Улады не будуць узмацняць беларуска-расейскую мяжу

Якіх-небудзь дадатковых мер па ўзмацненні кантролю на расейскім участку дзяржаўнай мяжы не патрабуецца, гаворыцца ў адказах дзяржаўных мытнага і пагранічнага камітэтаў жыхару Магілёва Антону Касцову, паведамляе belapan.by.




Восенню Касцоў ініцыяваў на сайце petitions.by збор подпісаў за ўвядзенне мытнага і памежнага кантролю на мяжы Беларусі з Расеяй. На яго думку, адсутнасць кантролю пагражае эканамічнай і грамадскай бяспецы нашай краіны. У петыцыі прыводзіліся афіцыйныя дадзеныя МУС Беларусі, згодна з якімі больш за 60% кантрабанднага тавару паступае з Расеі. «Ценявы рынак няякаснага алкаголю («смаленай» гарэлкі) з Расеі складае ў сярэднім каля 200 мільёнаў долараў ЗША штогод у грашовым эквіваленце. Найбольш небяспечным з’яўляецца бясконцы паток нелегальных наркатычных (так званых спайсаў) і псіхатропных рэчываў з суседняй краіны», — гаварылася ў электронным звароце.

Пасля таго як петыцыю падтрымалі больш за 500 грамадзян, дакумент з подпісамі быў накіраваны ў Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў. Апошні пераправіў зварот у Дзяржаўны мытны камітэт і Дзяржпагранкамітэт. Як паведамілі ў Мытным камітэце, адсутнасць мытнай мяжы паміж Беларуссю і Расеяй не азначае бескантрольнасці ўвозу розных катэгорый тавараў на тэрыторыю нашай краіны. Так, у мэтах выканання ўскладзеных на мытныя органы задач ажыццяўляецца кантроль на асноўных аўтадарогах унутры тэрыторыі з дапамогай правядзення спецыяльных мерапрыемстваў мабільнымі групамі, якія складаюцца са службовых асоб мытных органаў, з прыцягненнем супрацоўнікаў іншых праваахоўных і кантралюючых рэспубліканскіх ведамстваў. «Мяркуем, што існуючая арганізацыя працы мытных органаў Рэспублікі Беларусь забяспечвае абарону эканамічнай бяспекі краіны ў дастатковай меры», — адзначаецца ў паведамленні.

Практычна аналагічная інфармацыя ўтрымліваецца і ў адказе з Дзяржпагранкамітэта. «Органамі пагранічнай службы ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі на гэтым участку мяжы праводзяцца асобныя мерапрыемствы, у тым ліку накіраваныя на спыненне незаконнага абароту вадкасцяў з утрыманнем спірту, зброі, боепрыпасаў, а таксама наркотыкаў. Сітуацыя, якая складваецца цяпер на дзяржаўнай мяжы з Расейскай Федэрацыяй, дазваляе выконваць ускладзеныя на органы пагранічнай службы задачы без увядзення дадатковых мер па ўзмацненні аховы мяжы на гэтым участку», — гаворыцца ў паведамленні. Акрамя таго, у ім адзначаецца, што з верасня 2014 года, згодна з указам прэзідэнта, каля мяжы з Расеяй устаноўлена пагранічная тэрыторыя. У цэлым жа па Беларусі, як адзначаецца ў лісце з Дзяржпагранкамітэта, органамі пагранічнай службы ў 2016 годзе з незаконнага абароту канфіскавана 225 адзінак рознай зброі, 6.650 штук боепрыпасаў, 0,1 кг выбуховых рэчываў, выяўлена больш за 1 кг наркотыкаў, спынена 12 фактаў незаконнага ўвозу спіртазмяшчальных вадкасцяў аб’ёмам большым за 2,2 тыс. літраў. Па гэтых злачынствах пагранічнымі органамі дазнання распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да 12 грамадзян.

Раней старшыня пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы ніжняй палаты парламента Валянцін Міхневіч паведаміў Касцову, што адсутнасць межаў паміж Беларуссю і Расеяй з’яўляецца, на думку дэпутатаў, адным з найбольш значных дасягненняў у Саюзнай дзяржаве, паколькі гэтым забяспечваецца рэальная свабода перамяшчэння для грамадзян Беларусі і Расеі, а таксама трэціх краін. «Гэта зручнасць для апошніх зусім не азначае бескантрольнасць: на тэрыторыю Беларусі і Расеі яны павінны прыбываць праз міжнародныя пункты пропуску і на падставе сапраўдных віз, пры гэтым любыя злоўжыванні досыць лёгка выяўляюцца і караюцца. Мы лічым, што існуючая ўжо практычна 20 гадоў сістэма эфектыўная, разумная і дастатковая з пункту гледжання арганізацыі бяспекі», — гаварылася ў адказе дэпутата.


Каментаваць