Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Viva Catalonia!

Тэндэнцыя супраціву еўрапейскіх народаў працэсам глабалізацыі дае надзею, што чалавецтва не страціць сябе ў сваіх адметнасцях, захаваецца ў суквецці розных культур і моў.

На пяты дзень пасля рэферэндуму ў Каталоніі Еўрапарламент прызнаў яго незаконным.

З прававога боку яно як бы так. Але...

Няма падзеі, сутнасць якой не з’іначыла б, не перакруціла б палітыка. У поўнай меры гэта датычыць рэферэндуму, на якім каталонцы выказаліся за незалежнасць. Адразу ж аказалася, што гэта пагражае цэласнасці Еўразвязу, інтэграцыйным працэсам у Еўропе, свеце — і ўвогуле незаконна, пра што ў адну дудку дзьмуць і ў Мыдрыдзе, і ў Брусэлі. Ды яшчэ палохаюць: маўляў, калі вы аддзяляецеся ад Гішпаніі, дык вам няма месца і ў Еўразвязе (дактрына Продзі, якая, дарэчы, зусім не закон).

Рэферэндум у Каталоніі вынікнуў не з палітычнай праблемы (якой па сутнасці няма) і нават не з эканамічнай (“мы самыя багатыя, а Мадрыд нас абірае”). Асноўны, стрыжневы складнік рэферэндуму — нацыянальны.

“Мы не гішпанцы! — вось што заявілі каталонцы на рэферэндуме. — У нас свая (каталанская) мова, культура, гісторыя. І мы не хочам, каб яны зніклі. А захаваць іх мы зможам толькі ў тым выпадку, калі захаваемся як каталонцы”.

Вам гэта нічога не нагадвае? Не ўзнікаюць ніякія паралелі?..

Каталонскае Renaixença (Адраджэнне) пачалося, як і ў Беларусі, у 19-м стагоддзі, пад сярэдзіну якога (у Беларусі трохі пазней) адраджэнскі рух (напачатку, як і ў Беларусі, выключна культурніцкі, літаратурны) набыў нацыянальна-палітычныя рысы. Менавіта па гэтай прычыне ў 20-м стагоддзі (з прыходам да ўлады дыктатара Франка) каталанская мова была забароненая. Закон аб яе статусе як адной з дзяржаўных моў на тэрыторыі Каталоніі быў прыняты толькі ў 1983 годзе. Можна сказаць, што з гэтага часу і пачаўся каталонскі шлях да рэферэндуму аб незалежнасці.

Замацуюцца вынікі рэферэндуму законам аб незалежнасці ці не, сама тэндэнцыя супраціву еўрапейскіх народаў працэсам глабалізацыі, якая напрыканцы мінулага стагоддзя абвешчаная магістральным шляхам чалавецтва, дае надзею на тое, што гэтае самае чалавецтва не страціць сябе ў сваіх адметнасцях, захаваецца ў суквецці розных культур, моў. І праз тое не ператворыцца у мільярды глабалізаваных, уніфікаваных, апрацаваных сродкамі масавай інфармацыі дэбілаў, якімі лёгка кіраваць адной кнопкай, чаго і дамагаецца так званая вялікая палітыка.

Вялікай палітыцы, якая нават у дэмакратычных краінах мае прыкметы імперскасці, патрэбныя як мага большыя велічыні. Вялікія тэрыторыі, дзяржавы, насельніцтвы. Карацей, кожнаму каралю — найбольшае каралеўства (праз што дэманстратыўна ігнаруе вынікі рэферэндуму гішпанскі кароль). А звычайнаму чалавеку патрэбны проста ўтульны, па-свойму збудаваны і абжыты дом. Месца, у якім свае традыцыі, памяць, культура, мова.

Між іншым, у звязку з працэсамі глабалізацыі штогод знікае ў свеце больш за 20 моў. Каталанская, як і беларуская, выйграць у канкурэнтнай барацьбе за выжыванне маюць мізэрныя шансы. Але гэта — калі не трымацца за іх. Калі не змагацца за сваю нацыянальную адметнасць, за сваю культуру, мову так, як змагаюцца за найдарагое ў жыццё.

Што і робяць каталонцы.

VIVA КАТАЛОНІЯ!

naviny.by

Абмеркаванне:

  • AS
  • 2017-10-07 11:46:31
Лічу, што кожны народ мае права на самавызначэнне і пабудову сваёй незалежнай краіны, пры ўмове, што гэты народ карэнны і спрадвечна кампактна пражывае на пэўнай тэрыторыі. Калі ж гэты народ не карэнны, а “панаехаўшы”, то ён павінен прыстасоўвацца да карэннай нацыі, паважаць мясцовую мову і традыцыі, быць часткай краіны, якая іх прыняла. Сярод сепаратысцкіх рухаў апошніх гадоў, якія мы назіраем па ўсім свеце, ёсць тыя, якія можна аднесці да першай катэгорыі (Курдыстан, Абхазія, Чачня, Шатландыя, Каталонія), так і тыя, якія адносяцца да другой катэгорыі (Крым, Данбас, Прыднястроўе, Косава). Таму кожны прэцэдэнт трэба разглядаць асобна. Універсальнай формулы ў гэтым пытанні не існуе.

Каментаваць