаных прызналі анексію Расіяй Крыма як "правамерную і апраўданую". 15% назвалі яе незаконнай. Пры гэтым, пераважная большасць апытаных беларусаў упэўненыя, што аналагічныя дзеянні Расіі ў Беларусі немагчымыя.

Даследчык з Віленскага ўніверсітэта Віктар Дзенісенка прадставіў матэрыялы таго, як на пачатку 1990-х гадоў расійскія СМІ рэпрэзентавалі падзеі, што адбываліся ў краінах Балтыі. Можна сказаць, што час ідзе, а метады не мяняюцца. Напрыклад, тыражаваўся міф пра невядомыя ўзброеныя фарміраванні, якія быццам бы ўдзельнічалі ў падзеях 13 студзеня 1991 года ў Вільні, калі расстралялі дэманстрантаў. Краіны Балтыі пазіцыянавалі як лінію фронту. Прымянялася аднолькавая мадэль апісання падзей, аднолькавая канва, напрыклад, для нагнятання атмасферы прымяняліся аналогіі з сапраўдным ваенным канфліктам.

Віктар Дзенісенка

Вяртаючыся да сённяшніх падзей, варта адзначыць, што апытанні грамадскай думкі паказваюць, як пад уплывам рэха ўкраінскіх падзей беларусы адхіснуліся ад Захаду. Калі б ладзіўся рэферэндум аб аб'яднанні Беларусі і Расіі, «за» прагаласавалі б 24,8%, "супраць" — 54,8% (у снежні 2013-га было 23,9% супраць 51,4%, у сакавіку 29,3% супраць 47,7%).

А пры неабходнасці выбару паміж аб'яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўрасаюз за першы варыянт сёння выказваюцца 46,9%, а за другі — 33,1% (у снежні было 36,6% супраць 44,6%, у сакавіку 51,5% супраць 32,9%). Увогуле, прыкладна 62% грамадства падтрымліваюць дзеянні Расіі. І гэта, як можна адсачыць па выказваннях першай асобы дзяржавы, не супадае з афіцыйнай пазіцыяй.

«Лукашэнка зразумеў, што ён насамрэч не кіруе грамадскай думкай. Дзеянні Расіі моцна напалохалі ўладу. Сам Лукашэнка некалькі разоў прагаварыў гэтую пагрозу абароны ад вялікага рускага свету. І ў новым ракурсе паўстала пытанне наконт расійскіх ваенных баз, у прыватнасці стварэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай авіябазы», — падкрэслівае Карбалевіч.

Канешне, Лукашэнка з яго ўменнем балансаваць і карыстацца момантам някепска сыграў на крызісе ва Украіне. Палепшыў стасункі з Захадам, ад душы прымервае на сябе ролю міратворца, штораз імкнецца падкрэсліць каштоўнасць беларускай стабільнасці.

«Лукашэнка на фоне гэтых падзей стаў выглядаць не самым кепскім хлопцам Еўропы», — рэзюмуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Цяпер Беларусь з ЕС выбудоўвае адносіны як стратэгічнае суседства і прагматычнае супрацоўніцтва. А найбольш важкая праблема ў адносінах Беларусь — ЕС палягае ва ўспрыманні Беларуссю каштоўнасцяў і ідэалаў Еўрапейскага саюза. "Уласна кажучы, гэта двухбаковая праблема, таму што абмежавальныя рашэння ЕС, якія дзейнічаюць ужо 15 гадоў, спараджаюць і рэакцыю ў адказ як у беларускім кіраўніцтве, так і ў пэўных пластах беларускага грамадства", — заяўляе кіраўнік Цэнтра вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі Андрэй Русаковіч.

Андрэй Русаковіч

"Стратэгічная дылема беларускай знешняй палітыкі выглядае так: удзел у еўразійскай інтэграцыі — заходняе партнёрства", — падкрэслівае эксперт.

Яшчэ адна праблема, на думку Русаковіча, звязаная з удзелам Беларусі ў інтэграцыйных працэсах на прасторы СНД. "Існуе, напэўна, глабальная супярэчнасць паміж завышанымі чаканнямі з боку Захаду, якія фармаваліся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, і тымі рэаліямі, якія ў цяперашні час існуюць на постсавецкай прасторы і якія сталі відавочнымі ў расійска-заходнім крызісе", — адзначае Андрэй Русаковчіч.

