Уладзімір Някляеў: Улады жадаюць, каб я пакінуў краіну

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, вядомы паэт Уладзімір Някляеў атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры Ленінскага раёна Мінска. Гэта вельмі трывожыць, паколькі Уладзімір Пракопавіч асуджаны на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання за падзеі 19 снежня 2010 года. Хоць сам паэт у іх не ўдзельнічаў, бо яшчэ да закрыцця выбарчых участкаў на прэзідэнцкіх выбарах быў жорстка збіты невядомымі.



Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, вядомы паэт Уладзімір Някляеў атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры Ленінскага раёна Мінска. Гэта вельмі трывожыць, паколькі Уладзімір Пракопавіч асуджаны на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання за падзеі 19 снежня 2010 года. Хоць сам паэт у іх не ўдзельнічаў, бо яшчэ да закрыцця выбарчых участкаў на прэзідэнцкіх выбарах быў жорстка збіты невядомымі.

Як распавёў Уладзімір Някляеў “Новаму часу, пракуратура папярэдзіла, што гэтая адтэрміноўка можа быць з яго знятая, а сам экс-прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы апынецца ў турме, калі ён “і ў далейшым будзе парушаць правілы паводзінаў, устаноўленыя для яго як для асуджанага.

“Апошняе папярэджанне звязана з тым, што я паехаў на Дзяды ў Крэва, на сваю радзіму. Гэта нармальная і звычайная справа, калі людзі едуць на Дзяды на магілы сваіх продкаў. Але мяне менавіта вось за гэтую паездку выклікалі і папярэдзілі, — кажа Уладзімір Някляеў. — Я ўвесь час адмаўляюся падпісваць іхныя паперы, бо не лічу сябе вінаватым, я ўвесь час кажу ім адно і тое ж, што я вольны ў сваіх дзеяннях. Я ім сказаў, каб яны займаліся тым, чым ім трэба займацца, але не займаліся лухтой. Яны гэта ўвесь час прапускаюць міма вушэй. А вось гэтае папярэджанне ёсцяка сігналам, што мяне збіраюцца рэальна, а не віртуальна, закрыць у турму. Я ім сказаў, што я як дзейнічаў як свабодны чалавек, так і буду дзейнічаць. На гэтым мы развіталіся і, што называецца, не пацалаваліся.

Сам экс-кандыдат у прэзідэнты лічыць, што гэта ёсць прафілактыка перад 19-м снежня — першай гадавінай “Плошчы.

“Дарэчы, мне ўжо даўно было сказана, што ў мяне ёсць выйсце, маўляў, вы можаце зрабіць так, каб мы не маглі да вас чапляцца, вы ж можаце паехаць не ў Крэва, а значна далей. Для іх было б вырашэннем праблемы, каб я з’ехаў куды-небудзь у Нямеччыну ці ў Амерыку, і тады б яны сказалі: ну, вось, гэта тое, чаго ён хацеў, — сесці на зялёныя даляры на беразе Атлантычнага акіяна, — адзначае паэт. — Папалохаць за тое, што я паехаў у Крэва, гэта адно. А вось пасадзіць — пры ўсім пры тым, што ў нас робіцца, гэта неяк нязручна. Праўда, пасадзіць у нас праблемы няма, бо ў нас і ні за што садзяць, але ўсе ж такі трэба скляпаць нейкую справу. А за тое, што з’ездзіў у Крэва, туды, дзе нарадзіўся, пасадзіць — дык людзі могуць не зразумець.

Па словах Уладзіміра Някляева, на яго працягваецца псіхалагічны ціск.

“Начныя праверкі, рэгулярныя адзначэнні — псіхалагічна ўсё гэта вытрымліваць даволі няпроста. Ты ў сваёй хаце бы не гаспадар: у любы час да цябе могуць прыйсці, і ты павінен адчыняць дзверы гэтым людзям у форме. Гэта, дзякуй Богу, не турма, але і не такая жытка простая ў гэтай не турме. Псіхалагічна трымаць гэта вельмі няпроста, — прызнае паэт і палітык. — Відаць, гэта ў іх ужо прапрацаваны працэс, прычым не на мне першым, бо ў іх шмат людзей, за якімі яны назіраюць. Яны праз такія напрацоўкі стараюцца давесці чалавека да якога-небудзь зрыву. Што тычыцца мяне, то яны не дачакаюцца. Мае нервы ўжо не зрываюцца. Так што не той я матэрыял для гэтых эксперыментаў.
 

Каментаваць