Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Усіх фігурантаў справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» выклікалі на допыты

Пра гэта сайту palitviazni.info  распавяла грамадскі прадстаўнік сем’яў фігурантаў «справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» Ніна Шыдлоўская.

Будынак Следчага камітэту РБ. Фота: newsbel.by


“Сілавікі пастараюцца прыгожа выйсці з сітуацыі. А што “прыгожа” для іх — тое можа быць не вельмі добра для хлопцаў”, — кажа Шыдлоўская.

Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а у чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Не так даўно старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка”.

“Наколькі мне вядома, пасля заявы Наскевіча на працягу двух дзён усіх фігурантаў “справы патрыётаў” адзін раз выклікалі на допыты, – кажа Ніна Шыдлоўская. — Складана сказаць, ці закончаць справу ў бліжэйшыя два тыдні, хаця ў нейкі бок яна павінна зрушыцца ў любым выпадку. Праўда, няма ніякай інфвармацыі з гэтай нагоды. Усё застаецца ў падвешаным стане, і куды хіснецца справа, нікому невядома”.

Са слоў суразмоўцы, дзяржаўныя органы не вельмі любяць прызнаваць свае памылкі, а таму відавочна, што будуць шукаць нейкае выйсце.

“Яны пастараюцца прыгожа выйсці з сітуацыі, — дадае Ніна Шыдлоўская. — А “прыгожа” для сілавікоў — гэта можа быць не вельмі добра для хлопцаў. Было б цалкам нармальна для любой цывілізаванай краіны прызнаць, што была памылкова ўзбуджана крымінальная справа, што памылкова затрымалі людзей… Але, на жаль, у нас на такое прызнанне спадзявацца, відаць, не даводзіцца. Таму пабачым, што зараз прыдумаюць следчыя, і ці дойдзе справа да суда”.

 

Каментаваць