Улады баяцца сапраўднай мадэрнізацыі выбарчай сістэмы

У эксклюзіўным інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына выказалася на тэму змянення выбарчай сістэмы ў Беларусі. Навошта ўладам рэформы і што яны дадуць грамадству?
 



Беларускія выбары ўжо даўно сталі аб'ектам сур'ёзнай крытыкі. Пад яе прыцэлам практычна ўсе стадыі выбарчага працэсу: ад фарміравання выбарчых камісій і рэгістрацыі кандыдатаў да ўмоў для назіральнікаў і падліку галасоў.

І вось прэзентаваны пакет рэфарматарскіх планаў ад кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Ці рэальна ўлады занепакоіліся пастаяннай крытыкай на адрас выпусташаных, як лічаць апаненты, выбараў? Ці хочацца пусціць пыл у вочы Еўрасаюзу, які выступіў з ініцыятывай "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю"?

Новыя прапановы асцярожныя, але, разам з тым, досыць канкрэтныя. Таму пакінуць іх без аналізу нельга. Словы вышэйшых чыноўнікаў, сказаныя сёння ў інтэрв'ю, заўтра могуць стаць законам.


Хто зможа вылучаць кандыдатаў?

Адна з ідэй Лідзіі Ярмошынай — надзяліць рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, у склад якіх уваходзіць больш за тысячу чалавек, правам вылучаць кандыдатаў на выбарах. Кіраўнік ЦВК матывавала гэта слабасцю беларускіх партый.

Пікантнасць у тым, што норма, якая замацоўвае права грамадскіх аб'яднанняў вылучаць кандыдатаў на выбарах, ужо прапісаная ў артыкуле 69 Канстытуцыі. Аднак сама ўлада аднойчы гэта права ў іх адабрала.

Сяргей Альфер, юрыст, эксперт у галіне выбарчага заканадаўства, нагадвае: "Выбарчы кодэкс змянілі такім чынам, што пад грамадскімі аб'яднаннямі сталі разумець толькі палітычныя партыі".
І ў гэтым была свая логіка (калі вынесці за дужкі вольную трактоўку Асноўнага закона). Эксперт тлумачыць: "Грамадскія аб'яднанні па азначэнні не могуць займацца палітычнай дзейнасцю".

Такім чынам, прапанаванае цяпер "новаўвядзенне" — гэта толькі добра забытае старое.

Сяргей Альфер лічыць: "Трэба павышаць ролю палітычных партый, а не грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку, можа быць, і штучна створаных для падобных дзеянняў".

Вось тут, верагодна, і тоіцца звышзадача прапанаваных змяненняў. Паводле вынікаў вераснёвых выбараў 57% месцаў (63 мандаты) ў Палаце прадстаўнікоў дасталася прадстаўнікам адкрыта праўладнага РГА "Белая Русь". Але можна падаць такое становішча спраў больш эфектна.

Калі рэальная шматпартыйнасць уладам не падабаецца, то чаму б не стварыць пару-тройку лаяльных грамадскіх аб'яднанняў і запоўніць парламент іх вылучэнцамі?! Вось і абяцаная народу мадэрнізацыя і падобнасць палітычнай канкурэнцыі для заходняга назіральніка.


"Капіталізм на выбарах" па-беларуску

Лідзія Ярмошына таксама актыўна выступіла за больш шырокае выкарыстанне фінансавых сродкаў кандыдата, яго выбарчага фонду на ўсіх стадыях перадвыбарнага працэсу.

Сяргей Альфер лічыць гэту прапанову кіраўніка ЦВК нармальнай: "Наогул бачна, што ўзмацненне ролі выбарчых фондаў на сённяшні дзень неабходна". Такая сусветная практыка, нагадвае эксперт, ніводная дзяржава не ў стане поўнасцю плаціць за выбары.

У той жа час суразмоўца БелаПАН падкрэслівае, што і ад дзяржаўнай падтрымкі адмаўляцца нельга: "Дзяржава ў любым выпадку абавязана выдзяляць нейкі мінімум фінансавання ў выглядзе бясплатных выступленняў на радыё і тэлебачанні". Усё астатняе, паводле меркавання юрыста, кандыдат у дэпутаты павінен пакрываць са свайго выбарчага фонду.

А вось меркаванне Лідзіі Ярмошынай з гэтай нагоды: "Эфірны час трэба даваць кандыдатам іншым спосабам: толькі на дыскусіі, дэбаты, а калі хочаш выступіць асабіста — купляй за свае грошы".

Але дзе гарантыя, што дзяржаўны канал не адмовіць у эфірнымі часе? Колькі хвілін максімум дадуць кандыдату? І ці будуць аплачаныя выступленні цэнзуравацца, як гэта адбылося на апошніх выбарах з выступленнямі бясплатнымі?

Нават такая, наогул, дакладная ідэя пры "правільным" увасабленні можа стаць яшчэ адной дэкарацыяй. З аднаго боку, нібыта мадэрнізацыя выбарчай сістэмы і далучэнне да сусветнага вопыту. А з іншага — яшчэ больш жорсткі кантроль над выступленнямі кандыдатаў, толькі іншымі спосабамі.


Самая важная ідэя пакуль па-за абмеркаваннем

Са 109 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў новага склікання толькі пяць прадстаўляюць палітычныя партыі. Такога нізкага ўзроўню партыйнага прадстаўніцтва няма ні ў адной еўрапейскай краіне.

Павысіць ролю палітычных партый мог бы адыход ад мажарытарнай выбарчай сістэмы. Нават Лідзія Ярмошына адзначае, што "гэта дапаможа фарміраванню палітычнай партыйнай сістэмы".

Пагаджаецца з такой ацэнкай і Сяргей Альфер: "Увядзенне прапарцыянальнай сістэмы прывядзе Беларусь дробнай хадой на шлях больш цывілізаванага развіцця, і гэта неабходна вітаць".

Але, адказваючы на прамое пытанне аб планах яе ўвядзення, кіраўнік ЦВК заяўляе: "Не, я не прапаную рэфармаваць выбарчую сістэму, бо разумею, што трэба адштурхоўвацца ад рэальнасцяў, якія маем цяпер".

Паводле меркавання Сяргея Альфера, "існуюць пэўныя апасенні прэзідэнта адносна бескантрольных наступстваў увядзення такой сістэмы выбараў".

З'яўленне альтэрнатыўных уплывовых груп у парламенце і хоць бы імітацыйная палітычная барацьба — гэта перадумовы да дэстабілізацыі вертыкалі ўлады.

Моцныя партыі, хай нават лаяльныя першапачаткова, могуць стаць праблемай у выпадку палітычнага крызісу. Узяць хоць бы прыклад суседняй Расіі, дзе пачала дастаўляць галаўны боль Крамлю задуманая ў якасці марыянетачнай партыя "Справядлівая Расія" (свавольнага члена яе думскай фракцыі Генадзя Гудкова прыйшлося нават пазбавіць мандата).

Беларуская ўлада яўна баіцца сур'ёзных рэформ. Абвешчаная "мадэрнізацыя зверху" пакуль выглядае толькі пражэктам дэкаратыўных мер.

Каментаваць