Улады вырашылі аблегчыць працэс вылучэння лаяльных кандыдатаў, выкарыстоўваючы грамадскія аб'яднанні

Моцныя партыі, незалежна ад іх палітычных арыентацый, — камень спатыкнення для Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на паўгадовыя запэўніванні лідараў РГА "Белая Русь" аб гатоўнасці да пераўтварэння яго ў палітычную партыю, кіраўнік дзяржавы так і не даў адмашку на рэалізацыю гэтай ідэі.
 

Замест гэтага кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына прапанавала надзяліць грамадскія аб'яднанні правам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Гэта значыць, яны стануць выконваць адну з галоўных функцый палітычных партый.

Паводле слоў Ярмошынай, правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты можна надзяліць рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, у склад якіх уваходзіць больш чым тысяча чалавек.

Эксперт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер адзначае сумніўнасць гэтай ідэі.

"У цывілізаваных краінах толькі адзін від грамадскіх аб'яднанняў надзелены правам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты — гэта палітычныя партыі. Там партыі з'яўляюцца непасрэднымі суб'ектамі палітычнага працэсу, іх дзейнасць якраз і накіравана на ўдзел у выбарах і рэалізацыю праграм шляхам правядзення сваіх прадстаўнікоў у дэпутаты", — адзначае суразмоўца.

Больш за тое, падкрэслівае ён, грамадскія або няўрадавыя аб'яднанні ў замежнай інтэрпрэтацыі — структуры, якія не займаюцца палітычнай дзейнасцю, а вырашаюць свае статутныя мэты шляхам камунікацыі з дзейнымі ўладамі.

Удзел такіх аб'яднанняў у выбарах заключаецца не ў вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, а ў рэалізацыі членамі гэтых аб'яднанняў актыўнага выбарчага права. Гэта значыць у наведванні ўчасткаў і галасаванні за тую ці іншую палітычную партыю.

Поруч з даваннем права вылучаць кандыдатаў грамадскім аб'яднанням Ярмошына прапануе адмовіць у гэтым праве працоўным калектывам.

Альфер мяркуе, што поўнасцю адхіліць працоўныя калектывы ад вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ўлада ўсё ж не асмеліцца. Замест гэтага, мяркуе ён, гэта іх права будзе лімітаванае, гэта значыць стане распаўсюджвацца толькі на мясцовыя выбары, на якіх акругі невялікія, а таму працоўныя калектывы могуць мець у іх істотны ўплыў.

Разам з тым, лічыць эксперт, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты як грамадскімі аб'яднаннямі, так і працоўнымі калектывамі — гэта ўчарашні дзень.

Аднак улады кіруюцца сваёй логікай: вылучэнняў ад працоўных калектываў становіцца ўсё менш і менш, вылучэнне праз збор подпісаў забірае шмат сіл і энергіі, патрабуючы наяўнасці сур'ёзнай ініцыятыўнай групы. Як альтэрнатыва гэтаму — надзяленне грамадскіх аб'яднанняў правам вылучэння кандыдатаў.

"Не выключана, што менавіта таму і з'явілася ідэя выкарыстаць на выбарах рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, якія лаяльныя дзейнай уладзе і праз якія можна вылучыць любую колькасць патэнцыйных кандыдатаў пры мінімальнай затраце сіл", — адзначае Альфер.

Канешне, калі б "Белая Русь" прайшла этап пераўтварэння ў партыю, адпала б і неабходнасць увядзення дадатковага права вылучаць кандыдатаў. "Але ў Лукашэнкі ёсць сур'ёзная насцярожанасць адносна пашырэння ролі палітычных партый у выбарчым працэсе", — лічыць эксперт.

Улады гавораць пра мадэрнізацыю, спрабуючы, у прыватнасці, перахапіць тэзісы прапанаванага ЕС "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю", але яўна пакуль не гатовы рабіць рэальныя крокі ў гэтым кірунку. Бо ў такім выпадку закранаюцца вельмі балючыя для Лукашэнкі пытанні пераразмеркавання паўнамоцтваў.

"Паколькі ў Беларусі персаналісцкі рэжым, пераразмеркаванне паўнамоцтваў ажыццявіць цяжка", — адзначае палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Нават фармальнае пераразмеркаванне паўнамоцтваў, якое магло б адбыцца пры стварэнні правячай партыі, у нейкай меры паменшыла б уплыў Лукашэнкі.

"Ён бы прымаў рашэнні не настолькі аднаасобна, быў бы вымушаны лічыцца з партыяй, — адзначае эксперт. — Таму яму асабіста гэта не падабаецца. Лукашэнка прама ўказвае на сваю пазіцыю, наменклатура супраць яго ісці не гатова, таму і праект пераўтварэння "Белай Русі" не рэалізуецца доўгі час".

У выніку ўлады ідуць на паўмеры.

"Тое, што грамадскія аб'яднанні атрымаюць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, не зменіць сітуацыю. Якая розніца, збіралі іх прадстаўнікі подпісы, вылучаліся ад працоўнага калектыву або стануць вылучацца ад самога аб'яднання. Не прынцыпова, як ідзе вылучэнне, калі кандыдаты не маюць сваёй праграмы, не свецяцца ў СМІ і не вядуць рэальнай барацьбы за дэпутацкі мандат", — лічыць Быкоўскі.

У той жа час, упэўнены ён, пераход да выбараў па партыйных спісах змяніў бы сітуацыю кардынальна.

"Тады было б прасцей — у тым ліку правячаму рэжыму — разумець, хто свой, а хто чужы. Ва ўладаў быў бы маркер: хто ідзе па спісе "Белай Русі", той свой, астатнія — у рознай ступені чужыя. З другога боку, гэта дае і некаторыя перспектывы апазіцыі: яе электарату было б прасцей галасаваць за прадстаўнікоў апазіцыйных партый", — адзначае эксперт.

Аднак у найбліжэйшы час гэтае пытанне наўрад ці будзе вырашана: Лукашэнка не забывае сказаць, што ставіцца да партыйных спісаў адмоўна.

А вось надзяленне грамадскіх аб'яднанняў правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты можа таіць і падводныя камяні.

"Бо мяняецца сам прынцып, што такое грамадскае аб'яднанне. Многія грамадскія аб'яднанні будуць вымушаныя перагледзець свае статуты. Гэта дастаткова важны факт, бо частка з іх могуць і не прайсці перарэгістрацыю", — адзначае Быкоўскі.

Наладжанае ўладай унясенне паправак у выбарчае заканадаўства надасць паняццю "грамадскія аб'яднанні" некалькі іншы сэнс. Для ўлады выгада відавочная: рэгуляваць колькасць кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах стане значна прасцей. Але ўсе гэтыя гульні ў рэформы, мяркуюць эксперты, наўрад ці здольныя па-сапраўднаму мадэрнізаваць выбарчую сістэму Беларусі.

Каментаваць