У Кракаве чакаюць бомбаў

Пакуль беларускія ўлады ставяць сабе плюсікі ў карму, у Еўропе ўзброены ўкраінскі канфлікт успрымаюць максімальна сур’ёзна.

«Польшчу турбуе ўкраінскі крызіс, ён збіў з панталыку польскія ўлады. У нас ці не самая высокая цана на газ у Еўропе, ёсць расійскае эмбарга на нашы тавары, а «зялёныя чалавечкі» трывожаць наш розум. Турбуе і падзенне самалёта малазійскіх авіяліній. Бо атрымліваецца, што зброя, размешчаная ў Калінінградзе, можа дасягнуць нас недзе каля Кракава», — распавядае былы пасол Польшчы ў Беларусі, супрацоўнік МЗС Польшчы Марыуш Машкевіч.

Марыуш Машкевіч і Людас Зданавічус

«Канешне, сітуацыя з бяспекай значна пагоршылася. Пазачарговыя ваенныя вучэнні, правакацыйныя палёты расійскай авіяцыі, расійскі флот… Але найперш трэба гаварыць пра злом у грамадстве і эліце. Стала зразумела, што ваенная агрэсія можа быць рэальнай, — распавядае доктар палітычных навук з Людас Зданавічус. — У Літве ўсім зразумела, як рэагаваць на ўкраінскі крызіс: Літва паслядоўна падтрымлівае Украіну, у Савеце бяспекі Еўропы рэгулярна падымаецца гэтая тэма».

Па словах Зданавічуса, цягам апошніх гадоў Літва скарачала расходы на абарону. Але гэтай вясной палітыкі прынялі рашэнне, што да 2020 года вайсковыя траты будуць павялічаныя да 2% ад ВУП, аналагічнае рашэнне было прынятае і ў Латвіі. У праекце бюджэту Літвы на наступны 2015 год расходы на абарону плануецца павялічыць на траціну, і яны дасягнуць 1,1% ад ВУП.

«NАТО, канешне, актыўна адрэагавала на гэты крызіс. І яго прысутнасць значна пашырылася ў рэгіёне: наладжаны паветраны патруль, ёсць прысутнасць амерыканскіх ваенных, вучэнні, створаныя штабы NАТО ў краінах Балтыі, дамовіліся стварыць сілы хуткага рэагавання. Дамінуе разуменне прычыны крызісу, але менш старанняў зразумець падаплёку. А гэты крызіс дае шанцы пераасэнсаваць многае, дае штуршок для знаходжання новых мадэляў», — падкрэслівае прадстаўнік Ваеннай акадэміі Літвы.

Як далёка пойдзе Пуцін?

Кіраўнік Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі мяркуе, што ў Пуціна ёсць намер умацаваць міжнародную вагу Расіі, умацаваць грамадзянскія пазіцыі, то бок падвысіць нацыянальны гонар і паказаць краінам былога СССР, дзе сіла і дзе іх месца, а таксама прадэманстраваць Захаду, што Расія зноў хацела б трымаць уладу ў рэгіёне былога СССР і атрымаць згоду на гэта.

Ян Маліцкі

Маліцкі адзначае, што, сапраўды, пасля захопу Крыма Пуцін узняўся на пік электаральнай падтрымкі — 84%. Па тэлебачанні дэманструецца, як падзеі ва Усходняй Украіне ўмацоўваюць расіян у перакананні, што Расія моцная і мае новыя імперскія магчымасці. Напалоханы такой агрэсіяй і Захад.

У кароткатэрміновай перспектыве (8–10 гадоў) можна сапраўды чакаць умацавання Расіі. Але ў доўгатэрміновай гэта, наадварот, аслабіць Расі. Прывядзе да перамен у палітычнай думцы ЕС, — мяркуе Маліцкі.

Толькі застаецца адкрытым пытанне: «Як далёка пойдзе Пуцін?»

«І адказ на яго, як у старым жарце: "З кім мяжуе СССР? — З кім захоча". Тое ж цяпер і з Расіяй. Тым больш, ніхто з моцных гэтага свету пакуль не сказаў сваё "не", — гаворыць Ян Маліцкі. — Можа быць такая ж спроба ўвайсці ў Эстонію. І калі «зялёныя чалавечкі» ўвойдуць у Тарту, Латгалію...».

Каментаваць